ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Кім былі пастушкі з Фацімы?

Юбілей

Бласлаўлёны Францішак Марто
У папярэднім нумары чытачы мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з бл. Гіяцынтай Марто – жвавай, спагадлівай, чулай дзяўчынкай, якая ахвяравала пасілкі за грэшнікаў і шмат малілася за Святога Айца. Якім жа быў яе родны брат?
Нарадзіўся 11 чэрвеня 1908 года ў Алжуштрэл (Партугалія). У адрозненне ад сваёй малодшай сястры Гіяцынты здаваўся спакойным, удумлівым. Бацька Францішка прызнаваў, што сын быў вельмі ціхім і паслухмяным. Ні з кім не сварыўся. А Луцыя казала пра яго: “Я не вельмі любіла Францішка, таму што яго мірны тэмперамент кантраставаў з маёй празмернай жывасцю”.
    Хлопец адзначаўся глыбокай верай. Быў адважны, клапатлівы і здольны на вялікія ахвяры. Меў добрае здароўе. Адчувальная душа Францішка ўвесь час захаплялася прыгажосцю стварэння: небам, крынічкамі, кветкамі і найперш сонцам, якое было для яго сімвалам моцы Бога.
Пасля таго, як Марыя сказала, што ў хуткім часе хлопец памрэ, той гадзінамі кленчыў на малітве ў адасобленым месцы. Зыходзячы з прадказання Маці Божай, Францішак не хацеў хадзіць у школу, каб больш часу праводзіць у касцёле. Сцвярджаў, што яму не патрэбна ўменне добра чытаць і пісаць, калі хутка ён пакіне свет. Такім чынам хлопец таксама хацеў пазбегнуць недарэчных каментарыяў няверуючага настаўніка, які насміхаўся з аб’яўленняў Марыі дзецям.
    Ідучы за заклікам сузірання, Францішак усё часцей пакідаў людзей і маліўся ў адзіноце. На пытанне што робіць паказваў ружанец. Калі Гіяцынта і Луцыя настойвалі, каб пайшоў пагуляць з імі, адказваў: “Ці не памятаеце слоў Маці Божай аб тым, што я павінен адгаварыць шмат таямніц Ружанца?”. Калі знаходзілі яго, паглыбленага ў свае думкі, тлумачыў:
    “Я разважаю пра Бога, які вельмі сумуе з-за столькіх грахоў... Калі б я мог ахвяраваць Яму трохі радасці!”.
    Паводле слоў Луцыі, Францішка найменш уразіла страшнае бачанне пекла, таму што яго вельмі захапіў вобраз Святой Тройцы ў “вялікім святле, якое працінала нават самы далёкі куточак нашай душы”. Яна таксама ўспамінала, што “ў той час, калі Гіяцынта была захоплена толькі адной думкай – як навярнуць грэшнікаў і вызваліць душы з пекла, Францішак думаў выключна аб суцяшэнні нашага Пана і Маці Божай, якія здаваліся яму вельмі сумнымі”.
    Хлопец прагнуў як мага хутчэй прыступіць да І Камуніі і атрымаць вечнае шчасце ў небе. Так і стала. Ён прыняў Цела Езуса ў першы і адначасова апошні раз перад самым канцом свайго кароткага жыцця на зямлі. Памёр 4 красавіка 1919 года. Калі ў 1935 годзе былі адкрыты труны Гіяцынты і Францішка, аказалася, што іх целы непашкоджаныя. Пастушкі былі беатыфікаваны папам Янам Паўлам ІІ 13 мая 2000 года ў Фаціме.
    Бл. Францішак прыгадвае людзям сучаснасці, што ўсе мы пакліканы да святасці. Дарога да неба ў кожнага непаўторная. І кожнаму без выключэння на ёй спадарожнічае Найсвяцейшая Маці. Трэба толькі даверыцца і адкрыць Марыі сваё сэрца.
    Давайце вучыцца ад бл. Францішка разважлівасці, замілаванню да ружанцовай малітвы і прастаце дзіцячага сэрца, якое не падманвае і не здаецца. Падтрыманае любоўю Стварыцеля, яно заў- сёды шчырае і поўнае даверу да Бога і людзей.
   
    У наступным нумары чытайце пра Слугу Божую с. Луцыю Сантас.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.