ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Глыбей увойдзем у таямніцу Пасхі

Слова рэдактара

 Пальмовая нядзеля з’яўляецца пачаткам Вялікага тыдня і прадвесцем надыходзячых Велікодных свят. Перад намі выключны час, глыбокае перажыванне якога дазволіць адкрыць сэнс жыцця, адшукаць надзею і веру. Аднак калі не будзем шчыра і з поўнай самааддачай перажываць Вялікі тыдзень, Пасха не стане для нас часам пераходу ад смерці да жыцця. Не здолеем зразумець бязмежную любоў Бога да кожнага чалавека.
    Літургія Вялікага тыдня пэўным чынам складае дарогу. Цяжка добра перажыць падзею, што знаходзіцца ў канцы шляху, калі папярэдне не прыкласці высілкі ў дарозе. Таму Касцёл заахвочвае вернікаў актыўна далучацца да перажывання гэтага часу ў духу веры, адарацыі і любові да Езуса.
Асаблівыя дні Вялікага тыдня дазваляюць спазнаць глыбокі змест, што з’яўляецца фундаментам хрысціянскай веры. У гэты час Божы Сын здзейсніў непаўторны ўчынак у гісторыі чалавецтва: збавіў кожнага з нас. Нядзеля Уваскрасення Пана з’яўляецца днём перамогі жыцця над смерцю, любові над нянавісцю, праўды над падманам. Пераможца – Хрыстос, зняважаны і адрынуты, несправядліва абвінавачаны і ўкрыжаваны, забіты і ўваскрослы.
    Чалавек, які штодзённа атрымлівае падарункі, перастае цаніць іх каштоўнасць. Асоба, якая з дня ў дзень цудоўна бавіць час, хутка перастае разумець, што значыць святкаваць. Каб адчуць клімат надыходзячай урачыстасці ва ўсёй паўнаце, трэба актывізавацца. Варта знайсці час, каб прыняць удзел у Пасхальным Трыдууме. Можа, даўжэй застацца ў касцёле, трываючы ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамантам. Можа, зрабіць першы крок і працягнуць далонь паяднання. Каб спазнаць паўнату радасці Велікодных свят, прыдасца трохі самаўтаймавання і большая порцыя малітвы.
    Трэба памятаць, што ўдзельнічаць у рэзурэкцыйнай працэсіі без папярэдняга ўдзелу ў літургіі Вялікага тыдня – гэта нібы прыйсці ў кіно на канец сеанса і ўбачыць адно шчаслівы фінал фільма. Але ж толькі перажыванне цэлай фабулы разам з галоўнымі героямі дае магчымасць зразумець усю гісторыю і адчуць сапраўдную радасць ад яе хэпі-энду.
   
     
   Дарагія Чытачы!
    У гэты асаблівы час усё гаворыць нам аб міласэрнасці. Можам упэўніцца, наколькі бязмежная любоў Бога.
    Св. Аўгусцін калісьці сказаў, што гэта любоў, якая “пастаянна рухаецца ажно да канца”. Бог сапраўды аддае нам усяго сябе, не шкадуючы ні кроплі. Дазволім жа ахапіць сябе Міласэрнасці, якая выходзіць насустрач. Не дапусцім, каб смерць Збаўцы была дарэмнай. Не будзем уцякаць ад любові. Не станем адварочвацца ад Езуса, саромецца Яго. Толькі з Ім мы выйграем усё сваё жыццё. Няхай падтрымкай для нас стануць словы Хрыста: “Будзьце адважнымі: Я перамог свет” (Ян 16, 33).
    З нагоды Вялікадня жадаю Вам шчодрых дароў ад уваскрослага Езуса, а ў першую чаргу – Божага супакою ў сэрцы і сапраўднай радасці. Бласлаўлёных свят!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.