ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

“Жалезныя” характарам на рэйкавым шляху

З жыцця Касцёла

Збіраючыся ў дарогу, чалавек часам не бачыць далей за касы і вагоны. А ў іх абслугоўванні задзейнічаны сотні работнікаў, якія клапоцяцца пра падарожных. Адначасова з тым чыгуначнікі не забываюцца і пра ўласны шлях, дзе таксама, як і іншыя, з’яўляюцца пасажырамі…
Пад апекай рэдэмптарыстаў
    Душпастырства чыгуначнікаў з’яўляецца найстарэйшым у Гродзенскай дыяцэзіі. Яно паўстала ў 1994 годзе ў Парэччы. У той час адтуль выходзіў участак першай чыгуначнай лініі, пракладзенай на беларускай зямлі. І закінутая сярод лясоў вёска была, дарэчы, даволі папулярнай. Туды амаль штогод прыязджалі здымачныя групы “Беларусьфільма” і Літоўскай кінастудыі. “Зімародак”, “Двое на востраве слёз” – адны з доўгага спісу фільмаў, у якіх зняты чыгуначны вакзал у Парэччы. Менавіта там, у месцы знаходжання вядомага чыгуначнага вузла, і зарадзілася душпастырства працаўнікоў чыгункі, што прагнулі развівацца духоўна разам.
    Паступова цэнтр супольнасці перамясціўся ў Гродна. Тут зараз знаходзіцца асноўная частка душпастырства на чале з душпастырам (увесь час супольнасцю апекаваліся айцы рэдэмптарысты). Яшчэ частку складаюць жыхары Свіслачы, Ваўкавыска, Ліды. Там адбываецца фармацыя на месцах. Усяго каля ста чалавек. Сярэдні ўзрост членаў супольнасці – 40–60 гадоў. 
“Некаторыя ўжо не працуюць на чыгунцы, але да душпастырства па-ранейшаму належаць, – заўважае а. Эдуард Пяцельчыц CSsR, які 2-гі год з’яўляецца душпастырам супольнасці. – За столькі гадоў людзі паспелі парадніцца. І зараз добра ведаюць адзін аднаго, сябруюць сем’ямі”.
  
  На аснове хрысціянскіх каштоўнасцей
 
  У кожную апошнюю нядзелю месяца члены душпастырства збіраюцца на сумесную св. Імшу. Члены Ружанцовага кола св. Кацярыны Александрыйскай, якая з’яўляецца заступніцай работнікаў чыгункі, мяняюцца таямніцамі Ружанца. Пасля адбываецца сустрэча. Увазе прысутных прапануецца канферэнцыя. “Загадзя прадумваем змест сходу, разбіраем хвалюючыя пытанні, – распавядае а. Эдуард. – Звычайна яны прымеркаваны да тэматычнага года, абвешчанага ў Паўсюдным Касцёле. Яшчэ нядаўна разважалі пра міласэрнасць. Звярталі ўвагу менавіта на гэты аспект у жыцці чалавека.Члены душпастырства чыгуначнікаў ля фігуры сваёй заступніцы ў Гродне Ладзілі выезды ў Вільнюс, Кракаў, Новую Руду – месцы, непасрэдна звязаныя з аб’яўленнем Божай міласэрнасці чалавецтву”.
    На штомесячныя спатканні збіраюцца каля 30-40 удзельнікаў. Усе разам сустракаюцца на агульных спатканнях. Гэта штогадовыя аплаткавыя і велікодныя сустрэчы. Звычайна туды запрашаюцца госці. Ужо не першы раз, напрыклад, прыязджаюць калегі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Традыцыйна ў лістападзе, у дзень літургічнага ўспаміну сваёй заступніцы, члены супольнасці збіраюцца разам у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне. За час існавання душпастырства яго ўдзельнікі аб’ездзілі амаль усе святыя месцы Беларусі.   
  
