ГРОДНА
Нядзеля,
08 верасня 2024 года |
Той, хто задаваў рытм і тон жыццю
Халодны зімовы вечар... Старыя пабернардынскія могілкі… Святар запальвае свечку на месцы спачыну сябра ў яго Дзень нараджэння. З вуснаў гучыць шчырая пранікнёная малітва. У гэты момант ён яшчэ не здагадваецца, што праз лічаныя хвіліны сустрэнецца з дарагім таварышам у вечнасці…
23 снежня 2016 года каля 17-й гадзіны на вул. Белуша ў Гродне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку яго загінуў прафесар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Тадэвуш Вышынскі CM. Паводле папярэдняй версіі, святар адчуў сябе дрэнна і не змог справіцца з упраўленнем аўтамабіля. На закругленні дарогі транспартны сродак выехаў за межы праезжай часткі і ўрэзаўся ў дрэва.
23 снежня 2016 года каля 17-й гадзіны на вул. Белуша ў Гродне адбылося дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку яго загінуў прафесар Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі кс. Тадэвуш Вышынскі CM. Паводле папярэдняй версіі, святар адчуў сябе дрэнна і не змог справіцца з упраўленнем аўтамабіля. На закругленні дарогі транспартны сродак выехаў за межы праезжай часткі і ўрэзаўся ў дрэва.
Апошняя вігілія
У трагічны вечар кс. Тадэвуш паехаў на могілкі “адведаць” спачылага сябра кс. Міхала Варанецкага СМ. Менавіта той больш за 25 гадоў таму пераканаў прафесара прыехаць са святарскай місіяй у Беларусь. Абодвух звязвала не толькі прыналежнасць да адной манаскай супольнасці, але і цесныя таварыскія адносіны.
Святары Гродзенскай дыяцэзіі доўга не маглі паверыць у тое, што сталася. Дзень таму яны разам ламаліся аплаткай на супольнай сустрэчы і складалі адзін аднаму сардэчныя віншаванні. Як успамінаюць, у ксяндза было яшчэ шмат планаў... Але дастаткова толькі ўзгадаць, колькі ён ужо паспеў за пражытыя 86 гадоў... †
У трагічны вечар кс. Тадэвуш паехаў на могілкі “адведаць” спачылага сябра кс. Міхала Варанецкага СМ. Менавіта той больш за 25 гадоў таму пераканаў прафесара прыехаць са святарскай місіяй у Беларусь. Абодвух звязвала не толькі прыналежнасць да адной манаскай супольнасці, але і цесныя таварыскія адносіны.
Святары Гродзенскай дыяцэзіі доўга не маглі паверыць у тое, што сталася. Дзень таму яны разам ламаліся аплаткай на супольнай сустрэчы і складалі адзін аднаму сардэчныя віншаванні. Як успамінаюць, у ксяндза было яшчэ шмат планаў... Але дастаткова толькі ўзгадаць, колькі ён ужо паспеў за пражытыя 86 гадоў... †
Нястомная праца на хвалу Бога
Кс. Тадэвуш Вышынскі нарадзіўся 26 красавіка 1930 года на Беласточчыне ў мясцовасці Пекуты Новыя.
У 19-гадовым узросце ўступіў у Супольнасць місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля. Манаскія абяцанні склаў 15 снежня 1951 года. Святарскія пасвячэнні атрымаў з рук біскупа Станіслава Распонда ў Кракаве 24 чэрвеня 1956 года.
Вучыўся ў Варшаўскай акадэміі каталіцкай тэалогіі (цяпер гэта Універсітэт імя кардынала Стэфана Вышынскага), у Люблінскім каталіцкім універсітэце і ў Каталіцкім інстытуце ў Парыжы. Быў выкладчыкам і віцэ-рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гданьску-Аліве. Затым выкладаў у Кракаве. Займаў пасаду дырэктара клерыкаў, віцэ-рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі Супольнасці місіянераў св. Вінцэнта дэ Поля. Акружаючых заўсёды ўражваў працагалізм святара. Яго ніколі не бачылі стомленым. Сярод выкладчыкаў у семінарыі меў, напэўна, найбольшую колькасць лекцый на тыдзень.
Адначасова з педагагічнай дзейнасцю выконваў душпастырскую паслугу ў Варшаве і Гдыні (Польшча), Вітрэ (Францыя). Катэхізаваў дзяцей і моладзь. Меў аналітычны склад розуму. Заўсёды разглядаў рэчы з розных бакоў. Падчас гаміліі мог звярнуцца да вернікаў наступным чынам: “Давайце спынімся над такім словам з Евангелля...”. І цэлае казанне прысвяціць разважанню над адным толькі паняццем. На пачатку 1970-х гадоў святар з’яўляўся капеланам Сясцёр Міласэрнасці ў Хіліцах (Польшча). У 1990–1991 гадах працаваў у ватыканскім сакратарыяце па справах дыялогу ў Рыме (Італія).
Гармонія ў музыцы і жыцці
З 1992 года ксёндз распачаў святарскую паслугу ў Гродне. Выкладаў дагматычную тэалогію і спевы ў духоўнай семінарыі. “Быў час, калі ў семінарыі не хапала арганістаў, – успамінае кс. Дзяніс Бразінскі, які зараз служыць на Магілёўшчыне. – Кс. Тадэвуш прызначыў мяне на гэтую ролю і сказаў, каб вучыўся. Памятаю, як я не любіў арган. Аднойчы прызнаўся ў гэтым святару. На што пачуў у адказ: «Дзяніс, лепей рабіць тое, што трэба рабіць». Гэтыя словы глыбока запалі ў маю душу. Заўсёды іх сабе прыпамінаю”.
