ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Малітва з пэндзлем у руцэ

На шляху да святасці

С. Юліта Пятрова, серафітка, з нядаўняга часу служыць у парафіі Сапоцкін. У вольныя ад іншых кляштарных заняткаў хвіліны яна выразае з дрэва. На дадзены момант актыўна займаецца аднаўленнем драўляных стацый Крыжовага шляху.
Рэстаўрацыя ўдыхае
   душу ў старыя рэчы

    Першая стацыя пасля доўгіх аднаўленчых прац ужо набыла глянец і заняла сваё месца ў святыні. Цяпер вядзецца рэстаўрацыя 2-ой і 3-яй стацый. Астатнія чакаюць сваёй чаргі. “Хочацца нанова вярнуць ім жыццё”, – гаворыць манахіня.
    Сястра не ўтойвае, што на аднаўленне адной стацыі патрэбна вельмі шмат часу, бо неабходна прайсці ўсе этапы па чарзе. “Спачатку належыць старанна ачысціць драўніну ад старой фарбы машынкай і адшліфаваць усе няроўнасці. Затым ачышчанае дрэва трэба пакрыць шпаклёўкай. Чарговы этап – зачыстка наждачнай паперай. У працэсе штосьці папраўляю, выразаю дробныя элементы. Затым наношу грунт. А на канец застаецца фарбаванне. Калі займацца толькі гэтым з раніцы да вечара, патрэбна каля 3-ох тыдняў. Я ж магу прызначыць на дадзеную справу каля 3-ох гадзін у дзень. Калі б мела час, то дні і ночы прысвячала б разьбе. Яна мяне вельмі “зацягвае”: увогуле не звяртаю ўвагі на гадзіны”, – прызнаецца манахіня.

    Майстэрства – з моцнага
  жадання тварыць

    Акурат гэтаму мастацтву – разьбе па дрэву – ніхто с. Юліту не вучыў. Уменне прыйшло само, проста так, звычайна...
    Манахіня ўзялася за працу пасля атрымання адпаведнай на гэтую тэму інфармацыі. Аб тэхналогіі і тэхніцы аднаўлення даўніны, асновах рэканструкцыі і рэстаўрацыі твораў мастацтва, аднаўленчай прафілактыцы даведалася падчас спецыяльных курсаў у Міры, а таксама дзякуючы многім таленавітым людзям, якіх сустракала на сваім жыццёвым шляху. Менавіта яны ўвялі сястру ў таямніцы розных рэстаўрацыйных тэхнік. Гэта цяпер манахіня ўжо ведае, што самым лепшым матэрыялам для стварэння скульптуры з’яўляецца ліпа, якую дагэтуль у полі гойдаў вецер, таму што яе драўніна мацнейшая.
    Сястра дадае, што вельмі хутка навучылася абслугоўваць розныя станкі, патрэбныя для гэтай працы. І вельмі цешыцца, што сёння існуюць разнастайныя прылады, пры дапамозе якіх праца становіцца лягчэйшай, якасна лепшай і забірае трохі менш часу. “Добрыя інструменты вельмі патрэбныя. Хоць некалі звычайным ножыкам для рэзкі паперы, ды ў дадатку яшчэ зламаным, я выразала прыгожы крыж Сан-Даміяна з ліпы”, – успамінае с. Юліта.
   
    Талент, які да пэўнага часу “спаў”
    Манахіня вельмі любіць рэстаўрыраваць старыя рэчы. “Калісьці я была ва Украіне і бачыла там занядбаныя, часткова разбураныя святыні. З-за гэтага ў мяне балела сэрца. Тады пачула вялікае жаданне, каб наколькі гэта магчыма ўсюды, дзе буду па Божай волі служыць, вяртаць першапачатковы стан старым ці знішчаным часам рэчам”, – прызнаецца с. Юліта.
    Спярша манахіня спрабавала маляваць на палатне алейнымі фарбамі. Любоў да творчасці такога тыпу сястра пераняла ад свайго бацькі. Ад яго таксама навучылася асноўным тэхнікам жывапісу: гледзячы, як ён працуе, пераймаючы яго рухі. Манахіня прызнаецца, што ў пачатковай школе па маляванні мела адзнаку “3”, аднак гэта не знеахвоціла яе. “Потым, будучы ўжо ў супольнасці, трэба было рыхтаваць розныя дэкарацыі, часам штосьці маляваць. Праз пэўны час я пачала заўважаць, што ў мяне гэта нават атрымліваецца”, – дадае с. Юліта.
    Потым яе зацікавілі іконы. Вучылася гэтаму, пакуль была ў Польшчы. Апошнюю ікону з вобразам Добрага Пастыра сястра напісала за 3 дні. Адна з першых ікон паўставала амаль год. “Чым даўжэй працягваецца працэс стварэння іконы ці карціны, якая прадстаўляе пэўны пейзаж, тым больш жыва выглядае твор, – дадае манахіня. – Пісаць іконы можна сабе дазволіць толькі тады, калі час не падганяе і не разлічваем на хуткі эфект. Сапраўдная ікона паўстае на працягу многіх месяцаў... У ёй ёсць подых Усходу, дзе не лічылі часу, а малявалі для Пана Бога”.
   
