ГРОДНА
Аўторак,
18 сакавіка 2025 года |
Я чытач «Слова Жыцця»

Прыемна здзівіла, што “Слова Жыцця” чытаюць розныя, але ў той жа час вельмі падобныя паміж сабой людзі. З лістоў відаць, што маладых і старэйшых аб’ядноўвае адно – вера, якая з’яўляецца мэтай кожнага свядомага хрысціяніна, і, у той жа час, сэнсавым стрыжнем выдання. Рэдакцыя таксама выказвае словы шчырай удзячнасці ўсім, хто скіраваў супрацоўнікам “Слова Жыцця” добрае слова і склаў свае віншаванні з нагоды юбілею заснавання газеты.
Усе апублікаваныя лісты адзначаны прызамі, якія ў хуткім часе трапяць да сваіх адрасатаў. Да новых сустрэч на старонках газеты!
З павагай, Рэдакцыя
†

Даведалася пра “Слова Жыцця” ад нашага мясцовага святара. Чытаю газету ўжо 2 гады. Не так даўно пачала вывучаць польскую мову і цешуся, што магу знаёміцца з цікавымі тэмамі і заахвочваць да гэтага сваю сям’ю. Я шчаслівая і ўдзячная, што ёсць людзі, якія свараюць газету, умацоўваюць нашу веру і дапамагаюць заставацца ў кантакце з Богам.

Звычайна пачынаю з прагляду фатаграфій і загалоўкаў артыкулаў. Потым чытаю рубрыку “Ад шчырага сэрца”, а затым усе артыкулы ад пачатку да канца. Цікавяць падзеі з жыцця парафіі, дыяцэзіі, а таксама прамовы Папы, арцыбіскупа і біскупаў. Агулам кажучы, чытаю ўсё. І ўсё яно цікавае ды павучальнае.
Дарагой Рэдакцыі жадаю шчодрых Божых ласкаў, адданых супрацоўнікаў і мноства ўдзячных чытачоў. Няхай Маці Міласэрнасці, якая знаходзіцца на першай старонцы “Слова Жыцця”, заўсёды будзе на чале ўсіх спраў газеты. Шчасці Божа!
Мяне завуць Яніна-Марыя Палуян. З нядаўніх пор жыву ў Доме міласэрнасці ў Каменцы (дэканат Шчучын). З’яўляюся чытачкай “Слова Жыцця” ўжо 20 гадоў. Чытаю кожны нумар ад пачатку да канца. А таксама расказваю іншым аб тым, што прачытала.
Хачу падзякаваць усім працаўнікам рэдакцыі газеты “Слова Жыцця”, дзе кожны чалавек знаходзіць для сябе шмат цікавага і карыснага. Аддзяч, Божа!

Заўсёды чытаю газету падчас адпачынку. Часта пераглядваю старыя выпускі. Выкарыстоўваючы кантэнт выдання, імкнуся евангелізаваць на працы. А працую медсястрой у дзіцячым садку.
Усім, хто ўдзельнічае ў справе выдання газеты “Слова Жыцця”, Божай дапамогі і апекі Найсвяцейшай Маці!

Часта даводзіцца чуць сярод людзей пытанні наконт таго, як маліцца, за што карае Бог... У падобных выпадках я заўсёды кажу: “Чытайце «Слова Жыцця» і будзеце ўсё ведаць. Вядома, адказаў на ўсе пытанні ў адной газеце не знайсці. Але варта чытаць яе рэгулярна і ўдумліва. «Слова Жыцця» з’яўляецца сапраўднай энцыклапедыяй хрысціянскай веры”.
Асабіста я дзякуючы Вашаму выданню больш глыбока адкрываю свае слабасці і намагаюся ісці праўдзівым шляхам да Неба. Часам выпісваю нейкія выразы з артыкулаў. З задавальненнем папаўняю свой слоўнікавы запас новымі рэлігійнымі тэрмінамі. Заўсёды бяру 2 версіі газеты. Такім чынам вучу польскую мову.
З цікавасцю чытала гісторыі касцёлаў (асабліва знаёмых мне). Па матэрыялах газеты нават зрабіла альбом “Касцёлы Ашмяншчыны”. З аповедаў пра святых упершыню пачула, што даніну пашаны св. Юзафу аддаём не толькі 19 сакавіка, але і 1 мая як рамесніку і абаронцу працоўных. І калі ў дзень яго ўспаміну хрысцілі майго ўнука Глеба, з радасцю далі яму яшчэ адно імя – Юзаф. А колькі новага я даведалася пра дзейнасць святароў езуітаў! Асабліва ў параўнанні з тым, як пра іх тлумачылася ў савецкіх падручніках. Моцны ўплыў на маю веру аказала гісторыя Плашчаніцы. А прытча-апавяданне “Пётр салдат” пра мужчыну, якому вароты ў рай адкрылі “здраваські”, што той адмаўляў, падштурхнула мяне запісацца ў Кола Жывога Ружанца.
Паважаная Рэдакцыя, даўно хацелася скіраваць Вам добрае слова, якога заслугоўваеце. Рада, што знайшлася адпаведная нагода. З вялікім задавальненнем выказваю падзяку кс. Юрыю і ўсім рупліўцам газеты “Слова Жыцця” за клапатлівую і карысную справу, якой займаецеся. Выданне ўзбагачае душу і ўмацоўвае веру. Жадаю, каб добры Бог адарыў Вас моцным здароўем і асабістым шчасцем, каб цешыліся тым дарам, якім надзяліў Бог. Ведайце, мы – чытачы – вельмі любім Вас!
P.S. Мой старэйшы ўнук зараз вучыцца чытаць, восенню пойдзе ў 1 клас. Я бязмерна рада, што ён ужо самастойна прачытаў назву Вашай газеты. Ад усёй душы хочацца, каб праз пэўны час яна стала для ўнука любімай, як і для мяне.

