ГРОДНА
Нядзеля,
21 красавіка
2024 года
 

Божая міласэрнасць і сумленне чалавека

На шляху да святасці

“Прамаўляю да грэшнікаў праз згрызоты сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і навальніцы, прамаўляю праз голас Касцёла, а алі яны адрынуць усе Мае ласкі, пачынаю злавацца на іх, пакідаючы іх у спакоі, і даю ім тое, чаго прагнуць”.    

(Дз. 1728)

Касцёл шмат гаворыць пра Божую міласэрнасць, заклікае чалавека вярнуцца да любячага Айца. Неабходнасць навяртання здаецца справай відавочнай, а сам працэс навяртання – простым: трэба кінуцца ў абдымкі Айца, як блудны сын, і прыняць Яго прабачэнне. Але гэты крок, які на першы погляд уяўляецца такім лагічным і лёгкім, на практыцы аказваецца неверагодна складаным. Чаму?

    Ігнараванне грахоў
    Сёння многія вернікі ўспрымаюць грахі, нават такія цяжкія, як сужыццё перад шлюбам ці перарыванне цяжарнасці, чыста тэарэтычна (накшталт “так, ведаю, што гэта грэх”), але зусім не перажываюць з-за іх. Малітва асобы, якая так паступае, падобна на малітву фарысея з евангельскай прытчы: “Езу, вазьмі мае грахі на сябе! Але гэта дробязь, таму што я добры і высакародны чалавек.
    Не такі, як той, у якога няма аніякіх вартасцей!”. Хто думае падобным чынам, ігнаруе ўласныя грахі і праз гэта закрывае перад сабой дарогу да Божай міласэрнасці.
    Для таго, каб выйсці насустрач Айцу, неабходна стаць у праўдзе, назваць рэчы сваімі імёнамі, прызнаць асабістыя грахі і ўзяць на сябе адказнасць за іх. Толькі той, хто шакіраваны сваёй грэшнасцю, пачынае прасіць Езуса, каб узяў адказнасць за яго падзенні, таму што не можа самастойна справіцца з імі. Без гэтага кроку немагчыма даручыць сябе Хрысту. Без усведамлення цярпенняў і мукі Езуса, якія неабходны для майго збаўлення, нельга скарыстаць з Божай міласэрнасці. Няма пачуцця граху і раскаяння – няма міласэрнасці.
   
    Людскі самападман
    Евангелле перадае, што Езус няспынна разбураў чыста чалавечыя падманныя погляды сваіх суайчыннікаў, выкрываў эгаістычныя мадэлі мыслення фарысеяў. Можна сказаць, што падчас сваёй дзейнасці Ён нястомна фарміраваў сумленне сваіх вучняў, асабліва 12-ці Апосталаў. Усё ім дакладна растлумачваў, папярэджваў: “Глядзіце, асцерагайцеся закваскі фарысейскай і закваскі Ірада” (Мк 8, 15).
    Часам Яго словы шакіравалі вучняў, як, напрыклад, калі звярнуўся да Пятра: “Адыдзі ад Мяне, сатана, бо думаеш не пра тое, што Божае, а пра тое, што чалавечае” (Мк 8, 33). Выклікалі здзіўленне – навукі аб любові да ворагаў, падстаўленні другой шчакі, замілаванні да беднасці і крыжа.
    Езус сказаў: “Светачам цела ёсць вока. Калі ж вока тваё чыстае, то ўсё цела тваё будзе светлае. Калі ж вока тваё дрэннае, то ўсё цела тваё будзе цёмнае. Калі ж святло, якое ў табе, з’яўляецца цемрай, то якая ж цемра” (Мц 6, 22–23). Словы Пана прымушаюць сур’ёзна засяродзіцца над станам свайго сумлення.
   
