ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Імкнуцца да ўзаемаразумення

На скрыжаванні

Хвала Хрысту!
    Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра сілу адзінства, блізкасць перакананняў і такі неабходны кампраміс. Задумаемся, чаму цяжка быць салідарным і дзе шукаць узаемаразумення.
   Наперад з Богам!

    ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
    “Няхай кожны чалавек слухае з ахвотай, але не будзе ахвочы да размоў” (Як 1, 19)
   У Бібліі ясна падкрэсліваецца, што людзі могуць шмат гаварыць, але не чуць адзін аднаго. Там жа знаходзіцца падказка: неабходна больш слухаць, разважаць і толькі пасля выказвацца. Важна мець шчырае і чулае сэрца. І тады нашмат больш шансаў дасягнуць з бліжнімі ўзаемаразумення, якое заснавана на сардэчнасці.
   
    ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:

    каб краіны, якія прымаюць вялікую колькасць імігрантаў і бежанцаў, знайшлі падтрымку ў сваіх намаганнях быць салідарнымі
   Далёка не ўсе краіны адкрытыя на людзей, якія пакінулі родныя мясціны ў пошуках лепшай долі. Многія з асуджэннем ставяцца да тых дзяржаў, што прымаюць бежанцаў і імігрантаў. Згодна з перакананнямі некаторых палітыкаў, “чужародныя масы” негатыўна ўздзейнічаюць на ўклад жыцця і культуру мясцовага насельніцтва. Папа Францішак заклікае ўсіх католікаў свету маліцца ў бягучым месяцы ў інтэнцыі краін, якія, нягледзячы ні на што, намагаюцца быць салідарнымі.
   
  ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
    салідарнасць
   Яна ж узаемасувязь, еднасць, адзінадушша. Быць салідарным – значыцца падзяляць і падтрымліваць нейкія погляды, інтарэсы. Не “глытаць” чыесьці перакананні, трапляючы пад уплыў, але падтрымліваць ідэі, што блізкія сэрцу і падаюцца правільнымі. Або прапаноўваць сваё бачанне і аб’ядноўваць пры ім кола аднадумцаў.
    З салідарнасці людзі згуртоўваюцца ў адзінае цэлае, што робіць іх больш моцнымі і ўстойлівымі. Сёння гэта як ніколі важна і патрэбна.
   
 МЭТА МЕСЯЦА:
    імкнуцца да ўзаемаразумення
   Узаемаразуменне выражае гатоўнасць чуць і разумець адзін аднаго. Дзякуючы чаму чалавек максімальна набліжаецца да другога. Калі асоба зацікаўлена ў гэтым, яна будзе намагацца знайсці кропкі судакранання, каб праз агульнасць інтарэсаў і пазіцый дасягнуць адзінадушша. Не будзем жа шкадаваць сіл на пошукі тых “ключоў”, якія гарантуюць згоду ў адносінах.
   
 СПРАВА МЕСЯЦА:
    пайсці на кампраміс
   Часта дзеля таго, каб дасягнуць вялікай мэты, патрэбна згадзіцца на некаторыя ўступкі. У большасці выпадкаў на кампраміс ідзе чалавек, які зацікаўлены ў захаванні спрыяльнай атмасферы і добрых адносін. Ён забываецца на гордасць і выходзіць насустрач апаненту з павагай да яго поглядаў. Але варта вырашацца на кампраміс разумна, каб другі бок не скарыстаўся з гэтага выключна ў сваіх інтарэсах. Такім чынам, можна бавіць выхадныя з блізкімі, якія адчуваюць недахоп увагі, або маліцца кароткай малітвай, але разам з усёй сям’ёй.
 
КНІГА МЕСЯЦА:

  “Мне не хопіць слоў”, Ц. Добрая Вестка
   Часам словы выражаюць думкі не так, як хацелася б. А некалі іх увогуле не хапае, каб засведчыць аб тым, што перапаўняе знутры. Выканаўца спявае Богу гімн, у якім прызнаецца, што яму недастаткова лексем, каб пра ўсё сказаць, “жыцця не хопіць, каб праспяваць”. Невыпадкова кампазіцыя нешматслоўная – пачуцці “выліваюцца” ў ноты, якія ствараюць у слухача добры, лёгкі настрой. Трапіўшы на такую хвалю, хочацца з удзячнасцю абняць увесь свет.

 ПЕСНЯ МЕСЯЦА:

   “Вайна слоў”, Пол Трып
   Мала хто па-сапраўднаму задумваецца аб тым, якой сілай і ўплывам валодаюць словы. Калісьці яны з’яўляюцца дарам і бласлаўленнем, а калісьці – тояць у сабе небяспеку. Галоўная ідэя выдання – падкрэсліць значнасць кожнага прамоўленага слова. Прачытаўшы кнігу, чалавек разумее, чаму так важна спачатку думаць, а потым гаварыць. Вучыцца памятаць пра Бога, калі вядзе размову.

У мяне ёсць унук Максім. Раскажыце, калі ласка, пра яго святога заступніка. Удзячная чытачка з парафіі св. Казіміра ў Ліпнішках
АСОБА МЕСЯЦА:
    святы Максім
   Нарадзіўся ў канцы IV стагоддзя ў Шаторэдон (Францыя). У маладосці ўступіў у лерынскі кляштар, якім кіраваў св. Ганарат. Калі той быў абраны на Арлеатскую кафедру, Максім стаў яго пераемнікам і другім настаяцелем лерынскага кляштара. З 427 года займаў пасаду абата, а ў 433 годзе быў выбраны біскупам Р’ез. Сакра была ўдзелена св. Іларыёнам, вучнем Ганарата. Удзельнічаў у некалькіх правінцыяльных сінодах. У душпастырскай працы клапаціўся пра сістэматычную евангелізацыю даручаных яго клопату вернікаў.
   Памёр каля 460 года. Успамін – 27 лістапада.
   Касцёл таксама ўзгадвае св. Максіма з Павіі (8 студзеня), св. Максіма Ноланскага (7 лютага), св. Максіма з Эўро (25 мая), св. Максіма Турынскага (25 чэрвеня), св. Максіма з Авеі (20 кастрычніка) і многіх іншых святых з такім імем. .
   
   
Да якіх святых звяртацца з асаблівай просьбай аб заступніцтве ў лістападзе?
Усе святыя (1 лістапада),
    св. Елізавета (5 лістапада),
    св. Эрнэст (7 лістапада),
    св. Леон (10 лістапада),
    св. Марцін (11 лістапада),
    св. Вітольд (12 лістапада),
    св. Гертруда (16 лістапада),
    св. Анатоль (20 лістапада),
    св. Цэцылія (22 лістапада),
    св. Максім (27 лістапада),
    св. Андрэй (30 лістапада).
   
    Усе заўвагі і пажаданні дасылайце ў рэдакцыю або на электронны адрас аўтара рубрыкі Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript .

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.