На фотаздымку мая ўнучка Марта са шматлікімі нумарамі, якія беражліва захоўваем у сямейным архіве. На старонках выдання заўсёды знаходзім пра што пачытаць. Пачынаем з актуальнага “Календара падзей”. Далей пераходзім па рубрыках “Ад шчырага сэрца”, “Слова для жыцця”, “Варта ведаць”, “Учора, сёння, заўтра”. З іх даведваемся шмат інфармацыі, якая хутка і ярка адлюстроўвае важныя падзеі, што адбыліся ці будуць адбывацца ў Гродзенскай дыяцэзіі і не толькі. Затым кожны выбірае сваё. Муж з дзецьмі – “Тое, што застаецца навекі” і “З жыцця Касцёла”. Мама – “На шляху да святасці”, “Выхаванне да адказнасці”. Унукі вельмі любяць рубрыку “Адпачынак са «Словам»”. Асабіста я чытаю газету ад вокладкі да вокладкі. Вельмі падабаюцца артыкулы з удзелам моладзі. Цешыць, што маладыя людзі цікавяцца Касцёлам. Пасля самыя займальныя артыкулы абмяркоўваем. Газета цалкам адпавядае нашым запатрабаванням. Спадзяёмся, яна будзе выдавацца і ў будучыні!

Дарагая Рэдакцыя “Слова Жыцця”, ад усяго сэрца дзякую за такую патрэбную газету. Жадаю ўсім супрацоўнікам моцнага здароўя, добрых ідэй і як мага больш чытачоў. Шчасці Божа!

Пачынаю чытаць газету з Евангелля, прызначанага на бягучую нядзелю, і разважання над Божым словам. Чарговая рубрыка – рэфлексія галоўнага рэдактара. Затым чытаю выказванні Святога Айца, біскупаў, святароў. Потым і іншыя артыкулы ажно да дзіцячых баек. З выдання даведваюся, у якой мясцовасці адноўлены ці пабудаваны касцёлы. Гэта асабіста для мяне самае цікавае. Даведваюся таксама пра сіноды, сустрэчы розных груп (сем’яў, святароў, манахінь, міністрантаў і інш.), пілігрымкі. Карацей кажучы, пра рэлігійнае жыццё дыяцэзіі і свету. Вельмі ўдзячны Рэдакцыі за такое цудоўнае Слова Жыцця!
Мяне завуць Данута Грынь. Жыву ў Гродне. З задавальненнем чытаю “Слова Жыцця” ад першай да апошняй старонкі, перарываючы чытанне з-за слёз. На будучае мне як чытачу было б цікава даведацца пра святых мучанікаў. Хацелася б таксама бліжэй пазнаёміцца з кс. прэлатам Юзафам Трубовічам, а. прафесарам Андрэем Шчупалам CSsR, кс. Максімам Бачарнікавым, а. Раманам Цесляком CSsR. Гэта незвычайныя асобы, якія служаць Богу і людзям, не шкадуючы сіл і здароўя. А яшчэ я была б удзячная за размяшчэнне на старонках газеты анонсаў канцэртаў сакральнай музыкі ў святынях горада. Музыка – гэта “доктар”, які зажыўляе душэўныя раны...
Вялікі дзякуй за газету, за цікавыя артыкулы на розныя рэлігійныя тэмы, тлумачэнні і настаўленні. Дзякуй рэдактару кс. Юрыю Марціновічу, Ангеліне Пакачайла, Кінзе Красіцкай, Юрыю Лавышу і іншым супрацоўнікам рэдакцыі. Асобны дзякуй за родную польскую мову, якой, на жаль, амаль не чуваць у каралеўскім горадзе Гродне. Няхай Пан Бог беражэ Вас, дарагія мае людзі. Здароўя Вам і блізкім. Няхай сэрцы поўняцца любоўю, міласэрнасцю, радасцю і верай. Усяго найлепшага! Шчасці Божа!
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 289 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.