    Дэфармаванае сумленне чалавека
    Людское сумленне вельмі чуллівае і крохкае. А, як вядома, тое, што далікатнае, лёгка пашкодзіць і цяжка выправіць. На фарміраванне людскога сумлення вялікі ўплыў мае сучасны свет. І калі жаданне святасці ў чалавеку вельмі маленькае, а малітва слабая, можна не заўважыць, што яго сумленне падлягае скажэнню. Вельмі лёгка сапсаваць зрок, але палепшыць яго вельмі складана, а часам нават абсалютна немагчыма – прыходзіць слепата. Невыпадкова Касцёл называе моцна дэфармаванае сумленне “асляпленнем” ці “жорсткасцю сэрца”.
    Тэолаг мараліст кс. праф. Раман Кулігоўскі параўноўвае сумленне з вокам: “Вока не стварае рэчаіснасць, а толькі чытае яе. Сумленне таксама не стварае маральную рэчаіснасць, але распазнае аб’ектыўны маральны закон, успрымае, што добрае, а што дрэннае. Гэтым законам з’яўляюцца запаведзі, навучанне Езуса Хрыста, а таксама нормы, акрэсленыя Настаўніцкім інстытутам Касцёла”.
    Катэхізіс сцвярджае: “Маральнае сумленне, прысутнае ў глыбіні асобы, у адпаведны момант наказвае чалавеку выконваць добрае, а пазбягаць дрэннага... Разважлівы чалавек, прыслухоўваючыся да сумлення, можа пачуць Бога, які размаўляе з ім” (ККК 1777). “Сумленне, становячыся перад маральным выбарам, можа выдаць правільнае меркаванне, згоднае з розумам і Божым правам, як і наадварот – памылковае, якое адрозніваецца ад гэтага” (ККК 1786). Таму перакананні, якія супярэчаць запаведзям, з’яўляюцца грахом.
   
    Голас праўды і асабістыя перакананні чалавека
    З нашага боку неабходна шмат разважлівасці і сапраўднай пакорнасці, каб умець адрозніць у сумленні голас праўды ад голасу свайго суб’ектыўнага пераканання, які, на жаль, часта памыляецца. Варта ведаць, што людское сумленне не можа быць апошняй інстанцыяй праўды і дабра, паколькі патрабуе няспыннай фармацыі згодна з вучэннем Збаўцы, які сказаў пра сябе: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6).
    Першай і апошняй інстанцыяй праўды з’яўляецца Божае слова. Да гэтай аб’ектыўнай праўды мы дастасоўваем наша сумленне.
    Прымаючы святы хрост у каталіцкім Касцёле, мы выбіраем Езуса і Яго вучэнне. Абсурдна вызнаваць веру ў Хрыста і адначасова сумнявацца ў Яго словах, ставячы над імі свае суб’ектыўныя перакананні, нават падмацаваныя індывідуальным меркаваннем уласнага сумлення. А мы ж ведаем, як часта памыляемся! Калі чалавек ацэньвае навуку Езуса і Касцёла, ён яшчэ не прызнае Бога, не верыць у Яго і застаецца па-за “зонай збаўлення”. Такая асоба давярае сабе больш, чым аўтарытэту Езуса і не прызнае ў Богу найвышэйшай Праўды і Любові. Папа Бенедыкт XVI, які выдатна ўмее распазнаць і адказаць на галоўныя праблемы сучаснасці, назваў гэта “культам суб’ектывізму”.
    Кожны з нас павінен разважыць, ці не прычыняе Хрысту пакут праз свае думкі, словы і ўчынкі, не заўважаючы гэтага. Можа, зачаста гаворым “мне так здаецца”, “я так лічу”, зусім не задумваючыся над тым, ці падабаюцца такія перакананні Богу.
   
