ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

Чаму Вялікі пост называецца вялікім?

Дзіцячы куточак

Хутка распачнецца асаблівы час у літургічным годзе, які павінен падрыхтаваць нас да Вялікадня. Пра яго важнасць і значэнне гаворыць сама назва – Вялікі пост.
...Каля 2-юх тысяч гадоў таму пасля ўдзялення Хросту Пан Езус пайшоў у пустыню, каб праз малітву і пост падрыхтавацца да выканання вялікай місіі, для якой прыйшоў на зямлю. На працягу 40-а дзён і начэй Ён не еў і не піў. Спакушаўся д’яблам. Трымаўся цвёрда, прысаромліваючы нячыстага.
    Пазней па прыкладзе Хрыста Касцёлам быў усталяваны Вялікі пост для вернікаў, які таксама доўжыцца 40 дзён. Ён з’яўляецца падзякай чалавецтва за Збаўцу і адначасова магчымасцю больш сур’ёзна задумацца над жыццём, папрацаваць над слабымі месцамі і паглыбіць асабістыя адносіны з Богам.
Пост – гэта час добраахвотнага самаабмежавання ў ежы і забавах, а таксама ачышчэнне душы ад нядобрых думак і ўчынкаў, падрыхтоўка чалавека да пакаяння. Падчас Вялікага посту вернікі імкнуцца глыбей пазнаць сябе, застаючыся сам-насам з Богам. Надаюць больш часу малітве, наведванню святыні. Прымаюць удзел у набажэнствах Крыжовага шляху і Песень жальбы. Пост з’яўляецца таксама часам здзяйснення добрых спраў. Убачыш жабрака – падай міласціну, убачыш ворага – памірыся, убачыш сябра шчаслівым – не зайздросці. Хай “посцяць” і зрок, і слых. Пазбягай тэлевізара, камп’ютара, шумных гульняў, менш гуляй з тэлефонам. Хай і злы язычок сцеражэцца брыдкіх слоў, лаянкі і кпінаў. Якая карысць, калі абмяжоўваеш сябе ў ежы, а ў астатнім не змяняешся ў лепшы бок?
    З нагоды надыходзячага посту прапануем Тваёй увазе маленькае апавяданне вядомага святара-салезіяніна Бруна Ферэра.
    У аднаго караля быў прыдворны блазан, які кожны дзень весяліў яго сваімі выказваннямі і жартамі. Аднойчы кароль даверыў блазну свой скіпетр, кажучы:
    – Трымай яго пры сабе, пакуль не сустрэнеш каго-небудзь дурнейшага за сябе. Тады зможаш падараваць скіпетр яму.
    Праз некалькі гадоў кароль сур’ёзна захварэў. Адчуваючы надыходзячую смерць, ён пазваў да сябе блазна, да якога на самой справе быў вельмі прывязаны, і сказаў:
    – Я адпраўляюся ў доўгае падарожжа.
    – Хутка вернешся?
    – Не, – адказаў кароль. – Ужо не вярнуся больш ніколі.
    – А як Ты падрыхтаваўся да гэтага падарожжа? – спытаўся блазан.
    – Ніяк, – гучаў сумны адказ караля.
    – Ты выязджаеш назаўсёды, – сказаў блазан, – і зусім не гатовы да гэтага? Калі ласка, вазьмі гэты скіпетр. Я нарэшце сустрэў чалавека, дурнейшага за сябе.
    А ці гатовы Ты адправіцца ў вялікае падарожжа, доўгі час рыхтавацца, каб спаткаць уваскрослага Хрыста?
   
   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
Заданне:
    паспрабуй разам з бацькамі зрабіць каляндар на 40 дзён Вялікага посту. Падумай, над чым Табе хацелася б працаваць, і ўпішы пастановы ў каляндар.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.