ГРОДНА
Аўторак,
21 мая
2024 года
 

Той, хто задаваў рытм і тон жыццю

На шляху да святасці

Халодны зімовы вечар... Старыя пабернардынскія могілкі… Святар запальвае свечку на месцы спачыну сябра ў яго Дзень нараджэння. З вуснаў гучыць шчырая пранікнёная малітва. У гэты момант ён яшчэ не здагадваецца, што праз лічаныя хвіліны сустрэнецца з дарагім таварышам у вечнасці…
   
    23 снежня 2016 года каля 17-й гадзіны на вул. Белуша ў Гродне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку яго загінуў прафесар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Тадэвуш Вышынскі CM. Паводле папярэдняй версіі, святар адчуў сябе дрэнна і не змог справіцца з упраўленнем аўтамабіля. На закругленні дарогі транспартны сродак выехаў за межы праезжай часткі і ўрэзаўся ў дрэва.
Апошняя вігілія
    У трагічны вечар кс. Тадэвуш паехаў на могілкі “адведаць” спачылага сябра кс. Міхала Варанецкага СМ. Менавіта той больш за 25 гадоў таму пераканаў прафесара прыехаць са святарскай місіяй у Беларусь. Абодвух звязвала не толькі прыналежнасць да адной манаскай супольнасці, але і цесныя таварыскія адносіны.
    Святары Гродзенскай дыяцэзіі доўга не маглі паверыць у тое, што сталася. Дзень таму яны разам ламаліся аплаткай на супольнай сустрэчы і складалі адзін аднаму сардэчныя віншаванні. Як успамінаюць, у ксяндза было яшчэ шмат планаў... Але дастаткова толькі ўзгадаць, колькі ён ужо паспеў за пражытыя 86 гадоў...

    Нястомная праца на хвалу Бога
   Кс. Вышынскі цэлебруе св. Імшу ў дзень літургічнага ўспаміну свайго св. заступніка,  апостала і мучаніка Юды Тадэвуша Кс. Тадэвуш Вышынскі нарадзіўся 26 красавіка 1930 года на Беласточчыне ў мясцовасці Пекуты Новыя.
    У 19-гадовым узросце ўступіў у Супольнасць місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля. Манаскія абяцанні склаў 15 снежня 1951 года. Святарскія пасвячэнні атрымаў з рук біскупа Станіслава Распонда ў Кракаве 24 чэрвеня 1956 года.
    Вучыўся ў Варшаўскай акадэміі каталіцкай тэалогіі (цяпер гэта Універсітэт імя кардынала Стэфана Вышынскага), у Люблінскім каталіцкім універсітэце і ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы. Быў выкладчыкам і віцэ-рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гданьску-Аліве. Затым выкладаў у Кракаве. Займаў пасаду дырэктара клерыкаў, віцэ-рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі Супольнасці місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля. Акружаючых заўсёды ўражваў працагалізм святара. Яго ніколі не бачылі стомленым. Сярод выкладчыкаў у семінарыі меў, напэўна, найбольшую колькасць лекцый на тыдзень.
    Адначасова з педагагічнай дзейнасцю выконваў душпастырскую паслугу ў Варшаве і Гдыні (Польшча), Вітрэ (Францыя). Катэхізаваў дзяцей і моладзь. Меў аналітычны склад розуму. Заўсёды разглядаў рэчы з розных бакоў. Падчас гаміліі мог звярнуцца да вернікаў наступным чынам: “Давайце спынімся над такім словам з Евангелля...”. І цэлае казанне прысвяціць разважанню над адным толькі паняццем. На пачатку 1970-х гадоў святар з’яўляўся капеланам Сясцёр Міласэрнасці ў Хіліцах (Польшча). У 1990–1991 гадах працаваў у ватыканскім сакратарыяце па справах дыялогу ў Рыме (Італія).
   
    Гармонія ў музыцы і жыцці
    З 1992 года ксёндз распачаў святарскую паслугу ў Гродне. Выкладаў дагматычную тэалогію і спевы ў духоўнай семінарыі. “Быў час, калі ў семінарыі не хапала арганістаў, – успамінае кс. Дзяніс Бразінскі, які зараз служыць на Магілёўшчыне. – Кс. Тадэвуш прызначыў мяне на гэтую ролю і сказаў, каб вучыўся. Памятаю, як я не любіў арган. Аднойчы прызнаўся ў гэтым святару. На што пачуў у адказ: «Дзяніс, лепей рабіць тое, што трэба рабіць». Гэтыя словы глыбока запалі ў маю душу. Заўсёды іх сабе прыпамінаю”.
    Клерык IV курса Гродзенскай ВДС Томаш Мікалайчык бязмежна ўдзячны прафесару, які дапамог яму паверыць у сябе. Алюмн прызнаецца, што прыйшоў у семінарыю з вельмі нізкім нераспрацаваным голасам. “Памятаю, як кс. Тадэвуш арганізаваў хор Грыгарыянскага спеву, – узгадвае кл. Томаш. – І пачаў працаваць са мной індывідуальна. Калі я ўжо трохі выпрацаваў голас, кс. Тадэвуш сказаў: «Нарэшце, выйшаў партызан з лесу!». Дзякуючы намаганням прафесара я з’яўляюся семінарыйным арганістам. Іграю падчас св. Імшы і іншых набажэнстваў у нашай капліцы. Ксёндз заўсёды казаў мне, што магу іграць лепш за яго, бо ён не мае аднаго пальца. А іграў ён вельмі прафесійна”.
    Перад кожнай урачыстасцю святар звычайна праводзіў у капліцы рэпетыцыю з клерыкамі. З адказнасцю адносіўся да таго, каб спеў заўсёды гучаў добра.
   