    Права на індывідуальную ацэнку ў справах маральнасці веры?
    Індывідуалізм і “культ суб’ектывізму” сягаюць каранямі ў часы рэфармацыі былога манаха Марціна Лютэра. У гісторыі Касцёла ён з’яўляецца класічным прыкладам таго, што можа стаць з чалавекам, які суб’ектыўныя перакананні паставіць па-над навучаннем Касцёла. Лютэр браў пад сумніў Касцёл, які, дарэчы, да яго прыходу на свет на працягу 15-ці стагоддзяў быў “Касцёлам жывога Бога, стаўпом і апірышчам праўды” (1 Цім 3, 15).
    Пратэстанцкі тэолаг ХХ стагоддзя Эрнст Трольч лічыць, што менавіта Лютэр першым заявіў аб праве на індывідуальны суд сумлення ў справах веры і маральнасці, супрацівіўся Святому Айцу і аўтарытэту каталіцкага Касцёла ў імя “суб’ектыўнага пераканання”. Рэфарматару прыпісваюць барацьбу з догмамі і маральнымі нормамі каталіцкай веры, якія быццам бы знявольваюць чалавека. Эрнст Трольч казаў, што такім чынам Лютэр стварыў новую рэлігію – “рэлігію сумлення, пазбаўленую дагматычнага прымусу”. Наколькі важнай для яго была інстанцыя індывідуальнага сумлення сведчаць прамоўленыя перад імператарам у 1521 годзе ў Вормсе словы: “Я не адклічу сваіх тэзісаў, пакуль не буду перакананы ў сваім сумленні, што памыляюся”.
    Пастава Лютэра, якой бы высакароднай і прывабнай не здавалася нам у дадзены момант, не павяла яго, аднак, па дарозе святасці. Тыя, каму вядомы далейшы лёс манаха, здзіўлены і шакіраваны некаторымі яго ўчынкамі. Дастаткова прыгадаць хаця б аб жаніцьбе Марціна Лютэра з манахіняй Катарынай фон Бора ці аб наказах крывавага падаўлення сялянскага паўстання... Іншы пратэстанцкі тэолаг Карл Хол піша, што Лютэр, ствараючы “рэлігію індывідуальнага сумлення”, быў перакананы ў аб’ектыўным характары ўласнага сумлення. Пад канец жыцця манах пісаў: “Я не згодны, каб мая навука падлягала чыйму-небудзь асуджэнню, нават анёльскаму. Хто не прымае майго вучэння, не можа дайсці да збаўлення”. Навошта так шмат пра Марціна Лютэра? Для праўды і ўсведамлення: каб маглі распазнаць, што нас вядзе і да чаго можа давесці.
   
    Абуджэнне сумлення
    Здаецца, што “асляпленне”, “жорсткасць сэрца”, “непарушнасць індывідуалізму сумлення” і “культ суб’ектывізму” сёння дасягаюць вяршыні. Беспадстаўнае абвінавачванне бліжняга і трыванне ў гэтых памылках на працягу гадоў, ашукванне падчас разліку, не аддаванне даўгоў, парнаграфія і іншыя распусныя грахі, разводы і адмова плаціць аліменты, балючае надакучванне бліжнім словам і ўчынкам – усё гэта можа здзіўляць і выклікаць абурэнне ў акружаючых, а чалавек, які так жыве, спакойны і ўпэўнены, што мае рацыю. Многія рэагуюць гневам і агрэсіяй на любыя спробы абудзіць іх сумленне, што сведчыць аб глыбокай закасцянеласці і закрытасці на Божую міласэрнасць.
    “Прамаўляю да грэшнікаў праз згрызоты сумлення, праз няўдачы і цярпенні, праз буры і навальніцы, прамаўляю праз голас Касцёла...” (Дз. 1728), – сказаў Хрыстос св. Фаустыне. І таму спробы абуджэння сумлення, вяртанне да праўды з лабірынтаў мыслення “чыста па-людску”, “па-мірску”, а можа нават часам “па-д’ябальску” з’яўляюцца для нас вялікай ласкай. Гэта неабходна! Мы павінны быць удзячныя Стварыцелю і людзям, якія ў Яго імя робяць заўвагі адносна нашых учынкаў не з-за злога намеру, але для таго, каб мы маглі скарыстаць з Божай міласэрнасці. На жаль, гэта балюча, аднак такі боль бласлаўлёны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  255

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.