ГРОДНА
Субота,
13 ліпеня
2024 года
 

Беларусь, крыжамі пазначаная

Хрысціянскія традыцыі

Ля прыдарожных крыжоў вернікі часта збіраюцца на супольную малітву

Вялікі пост стварае асаблівую нагоду, каб задумацца над веліччу і глыбінёй Хрыстовага крыжа. “У крыжы цярпенне, у крыжы збаўленне, у крыжы любові навука...”, – спяваем падчас бягучага літургічнага перыяду.
Адмысловая шыбеніца першых стагоддзяў хрысціянства становіцца прадметам глыбокай пашаны, таму што “вісіць на крыжы Пан, Стварыцель неба”, “Валадара ўзносяцца знамёны, таямніца крыжа блізка”. Мы з глыбокай пашанай ставімся да гэтай прылады катавання: “крыж Хрыстовы, будзь жа пахвалёны”, “крыж святы, з усяго – дрэва найкаштоўнейшае”. Крыж Езуса – крыніца збаўлення – становіцца знакам нашай веры, своеасаблівым гербам прыналежнасці да Хрыстовай супольнасці.
    На пачатку абраду хрысціянскай ініцыяцыі – падчас удзялення сакраманту хросту – святар крэсліць на лбе таго, хто мае быць ахрышчаны, знак крыжа. Пазней ён будзе спадарожнічаць хрысціяніну да канца зямной вандроўкі. Вернік будзе рабіць яго на сваім целе незлічоную колькасць разоў: “У імя Айца і Сына, і Духа Святога”. Шматкроць раскаяўшыся перад Богам, атрымае адпушчэнне грахоў праз знак крыжа, учынены далонню святара ў таямніцы паяднання (споведзі). Распяцце ўкрыжаванага Збаўцы знойдзе пачэснае месца на сцяне роднага дома. У многіх гарадах і вёсках будзе вітаць прыезджых, пастаўленае на скрыжаванні дарог; вітаць і абвяшчаць: “Тут жывуць вызнаўцы Езуса, тут жывуць католікі”.
На беларускай зямлі крыж сведчыць аб Хрыстовых каранях яе жыхароў, таму што гэты край засяляюць у пераважнай большасці вызнаўцы Езуса: праваслаўныя, католікі і пратэстанты. З часоў так званай “перастройкі” побач з праваслаўнымі прыдарожнымі крыжамі пачалі з’яўляцца шматлікія каталіцкія. Для пазбаўленых уласнай Айчыны, герба, часта нават тоеснасці прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей ён стаў знакам і бачным доказам ідэнтычнасці, асновай веры, патрыятызму, дадаваў сіл і ўпэўненасці ў перамогу даб-ра над злом. Паколькі “хто крыж разгадае, той не ўпадзе... Калі цябе пакрыўдзілі або паранілі, [...] не ўпадай у роспач, а маліся, прабачай, няхай крыж табе стане гербам...”.
 У шматлікіх вёсках крыжы ўсталяваны на пачатку і ў канцы мясцовасці    Да сёння жыве пераказ вернікаў в. Дуброўнікі (Ваўкавыскі дэканат) пра падзею, якая адбылася праз некалькі гадоў пасля ІІ Сусветнай вайны. Аднойчы туды прыбыў савецкі салдат, які, насміхаючыся з веры мясцовых жыхароў, пачаў страляць па фігуры ўкрыжаванага Хрыста. Затым у нейкай нялюдскай эйфарыі ён выбег на дарогу. Далёка адысці не паспеў: наступіў на ваенны снарад і быў разарваны на маленькія кавалкі.
    У 1950-70-я гады адбываўся паўсюдны пераслед вернікаў і планавая сістэматычная атэізацыя. Было разбурана мноства святынь: як каталіцкіх, так і праваслаўных. Некаторыя з іх былі перароблены ў музеі, склады і збожжасховішчы, што знеслаўляла іх сакральны характар. Разгарэлася барацьба і з Хрыстовым крыжом. Адпаведна падрыхтаваным групам былі даручаны злачынныя задачы, між іншым, знішчаць крыжы на могілках і скрыжаваннях, не пускаць дзяцей і моладзь да 18-ці гадоў у нешматлікія адкрытыя святыні і г. д. Некаторыя крыжы з таго часу засталіся дзякуючы таму, што былі схаваны вернікамі побач з разгалістымі дрэвамі, кроны якіх сталі своеасаблівым “ахоўным парасонам”.
    Можна прыводзіць шмат прыкладаў цудам ацалелых крыжоў і тых, што займаюць годнае месца ў шматлікіх кутках Беларусі. Гонарам і надзеяй напаўняе трыумф распяцця, якое так ахвотна носіць ля сэрца беларуская моладзь. Гэта сведчыць аб тым, што знак укрыжаванага Збаўцы глыбока ўкаранёны ў душы вернікаў. І здаецца, словы песні, якую так ахвотна спявае моладзь у Польшчы, – “Не здыму крыжа з маёй душы, не вырву з сумлення яго, бо крыж д’ябла ўшчэнт разбівае” – тут, у Беларусі, становяцца рэчаіснасцю.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  172

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.