    Душа, адкрытая на кожнага
    Святар з цікавасцю сачыў за мастацка-тэатральнай дзейнасцю ў семінарыіКс. Тадэвуш быў чалавекам высокай культуры. Інтэлегентны, высакародны, далікатны, сумленны. Шмат дабра рабіў употай. Умеў да кожнага знайсці індывідуальны падыход. Многія адзначалі яго “хрысціянскі” гумар – бяскрыўдны і інтэлектуальны. “У семінарыі мелі залік, калі павінны былі здаць 92 прэфацыі, – успамінае дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. – Дзесьці трэць я адспяваў. Пытаюся, ці можна выйсці з аўдыторыі, каб выпіць вады. А ён мне: «Хто падчас Імшы натоліць табе смагу?». І мы прадоўжылі. Калі дайшла чарга спяваць прэфацыю на Імшу Хрызму, кс. Тадэвуш кіўнуў, што магу прапусціць. Але чаму? А ён мне адказвае: «Як будзеш біскупам, я цябе навучу»...”.
    Семінарысты часта бачылі ксяндза ў капліцы з ружанцам у руцэ, на адарацыі, падчас Крыжовага шляху, які перажываў індывідуальна. Любы вольны час выкарыстоўваў для малітвы. Нярэдка адгаворваў Брэвіярый у доўгіх чэргах, калі выязджаў за мяжу.
    З усімі намагаўся знайсці агульную мову. Гаварыў: “Я да згоды, як рыба да вады”. “Пазнаёміўся з кс. Тадэвушам яшчэ падчас семінарыйных рэкалекцый па распазнанні паклікання, – гаворыць алюмн I курса Андрэй Юхнік. – Святар падаўся мне велікадушным чалавекам. Ад яго выходзілі спакой і прыязнасць. Быў радасны. Не маркоціўся. Па меншай меры ніхто гэтага не назіраў. Пасля паступлення ў семінарыю заўважыў за ксяндзом звычку заходзіць на вахту і папраўляць коўрык на падлозе. Пры гэтым ён заўсёды стукаўся і з жартам пытаўся, ці можна яму ўвайсці. Я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што ў такім салідным узросце ксёндз карыстаецца камп’ютарам і водзіць аўтамабіль”.
   
    Уклад у хрысціянскую бібліятэку
    Прафесар стараўся ісці ў нагу з эпохай інтэнсіўнага прагрэсу  і развіцця сучасных тэхналогійНа працягу доўгага часу кс. Тадэвуш удзельнічаў у сходах Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай мітраполіі, на якіх рыхтаваліся да друку навуковыя і душпастырскія дапаможнікі, літургічныя кнігі. З 1995 года належаў да Рады па справах выдавецтва і выконваў абавязкі цэнзара Гродзенскай дыяцэзіі. Ведаў польскую, французскую, італьянскую, нямецкую, рускую мову, добра арыентаваўся ў беларускай. Таму як цэнзар ахвотна чытаў кнігі, што рыхтаваліся да друку. “Мы часта з ім сустракаліся і дыскутавалі, – распавядае дырэктар гродзенскага дыяцэзіяльнага выдавецтва кс. Тадэвуш Крыштопік. – Заўсёды быў ураўнаважаны і разважлівы ў тым, што казаў. Сваю думку аргументаваў цярпліва, навукова і выразна. Я ведаў кс. Тадэвуша як зычлівага чалавека, які мае выдатнае пачуццё гумару. Яго дабрадушныя жарты нікога не зневажалі, і ў той жа час у іх было зерне добразычлівага павучання”.
    Шмат намаганняў прафесар прыклаў да перакладу Імшалу. Увогуле, унёс значны ўклад у развіццё літургічнай беларускай мовы.
    У 2015 годзе кс. Тадэвуш атрымаў крыж „Pro Ecclesia et Pontifice” (“За заслугі перад Царквой і Папам”) – адну з высокіх адзнак Апостальскай Сталіцы.
   
    Навечна ў сэрцах
    ...Штовечар старэйшыя святары збіраюцца ў семінарыі на агляд навін па тэлебачанні. Да нядаўняга часу і кс. Тадэвуш уваходзіў у гэтую таварыскую кампанію. “Памятаю, стукаецца ў дзверы майго пакоя і гаворыць: «Айцец духоўны запрашае на “дзённік”», – успамінае калега і сябра спачылага святара кс. прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі. – Для нас гэта такі час, калі збіраемся разам і размаўляем, нешта абмяркоўваем. З кс. Тадэвушам часта ўзгадвалі Сібір. Нас аб’ядноўвала тое, што перад Другой сусветнай вайной абое былі сасланы ў ліку паўтара мільёна палякаў. І хоць ён быў на поўначы, а я – на поўдні, шматкроць вярталіся да тых часоў... Як жа мне не хапае Тадзі...”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  225

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.