Клерык IV курса Гродзенскай ВДС Томаш Мікалайчык бязмежна ўдзячны прафесару, які дапамог яму паверыць у сябе. Алюмн прызнаецца, што прыйшоў у семінарыю з вельмі нізкім нераспрацаваным голасам. “Памятаю, як кс. Тадэвуш арганізаваў хор Грыгарыянскага спеву, – узгадвае кл. Томаш. – І пачаў працаваць са мной індывідуальна. Калі я ўжо трохі выпрацаваў голас, кс. Тадэвуш сказаў: «Нарэшце, выйшаў партызан з лесу!». Дзякуючы намаганням прафесара я з’яўляюся семінарыйным арганістам. Іграю падчас св. Імшы і іншых набажэнстваў у нашай капліцы. Ксёндз заўсёды казаў мне, што магу іграць лепш за яго, бо ён не мае аднаго пальца. А іграў ён вельмі прафесійна”.
Перад кожнай урачыстасцю святар звычайна праводзіў у капліцы рэпетыцыю з клерыкамі. З адказнасцю адносіўся да таго, каб спеў заўсёды гучаў добра.
Душа, адкрытая на кожнага
Кс. Тадэвуш быў чалавекам высокай культуры. Інтэлегентны, высакародны, далікатны, сумленны. Шмат дабра рабіў употай. Умеў да кожнага знайсці індывідуальны падыход. Многія адзначалі яго “хрысціянскі” гумар – бяскрыўдны і інтэлектуальны. “У семінарыі мелі залік, калі павінны былі здаць 92 прэфацыі, – успамінае дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. – Дзесьці трэць я адспяваў. Пытаюся, ці можна выйсці з аўдыторыі, каб выпіць вады. А ён мне: «Хто падчас Імшы натоліць табе смагу?». І мы прадоўжылі. Калі дайшла чарга спяваць прэфацыю на Імшу Хрызму, кс. Тадэвуш кіўнуў, што магу прапусціць. Але чаму? А ён мне адказвае: «Як будзеш біскупам, я цябе навучу»...”.
Семінарысты часта бачылі ксяндза ў капліцы з ружанцам у руцэ, на адарацыі, падчас Крыжовага шляху, які перажываў індывідуальна. Любы вольны час выкарыстоўваў для малітвы. Нярэдка адгаворваў Брэвіярый у доўгіх чэргах, калі выязджаў за мяжу.
З усімі намагаўся знайсці агульную мову. Гаварыў: “Я да згоды, як рыба да вады”. “Пазнаёміўся з кс. Тадэвушам яшчэ падчас семінарыйных рэкалекцый па распазнанні паклікання, – гаворыць алюмн I курса Андрэй Юхнік. – Святар падаўся мне велікадушным чалавекам. Ад яго выходзілі спакой і прыязнасць. Быў радасны. Не маркоціўся. Па меншай меры ніхто гэтага не назіраў. Пасля паступлення ў семінарыю заўважыў за ксяндзом звычку заходзіць на вахту і папраўляць коўрык на падлозе. Пры гэтым ён заўсёды стукаўся і з жартам пытаўся, ці можна яму ўвайсці. Я быў вельмі здзіўлены, калі даведаўся, што ў такім салідным узросце ксёндз карыстаецца камп’ютарам і водзіць аўтамабіль”.
Уклад у хрысціянскую бібліятэку
На працягу доўгага часу кс. Тадэвуш удзельнічаў у сходах Гродзенскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай мітраполіі, на якіх рыхтаваліся да друку навуковыя і душпастырскія дапаможнікі, літургічныя кнігі. З 1995 года належаў да Рады па справах выдавецтва і выконваў абавязкі цэнзара Гродзенскай дыяцэзіі. Ведаў польскую, французскую, італьянскую, нямецкую, рускую мову, добра арыентаваўся ў беларускай. Таму як цэнзар ахвотна чытаў кнігі, што рыхтаваліся да друку. “Мы часта з ім сустракаліся і дыскутавалі, – распавядае дырэктар гродзенскага дыяцэзіяльнага выдавецтва кс. Тадэвуш Крыштопік. – Заўсёды быў ураўнаважаны і разважлівы ў тым, што казаў. Сваю думку аргументаваў цярпліва, навукова і выразна. Я ведаў кс. Тадэвуша як зычлівага чалавека, які мае выдатнае пачуццё гумару. Яго дабрадушныя жарты нікога не зневажалі, і ў той жа час у іх было зерне добразычлівага павучання”.
Шмат намаганняў прафесар прыклаў да перакладу Імшалу. Увогуле, унёс значны ўклад у развіццё літургічнай беларускай мовы.
У 2015 годзе кс. Тадэвуш атрымаў крыж „Pro Ecclesia et Pontifice” (“За заслугі перад Царквой і Папам”) – адну з высокіх адзнак Апостальскай Сталіцы.
Навечна ў сэрцах
...Штовечар старэйшыя святары збіраюцца ў семінарыі на агляд навін па тэлебачанні. Да нядаўняга часу і кс. Тадэвуш уваходзіў у гэтую таварыскую кампанію. “Памятаю, стукаецца ў дзверы майго пакоя і гаворыць: «Айцец духоўны запрашае на “дзённік”», – успамінае калега і сябра спачылага святара кс. прэлат Ежы Мар’ян Лявінскі. – Для нас гэта такі час, калі збіраемся разам і размаўляем, нешта абмяркоўваем. З кс. Тадэвушам часта ўзгадвалі Сібір. Нас аб’ядноўвала тое, што перад Другой сусветнай вайной абое былі сасланы ў ліку паўтара мільёна палякаў. І хоць ён быў на поўначы, а я – на поўдні, шматкроць вярталіся да тых часоў... Як жа мне не хапае Тадзі...”.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 115 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.