ГРОДНА
Панядзелак,
02 снежня
2024 года
 

Вялікдзень – найстаражытнейшае і найважнейшае хрысціянскае свята

Хрысціянскія традыцыі

Уваскрасеннем Пана з мёртвых быў здзейснены подзвіг выратавання чалавецтва, прымірэнне людзей са Стварыцелем. А гэта аснова веры, першая і самая галоўная ісціна, якая сімвалізуе перамогу жыцця над смерцю, адраджэнне і абнаўленне духоўнага свету чалавека. У гэты дзень вернікі святкуюць сваё адкупленне і магчымасць асягнення вечнага шчасця, што было здабыта коштам крыжовай смерці і змёртвыхпаўстання Збаўцы.
    Некалькі слоў пра тое, як сёння хрысціяне адзначаюць галоўную ўрачыстасць і якія сярод вернікаў існуюць традыцыі, звязаныя з гэтым днём.

    Навошта фарбуем яйкі?
    Згодна са старажытным паданнем, Марыя Магдалена адправілася ў Рым, каб прапаведаваць Евангелле. Яна прыйшла да імператара Ціберыя і прынесла яму ў падарунак яйка. Гучна вымавіла: “Хрыстос уваскрос!”. Манарх запярэчыў, што чалавек не можа ўваскрэснуць, як не можа гэтае белае яйка стаць чырвоным. Тое адразу стала ружавець, а паступова зрабілася ярка-чырвоным. Пасля гэтай падзеі імператар прыняў хрост. З тых часоў на знак несмяротнасці жыцця вернікі фарбуюць яйкі.
    Лічыцца, што самы адпаведны колер – чырвоны, бо ён сімвалізуе пакуты і кроў Збаўцы. Аднак у хрысціянскай традыцыі выкарыстоўваюцца і іншыя. Акрамя таго, велікодныя яйкі часта размалёўваюць і аздабляюць.
    Да ўвагі! У якасці ўпрыгожання на яйках могуць змяшчацца налепкі з абразамі. Чысцячы пачастунак ад шкарлупіны, іх неабходна акуратна садраць і спаліць. Парваць і выкінуць выявы Езуса і святых – грэх святатацтва.
   
    У чым сутнасць валачобнай традыцыі?
    Звычай абыходзіць двары на Вялікдзень мае старажытныя карані. З даўніх часоў па вёсках і гарадах ходзяць так званыя валачобнікі і спяваюць песні, у якіх славяць уваскрасенне Хрыста. Гаспадары, у чый дом завіталі з Добрай Навіной, частуюць гасцей рознымі прысмакамі. Традыцыя дазваляе раздзяліць радасць ад урачыстасці з бліжнім.
    Валачобны звычай на тэрыторыі Беларусі найбольш распаўсюджаны ў цэнтральнай і паўночна-заходняй частцы краіны. Амаль не сустракаецца на Палессі.
   
    Чаму даты Вялікадня ў католікаў і праваслаўных звычайна адрозніваюцца?
    У літургічным календары свята Уваскрасення Пана рухомае. Для вылічэння даты ўрачыстасці праваслаўная Царква карыстаецца старажытным юліянскім календаром, а каталіцкі Касцёл – грэгарыянскім, на які перайшоў у XVI стагоддзі (стрэлкі гадзінніка былі пераведзены на 10 дзён наперад, каб зрушыць раўнадзенства на ранейшую дату). І таму толькі ў 30% выпадкаў Вялікдзень у вернікаў розных канфесій выпадае на адзін дзень. У астатні час свята ў католікаў надыходзіць раней. Розніца ў часе можа даходзіць да месяца.
    Як паведамляюць італьянскія СМІ, Папа Рымскі Францішак выказваўся аб тым, што Касцёл можа пераглядзець метад разліку даты Вялікадня, каб хрысціянская супольнасць святкавала ўрачыстасць Уваскрасення Пана ў адзін дзень. Пакуль што праваслаўныя і католікі маюць адзіную Пасху толькі ў Фінляндыі. Там гэта свята адзначаецца па заходнім календары на афіцыйным узроўні.
    У бягучым годзе ўсе хрысціяне свету сустракаюць Вялікдзень разам 16 красавіка. Наступны раз свята ў католікаў і праваслаўных прыпадае на адзін дзень 20 красавіка ў 2025 годзе.
   
    У Вялікдзень важна адкрыць сваё сэрца для Бога і бліжняга. Па прыкладзе Збаўцы атуліць цяплом і клопатам іншых людзей, а асабліва тых, хто мае патрэбу ў дапамозе і спагадзе. За падарункамі і пачастункамі варта не згубіць сапраўдную радасць Вялікадня, якая грунтуецца на трыумфе непераможнага Бога.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  30

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.