  Разьба – адзін з відаў мастацкай апрацоўкі дрэва  У іконах важней
  сімвалічнасць, чым колер

    Можна сказаць, што пісанне ікон з’яўляецца малітвай з пэндзлем у руцэ. Перад распачаццем працы, як адзначае с. Юліта, важны, а нават і неабходны, “зварот да Святога Духа”. Прыступаючы да малявання, мастак павінен вызваліцца ад прывязанасцей, што займаюць яго розум, каб стаць як пустое начынне, якое павінен напоўніць Бог. Трэба адсунуць іншыя рэчы ўбок і дазволіць іконе “весці” сябе, а дакладней “сустрэцца” з асобай, аблічча якой хочацца адлюстраваць. “Ікона з’яўляецца для свайго аўтара спатканнем з Панам Богам. Гэта не звычайнае маляванне, як у выпадку карціны, нават рэлігійнага зместу. Падчас пісання іконы праз малітву наладжваем блізкія адносіны з постаццю, якая там будзе адлюстравана”, – адзначае манахіня.
    Сястра падкрэслівае, што ў іконах не надаецца такая ўвага эстэтычнаму ўражанню, як у іншых карцінах. Іх стваральнік – іканапісец – не падбірае скрупулёзна колеры, каб “было прыгожа”, а больш клапоціцца аб глыбіні твора. Кіруецца, хутчэй, пасланнем. Кожны элемент мае сімвалічны і нават тэалагічны характар, таму можна сказаць, што ікону не столькі разглядваюць, колькі чытаюць. “Яна з’яўляецца акном, праз якое чалавек можа зазірнуць у сэрца Бога, акном, праз якое Бог заглядвае ў сэрца чалавека. Але гэта не зачыненае акно”, – дадае манахіня.
    Сястра адзначае, што вельмі важнае значэнне ў іконах маюць вочы асоб, якія на іх адлюстраваны. З кожнай з іх – незалежна ад таго, прадстаўляе яна самога Хрыста, Дзіцятка Езус на руках Багародзіцы, або Хрыста ў Яго святых ці святочных падзеях гісторыі збаўлення – сам Бог глядзіць на людзей. Гэты позірк нібы спыняе чалавека, заклікае, пабуджае да роздуму, таму што запальвае ў сэрцы пробліск надзеі і агеньчык любові... Калі чалавек заўважае Божы позірк, ён прызнае сваю каралеўскую годнасць, прыгадвае належнае яму месца, якое знаходзіцца ў Пану.
   
   Перад пакраскай усе элементы зачышчаюцца Натхненне зазвычай
  прыходзіць у ходзе працы

    “Часам я бяру кавалак драўніны на пробу, а ў працэсе штосьці атрымліваецца. Неаднойчы на пачатку працы я не мела ніякага ўяўлення аб тым, што хачу зрабіць, але падчас творчага працэсу заўважаю, як вымалёўваецца якаясьці вельмі цікавая рэч”, – сціпла дзеліцца манахіня, дадаючы, што падобным чынам адбываецца з маляваннем абразоў. “Гэтая праца вучыць мяне многаму. Што праўда, трэба шмат пакоры, паколькі не заўсёды ўсё складваецца так, як хацелася б. Неабходна таксама многа цярплівасці, каб на працягу доўгага часу працаваць над якім-небудзь адным дробным элементам”, – дадае сястра.
    Трэба любіць справу, якой займаешся, бо інакш ніколі не напішацца ікона, не выражацца скульптура з дрэва, не адновіцца старажытны рэльеф. Як зазначае манахіня, варта прасіць Бога аб дапамозе ў стварэнні кожнай работы: вялікай ці малой. Для гэтага не патрэбна містыка – дастаткова простай веры і набожнасці.
   
 Дзякуючы шліфоўцы драўніна становіцца гладкай   У імя Пана!
    Не кожны чалавек здольны зрабіць такія рэчы – трэба мець да гэтага пакліканне. Канечны эфект кожнай работы – не толькі рэзультат намаганняў мастака. Гэта таксама вялікі дар і таямніца. Сястра адзначае, што трэба проста любіць сваю справу і хацець развівацца ў гэтым напрамку. Штодзённая паслуга павінна прыносіць радасць, а не быць цяжарам.
    “Я вельмі ўдзячна Пану за ўсе дары, за тое, што магу сваімі рукамі рабіць такія рэчы. Удзячнасць выплывае з унутранага пераканання, што ўсё паходзіць ад Бога і што Ён з’яўляецца крыніцай усякага дабра. У сваіх пасланнях св. Павел заахвочваў да частай малітвы ўдзячнасці: «Усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу» (Кал 3, 17). І таму ўсё гэта я здзяйсняю перш за ўсё на хвалу Усемагутнага”, – падсумоўвае с. Юліта.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.