ГРОДНА
Пятніца,
19 ліпеня
2024 года
 

Святы Божага Нараджэння – асаблівы для хрысціян час

Інтэрв'ю

Божае Нараджэнне – выключны перыяд у годзе. Час любові, радасці, прабачэння, а таксама роздуму над жыццём і ажыццяўлення добрых спраў. Як рыхтуемся да сустрэчы з Божым Дзіцяткам?
    У якім духу спраўляем святы? Што яны на самой справе для нас азначаюць?
Крысціна ЛісайРаство – самая цудоўная хрысціянская ўрачыстасць, якой папярэднічае не менш цудоўны перыяд чакання. Падчас яго адбываецца шмат цікавых падзей. У нашай парафіі Святога Духа ў Гродне існуе прыгожая традыцыя: у першую нядзелю Адвэнту вернікі прыносяць у капліцу для асвячэння вяночкі з яловых галінак. Пасля кожная сям’я змяшчае іх разам з чатырма свечкамі ў сваіх дамах на бачным месцы, дзе штодня збіраецца на супольную малітву. Яшчэ адным неад’емным элементам чакання Божага Нараджэння з’яўляюцца раратнія св. Імшы, падчас якіх святыня напаўняецца радаснымі дзіцячымі галасамі і агеньчыкамі запаленых свечак. Гэта і рэкалекцыі, што дапамагаюць адарвацца ад штодзённасці і духоўна падрыхтавацца да перажывання свят. Аплаткавыя сустрэчы...
У чаканні Раства я разам з іншымі вернікамі нашай парафіі прымаю ўдзел у падрыхтоўцы каляднага прадстаўлення, дапамагаю ўпрыгожваць капліцу. З сям’ёй ствараем святочны настрой у доме: вокны аздабляем выцінанкамі, на якіх прадстаўлены сцэны Раства, елку ўпрыгожваем звязанымі кручком анёламі і каляднымі зоркамі. Пасля гатуем вігілійную вячэру. Калі на небе зазіхаціць першая зорка, надыходзіць найбольш кранальны момант: за адным сталом збіраюцца 3–4 пакаленні нашай сям’і. Мы запальваем свечкі, абавязкова чытаем урывак са Святога Пісання, молімся, спяваем калядныя песні, дзелімся аплаткай, а потым усе разам ідзём на Пастэрку.
 
   Вікторыя Сідар  Для мяне святкаванне Божага Нараджэння пачынаецца значна раней – у першую нядзелю Адвэнту. Прыгажосць гэтых дзён грунтуецца на падрыхтоўцы да спаткання з Богам-Чалавекам, які прыходзіць у свет, каб збавіць чалавецтва. Неабходна імкнуцца стаць трошачкі лепшымі, суцішыць свае думкі і скіраваць іх да вялікай Таямніцы прыйсця. Вельмі важна ў святочнай мітусні не забыцца аб Тым, хто да нас прыходзіць і чыё гэта свята. Ужо тое, што Езус нарадзіўся ў хлеўчыку на сене, з’яўляецца падказкай, чаго Ён на самой справе ад нас чакае. Для Хрыста няважны шыкоўны стол, аздобленая елка ці ўвесь дом – Ён прагне нашай увагі і любові. Годна перажываючы гэты перыяд, мы рыхтуем сваю душу да сустрэчы са Збаўцам, адкрываем прыгажосць трывання з Панам.
    Абавязковы складнік плённага перажывання Божага Нараджэння – сустрэча з роднымі. Асабліва выразна гэта адчуваюць тыя, хто знаходзяцца далёка ад сваіх блізкіх. Мне здаецца, што жаданне быць з сям’ёй вынікае не толькі з таго, што мы сумуем па родных, але і з-за тугі па Богу. Хрыстос неаднаразова навучаў, што Ён прысутны ў кожным чалавеку. Што ж можа быць лепшым, чым убачыць Пана ў бліжніх і адчуць Яго прысутнасць праз іх любоў, а таксама адарыць Езуса сваёй любоўю праз клопат і павагу да іншых людзей?
    Сямейная сустрэча і малітва – найважнейшыя элементы Раства ў нашым доме. З раніцы пачынаецца гатаванне страў на вігілійны стол, а разам з тым узрастае моц чакання першай зоркі. Калі ўсе сабраліся, распачынаем малітву, пасля якой ламаемся аплаткай і складаем адзін аднаму пажаданні. Затым сядаем за стол, каб разам з’есці вігілійную вячэру. Не прытрымліваемся правіла 12-ці страў, хоць і хапае разнастайнай поснай ежы. Перад Пастэркай адпачываем, размаўляем, дзелімся апошнімі перажываннямі. Пасля ўрачыстай св. Імшы едзем дадому, каб раніцай працягнуць святкаванне самых цудоўных дзён у годзе – прыходу нашага Пана на свет!
   
   Юрый Савіцкі Свята Божага Нараджэння асацыіруецца ў мяне з атмасферай дабрыні, радасці, сардэчнасці. Уяўляецца вялікая і дружная сям’я, якая збіраецца за святочным сталом, каб паламацца аплаткай, прабачыць адзін аднаму правіны і разам сустрэць нованароджанага Езуса. Гэта для мяне таксама час настальгіі. Ва ўспамінах вяртаюся ў бацькоўскую хату, дзе марознае паветра абпальвае лёгкія, калі стаіш на прыступках, чакаючы з’яўлення ў небе Бэтлеемскай зоркі, дзе разносіцца водар вігілійных страў і сена, якое бабуля паклала пад абрус.
    Раней мне здавалася, што Раство – традыцыйнае свята, якое аднолькава адзначаецца ў кожнай сям’і. Але калі мне было 16 гадоў, бацькі зладзілі “незвычайную” Вігілію, пасля якой я зразумеў, што памыляўся. У святы вечар яны запрасілі да нас суседа – адзінокага дзядулю, які застаўся без жонкі, а дзяцей не меў. Апошнія некалькі гадоў ён самотна спраўляў усе святы. Калі мы дзяліліся аплаткай, я заўважыў, што ў госця на вачах блішчаць слёзы... Відаць, узгадаў, як некалі сустракаў Божае Нараджэнне разам са сваімі блізкімі. Пасля вячэры я доўга не мог прыйсці ў сябе. Усё думаў аб тых самотных, пакінутых людзях, якія чакаюць нашай увагі. Дзякуючы сваім бацькам я зразумеў, што нельга ахінуць сваім клопатам кожнага патрабуючага, але зрабіць шчаслівым хоць аднаго чалавека на кароткі час – гэта цалкам рэальна. Таму зараз свята Божага Нараджэння атаясамліваецца ў мяне яшчэ і з магчымасцю праявіць сваю спагадлівасць і чалавечнасць.


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  166

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.