ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Апостальскі нунцый у Беларусі наведае Гродзенскую дыяцэзію

Інтэрв'ю

Ксёндз арцыбіскуп Габар ПінтэрУ пачатку сакавіка арцыбіскуп Габар Пінтэр упершыню прыедзе з візітам у Гродна. Напярэдадні значнай для вернікаў дыяцэзіі падзеі дыпламатычны прадстаўнік папы Францішка даў спецыяльнае інтэрв’ю для газеты “Слова Жыцця”. У ім распавёў аб тым, што лічыць найбольшым багаццем Беларусі, пра якія ўзроўні межканфесійнага дыялогу трэба памятаць пры будаванні адзінства і чаму хрысціяне не павінны навязваць свае каштоўнасці.
Ксёндз арцыбіскуп
   Габар Пінтэр

    Нарадзіўся 9 сакавіка 1964 года ў Венгрыі. Прэзбітэрскае пасвячэнне прыняў 11 чэрвеня 1988 года. З’яўляецца прэзбітэрам дыяцэзіі Ваца (Венгрыя). З 1 ліпеня 1996 года знаходзіцца на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы. Біскупскае пасвячэнне прыняў 15 ліпеня 2016 года. Валодае венгерскай, нямецкай, італьянскай, англійскай, французскай, іспанскай, крэольскай, шведскай і рускай мовамі.

    – Ваша Эксцэленцыя, ці чулі Вы раней што-небудзь пра Беларусь? Якія ўражанні пра краіну і яе жыхароў склаліся ў Вас пасля некалькіх месяцаў прабывання ў Беларусі?
    – Больш глыбокае знаёмства з Беларуссю пачалося пасля майго прызначэння на пасаду Апостальскага нунцыя ў гэтай краіне. Прыехаўшы сюды, працягваю пазнаваць Беларусь праз жывы кантакт з людзьмі. Менавіта таму лічу вельмі важным для сябе вывучыць рускую і беларускую мовы, каб мець магчымасць не толькі непасрэдна весці дыялог, але і лепш пазнаць і зразумець душу народа. За пяць месяцаў майго служэння ў Беларусі магу сказаць, што яе найбольшым багаццем з’яўляюцца людзі: гасцінныя, добразычлівыя, працавітыя, міралюбівыя... Нядаўна я наведваў Магілёў, дзе меў цудоўную магчымасць бліжэй пазнаць багатую гісторыю гэтага рэгіёна, мясцовых людзей, іх радасці і цяжкасці, штодзённасць і планы на будучыню. Пакаштаваў таксама адметную кухню... З нецярпеннем чакаю наступных нагод для знаёмства з іншымі рэгіёнамі краіны.
   
  У пачатку лютага арцыбіскуп Габар Пінтэр наведаў Магілёў, дзе з цікавасцю пабываў у Музеі гісторыі горада  – У чым заключаецца місія Апостальскага нунцыя? Як бачыце сваю дзейнасць у беларускай дзяржаве?
    – Апостальскі нунцый – гэта прадстаўнік Святога Айца, які павінен, папершае, забяспечыць лучнасць мясцовага Касцёла з Паўсюдным, па-другое, як пасол дзяржавы Ватыкан спрыяць наладжванню адносін паміж Святым Пасадам і той краінай, у якую быў прызначаны. У маім выпадку – з Беларуссю.
    Паміж Рэспублікай Беларусь і Дзяржавай Ватыкан існуюць добрыя дыпламатычныя адносіны.
    У бягучым годзе будзем святкаваць юбілей 25-годдзя дыпламатычнай дзейнасці паміж дзвюма краінамі. Такім чынам, я з’яўляюся спадкаемцам плённай працы маіх папярэднікаў і спадзяюся, што гэты дыялог і супрацоўніцтва будуць развівацца і ў будучыні.
   
    – Вы маеце багаты вопыт дыпламатычнай службы. Працавалі ў Гаіці, Балівіі, Швецыі, Францыі, Філіпінах і Аўстрыі. У гэтых краінах налічваецца 40–85% насельніцтва каталіцкага веравызнання. У Беларусі ж каталіцызм займае слабейшыя пазіцыі. Ці бачыце ў гэтым пэўныя цяжкасці?
    – Не! Малая колькасць вернікаў ніколі не з’яўлялася праблемай для Касцёла. Ён заўсёды імкнуўся да якасці, а не да колькасці. Можна быць малой часткай грамадства, але надаваць смак жыццю навокал. Гэта праяўляеца ў аўтэнтычнасці нашай веры, якая павінна рэалізоўвацца праз канкрэтныя ўчынкі і міжасабовыя адносіны ў штодзённым жыцці.
   