 
 Фармацыя на міжнародным узроўні

    На працягу многіх гадоў члены душпастырства ўдзельнічаюць у Агульнапольскай пілігрымцы чыгуначнікаў у Чанстахову, дзе збіраюцца прадстаўнікі з розных краін. Традыцыя падтрымліваецца ад заснавання супольнасці. Калі раней ахвотных было некалькі чалавек, то цяпер едзе мінімум аўтобус. Раз на 3 гады душпастырства прымае ўдзел у Еўрапейскім кангрэсе чыгуначнікаў.
    У мінулым годзе ён адбываўся ў Любліне (Польшча). Ладзіць мерапрыемства Федэрацыя чыгуначнікаў – каталіцкая структура, якая аб’ядноўвае калег са шматлікіх краін. Прысутныя абмяркоўваюць актуальныя надзённыя пытанні, як бачаць перспектыву сваёй прафесіі ў хрысціянскім плане, што могуць прапанаваць праз сваю працу ў справе абвяшчэння Евангелля. “Туды з’язджаюцца людзі, якія не баяцца сведчыць аб сваёй веры ў штодзённым жыцці, – гаворыць а. Эдуард. – Гэта кангрэс для адважных веруючых”. Адзін з удзельнікаў душпастырства Гродзенскай дыяцэзіі на кангрэсе ў Вене (Аўстрыя) прадстаўляў даклад на тэму “Езус у маім жыцці”.
  Удзельнікі супольнасці падчас аплаткавай сустрэчы  Акрамя таго, члены супольнасці прымаюць удзел у штогадовых велікапосных рэкалекцыях для чыгуначнікаў, якія звычайна раводзяцца ў Вадавіцах (Польшча). “Цудоўны час, каб задумацца над жыццём, – распавядае Вераніка Вейкшнар. – Натхняе і само месца – горад, дзе нарадзіўся і рос Ян Павел ІІ. Мела магчымасць хадзіць яго сцежкамі, глядзець на горад з вокнаў дома, дзе выхоўваўся слынны святы. Дарэчы, з іх адкрываецца від на гадзіннік, пад якім напісаны такія словы: «Час мінае, вечнасць чакае». Глыбока кранулі душу... Двойчы каштоўныя для перажывання такія рэкалекцыі для сужэнскіх пар. Некалькі разоў былі разам з мужам. Гэты час аб’ядноўвае”.
    Для сямей працаўнікоў чыгункі каля Ломска (Польшча) па традыцыі арганізоўваюцца канікулы з Богам. Бацькі разам з дзецьмі жывуць у лесе, у вагончыках. Дыхаюць свежым паветрам, цешацца жывым зносінам. “Памятаю, як ксёндз бласлаўляў жыллё. А перад гэтым мы ўпрыгожвалі яго палявымі кветкамі. Дзеці былі ў захапленні ад атмасферы і магчымасці быць разам на прыродзе”, – успамінае Вераніка.   
 
 
  Багаты плён дзейнасці

    Душпастырства мае свой штандар – асабісты чырвона-блакітны сцяг з выявай заступніцы. Штандар з’яўляецца апазнавальным знакам таго, што спольнасць прызнана як асобная адзінка, якая актыўна функцыянуе згодна з пастаўленай мэтай. На кожную св. Імшу, дзе збіраюцца члены супольнасці, а таксама на афіцыйных сустрэчах перад пачаткам падзеі адбываецца прыгожая цырымонія: са штандарам наперад выходзіць ганаровая варта. Гэты жэст служыць напамінам аб тым, дзеля чаго душпастырства аб’яднана.
 Душпастырства перад Брамамі міласэрнасці ў Кракаве   Ва ўрачыстасць 150-годдзя Беларускай чыгункі на тэрыторыі парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне была асвечана фігура св. Кацярыны Александрыйскай, усталяваная каля Крыжа чыгуначнікаў і колавай пары. На апошняй аплаткавай сустрэчы кожны з членаў супольнасці атрымаў абразок з выявай заступніцы, сфатаграфаванай на фоне касцёла на Дзевятоўцы. На адваротным яго баку змешчана малітва чыгуначніка. Такую простую і патрэбную хрысціянскую рэч зручна насіць с сабой у кішэні, у кашальку. Да таго, душпастырства мае свой малітоўнік.
    “Існуе наладжаная праграма дзейнасці, – падкрэслівае душпастыр. – Св. Імшы, агульныя выезды, супольная малітва... На свята Божага Цела чыгуначнікі ў парафіі на Дзевятоўцы ставяць асобны алтар, што з’яўляецца прыгожым сведчаннем іх веры... Для людзей, якія маюць свае сем’і, абавязкі, гэта вельмі добры рытм. Не хочацца яго парушаць. Але толькі падтрымліваць”.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.