ГРОДНА
Нядзеля,
27 красавіка 2025 года |
Варта ведаць (91)
• Упершыню ў гісторыі ў базіліцы св. Пятра ў Ватыкане будзе адпраўлена англіканскае набажэнства – Вячэрняя малітва, падобная на каталіцкія Нешпары. Літургію адправяць 13 сакавіка пры алтары рымскай катэдры. Згоду на дадзеную падзею выразіў архіпрэзбітэр базілікі кардынал Анджэла Камастры. Набажэнства будзе часткай святкавання 50-годдзя Англіканскага цэнтра ў Вечным Горадзе. †
• Папа Францішак перадаў 200 тыс. еўра на патрэбы педыятрычнай клінікі ў Бангі (Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка), якую наведваў восенню 2015 года ў рамках апостальскага падарожа на Афрыканскі кантынент. Грашовыя сродкі былі сабраны ад продажу дыскаў з дакументальным фільмам “Адкрываючы Ватыканскія музеі”, знятага Ватыканскім тэлевізійным цэнтрам. DVD-дыскі ва ўнікальным футляры выстаўляліся на аўкцыёнах у Лондане, Турыне, Мілане і Рыме. Дарэчы, гэта ўжо не першая дабрачынная ініцыятыва на карысць медыцынскай установы ў Бангі.
• Ва ўсходняй Ісландыі будуецца новая каталіцкая святыня, якую ўзводзяць славацкія капуцыны. Яна будзе выканана поўнасцю з дрэва, што паходзіць з радзімы гэтых манахаў. Разам з тым збіраюцца сродкі, неабходныя для пабудовы яшчэ аднаго касцёла ў паўднёвай частцы вострава. Неабходнасць узвядзення новых святынь вынікае з факту, што на працягу апошніх 10-ці гадоў колькасць католікаў у гэтай скандынаўскай краіне ўзрасла ў 3 разы. На дадзены момант іх у Ісландыі каля 14-ці тыс. і яны маюць там 6 парафій. Католікі складаюць 3,5% ад агульнай колькасці насельніцтва. У апошнія гады гэтая лічба павялічваецца.
• Метрапалітэн у Мадрыдзе (Іспанія) перадаў арганізацыі “Mensajeros de la Paz” (“Пасланцы Міру”) 5 тыс. білетаў для патрабуючых. Іх уручэнне адбылося ў касцёле св. Антонія, якім ужо 2 гады апекуюцца “пасланцы”. За гэты час святыня стала кропкай апоры для бяздомных, імігрантаў і жабракоў. “Мы вельмі ўдзячныя за гэтыя білеты, – гаворыць а. Анхель Гарсія, заснавальнік і кіраўнік «Mensajeros de la Paz». – Яны як чыстае золата для патрабуючых. Многія, хто не мае ніякага забеспячэння, павінны пераадольваць шмат кіламетраў, каб шукаць ежу ці вырашаць іншыя справы”.
• На французскім кніжным рынку з’явілася новая катэгорыя бестсэлераў – аўтабіяграфічныя апісанні вялікіх навяртанняў. На гэта звяртае ўвагу парыжская газета “La Croix”. Выданне акрэслівае некалькі агульных рыс такой літаратуры: асабісты крызіс аўтараў, пошук сэнсу жыцця або барацьбу з сумневамі. Прыняцце веры прыводзіць да поўнага адраджэння і перамены. На думку чытачоў, сведчанні “блудлівых сыноў” падбадзёрваюць, паказваючы сутнасць каталіцкай веры, тое, што ў ёй больш за ўсё прыцягвае.
credo-ua.org; pch24.pl; ekai.pl
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 249 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.