    – Складаючы беларускім вернікам прывітальнае слова, Вы заўважылі, што прыярытэтным накірункам апостальскай дзейнасці ў краіне лічыце развіццё і паглыбленне братняга суіснавання паміж каталіцкім Касцёлам і праваслаўнай Царквой. Якія крокі, на Ваш погляд, могуць дапамагчы ў справе экуменічнага дыялогу? І, увогуле, наколькі важным з’яўляецца гэтае пытанне ў сучасным свеце?
    – У сённяшнім падзеленым свеце пытанне экуменічнага дыялогу з’яўляецца як ніколі актульным і важным. Усе добра разумеюць, што толькі калі мы – хрысціяне – будзем разам, зможам быць верагоднымі сведкамі Хрыста.
    Калі гаворым пра будаванне міжканфесійнага дыялогу, павінны разумець, што існуюць розныя яго ўзроўні: тэалагічны і жыццёвы. Навукоўцы і тэолагі шукаюць шляхі да еднасці праз дыялог і тэарэтычныя даследаванні. Але, на мой погляд, больш важны дыялог жыцця. Часцей за ўсё непаразуменні і канфлікты з’яўляюцца наступствам няведання адзін аднаго. Таму супольнае жыццё, пазнанне адзін аднаго, супрацоўніцтва могуць стаць аднымі з тых інструментаў, якія дапамогуць адкідваць прадузятае стаўленне і будаваць здаровыя ўзаемаадносіны павагі і сяброўства.
   
    – У якой меры дыпламатычным павінен быць Касцёл? Здараюцца сітуацыі, калі, напрыклад, хрысціянскія каштоўнасці не зусім “упісваюцца” ў дзяржаўную палітыку… Як павінен паводзіць сябе сапраўдны вернік і, адпаведна, уся супольнасць?
    – Адчуваю ў Вашым пытанні крыху іроніі. Перш за ўсё, неабходна добра разумець, што такое дыпламатыя. Яе мэтай з’яўляецца пошук таго, што аб’ядноўвае людзей, а не засяроджванне ўвагі на тым, што раздзяляе. Бо толькі тое, што яднае, дазваляе нам размаўляць, супрацоўнічаць, аб’ядноўваць свае намаганні, каб дасягнуць нейкага станоўчага выніку на карысць агульнага дабра. Трэба адзначыць, што хрысціянін нікому не павінен навязваць свае каштоўнасці. Ён пакліканы жыць так, каб іншыя, гледзячы на прыгажосць і аўтэнтычнасць яго жыцця, самі захацелі прыняць гэтыя каштоўнасці. У той жа час мы – хрысціяне – нароўні з іншымі маем поўнае права выказваць свае думкі, меркаванні, свабодна практыкаваць хрысціянскую веру, карыстаючыся агульначалавечымі правамі.
   
   У мінскай архікатэдры нунцый падзяліўся аплаткай з удзельнікамі моладзевага чування – Як гавораць, інвестыцыі ў моладзь – інвестыцыі ў будучыню. Як, на Ваш погляд, Касцёл павінен клапаціцца пра наступнае пакаленне?
    – Касцёл добра ўсведамляе, як важна забяспечыць працягласць пакаленняў. Аднак неабходна памятаць, што фарміраванне хрысціянскай свядомасці ў дзяцей і моладзі пачынаецца, перш за ўсё, з сям’і, з таго прыкладу, які даюць ім бацькі, бабулі, дзядулі. Таксама і Касцёл як інстытут і супольнасць вернікаў, прапануючы маладым людзям сапраўдныя ідэалы, павінен быць верагодным сведкам таго, што прапаведуе. Гаворачы пра важнасць душпастырства моладзі, папа Францішак не раз адзначаў, што гэтая сфера функцыянавання Касцёла павінна быць “нечым большым за простую арганізацыю рознай дзейнасці для юнакоў і дзяўчат: яна павінна характарызавацца прысутнасцю побач з імі – суправаджэннем у складаных і часам цяжкіх кантэкстах, у якія яны пагружаны”.
   
   
   – Сёння вельмі сумна назіраць за тым, як руйнуецца такі інстытут, як сям’я. Пад відам дэмакратыі заключаюцца грамадзянскія шлюбы, паўторныя саюзы. У выніку дзеці выхоўваюцца без бацькоў... А ці добрая поўная сям’я – не найважнейшая каштоўнасць у жыцці кожнага чалавека?

    – Вядома ж, так. Касцёл заўсёды падкрэсліваў важнасць інстытуту сям’і, не толькі нагадваючы пра высокае пакліканне сямейнага жыцця, але і дзейсна суправаджаючы сем’і ў рэалізацыі гэтага паклікання. Аднак, як я ўжо казаў, немагчыма пабудаваць моцную сям’ю з трывалымі адносінамі, навязваючы нормы і законы, якімі б добрымі яны не былі. Лацінскае выслоўе гучыць так: “Словы навучаюць, а прыклад жыцця прыцягвае”. Таму толькі даючы прыклад прыгожага сямейнага жыцця, можна паказаць іншым, што ў наш час гэта таксама магчыма, і абудзіць жаданне ствараць менавіта такія сем’і.
   
    – Папа Францішак ведае пра Беларусь?
    – Так. Перад маім прыездам у Беларусь я сустракаўся з Пантыфікам. З нашай размовы я зразумеў, што Святы Айцец добра ведае сучасную сітуацыю ў краіне і таксама яе нялёгкую гісторыю. Так як і мае папярэднікі, я мог пераканацца, што Папу цікавіць не толькі агульнае жыццё ў грамадстве, але і лёсы паасобных людзей. З гэтай сустрэчы я выйшаў з перакананем, што беларускі народ знаходзіцца ў сэрцы Папы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.