ГРОДНА
Панядзелак,
05 чэрвеня 2023 года |
Вастрабрамская Маці здаўна аберагае гродзенскія землі
16 лістапада – урачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці. На працягу 25-ці гадоў Яна апекуецца Гродзенскай дыяцэзіяй як галоўная заступніца.
Цудатворны абраз Маці Міласэрнасці займае цэнтральнае месца ў многіх дамах нашай краіны. Гэта адна з нешматлікіх выяў, дзе Марыя прадстаўлена адна, без свайго Боскага Сына, што трапна заўважыў св. Максімільян Кольбэ і склаў малітву:
“Маці Божая Вастрабрамская,
Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус,
дык вазьмі мяне на рукі
і пранясі шчасліва праз усё жыццё”. †
“Маці Божая Вастрабрамская,
Ты не маеш на руках Дзіцятка Езус,
дык вазьмі мяне на рукі
і пранясі шчасліва праз усё жыццё”. †
Амаль 400 гадоў на літоўскай зямлі валадарыць Вастрабрамская Панна, Маці Усходу і Захаду. Свеціць бляскам прыгожых шатаў праз акно капліцы ў Вільні, бачная здалёк. Але слава цудоўнага абраза ўжо даўно перайшла межы Літвы, бо рукі Маці Божай без Дзіцятка Езус нібы хочуць прытуліць кожнага, выслухаўшы ўсе радасці, праблемы і перажыванні.
Хто калісьці наведваў Вастрабрамскую капліцу ў Вільнюсе, напэўна, выходзіў адтуль у захапленні, духоўна ўзбагачаны. У простых белых сценах, дзе няма ні мармуру, ні жэмчугу і каштоўных камянёў, ні каралеўскіх дароў, вісяць толькі срэбныя бляшкі ў форме ног, рук, вачэй, сэрцаў... На некаторых з іх можна ўбачыць нязграбныя надпісы, быццам надрапаныя шпількай. Найбагацейшае вота – вялікі срэбны паўмесяц, які займае ўсю ніжнюю частку алтара. Такі характар Вострай Брамы. Такая пашана, якую там атрымлівае Маці Міласэрнасці, што чула ахінае цэлы свет.

Марыя ніколі не затрымлівае наш позірк на сабе, а скіроўвае яго да Сына, перад якім сама схіляецца. Прагне, каб у цэнтры ўвагі была Божая міласэрнасць, найбольш поўна раскрытая ў Езусе, трываючая “з пакалення ў пакаленне” (Лк 1, 50). Папросім жа Яе, каб навучыла адчувальнасці сэрца і міласэрнасці да другога чалавека. Падзякуем за тое, што мае ў асаблівай апецы Касцёл на Гродзеншчыне.
Няхай залатая Вастрабрамская Панна прытуліць сваімі далонямі тых, хто вагаецца ці ў роспачы. Няхай няшчасным дасць выратаванне, усім сляпым пакажа каштоўнасці і скарбы рэлігійнага жыцця, а заблукалых выведзе на дарогу сапраўднай веры.

Да сустрэчы з Маці Божай у Вастрабрамскім абліччы я пачынаю рыхтавацца адразу пасля таго, як вяртаюся з чарговага пешага паломніцтва ў Вільню. Кожны раз заўважаю, што маю шчасце судакрануцца ў пілігрымцы з людской набожнасцю і адчуць паўсюднасць Святога Касцёла. Прыкладам таму з’яўляюцца паломнікі – вернікі з Польшчы, Беларусі і Літвы. Ажно 11 разоў я ішла ў Пешай экуменічнай пілігрымцы Беласток – Гродна – Вільня.
Усё пачалося з таго, як мама запрасіла да нас на начлег жанчыну з Зялёнай Гуры, якая пілігрымавала ў Вільню. Акурат у той час у мяне былі праблемы са здароўем. Памятаю, яна сказала бацькам: “Дачка ў вас такая прыгожая, шкада, што так моцна хварэе”. Тады ў мяне з’явілася адчуванне, што я, нягледзячы на недамаганне, змагу падняцца і дайсці да цудадзейнай іконы, як некалі ў дзяцінстве паўстаць перад Яе непаўторным абліччам. І так сапраўды сталася. Дзякуючы Езусу і Марыі я вылечылася ды аднавіла свае духоўныя і фізічныя сілы.
У Вастрабрамскай літаніі ёсць словы, у якіх пілігрымы просяць: “Вызначы маршрут, складаны маршрут, але добра вядомы. Дай нам дайсці да Твайго неба праз Вострую Браму”. Таму хачу з упэўненасцю сказаць, што з Марыяй усё магчыма. Адвагі! Рыхтуйце свае сэрцы і далучайцеся.

Мая сям’я звяртаецца да Маці Міласэрнасці не толькі ў дзень Яе літургічнага ўспаміну, але і ў штодзённых малітвах. Маем дома абраз Маці Божай Вастрабрамскай, перад якім просім Марыю апекавацца нашай сям’ёй. Шчыра верым, што Яна заўсёды выслухае і дапаможа ў цяжкія хвіліны.
Дадавяраць свае просьбы Маці Міласэрнасці мяне навучылі тата і мама, паколькі самі некалі бралі прыклад са сваіх бацькоў.

Маці Міласэрнасці ўшаноўваю не толькі праз малітву, але таксама праз удзел у пілігрымцы ў Вільню. Мне падабаецца дух і атмасфера гэтага паломніцтва: можна і паспяваць, і патанчыць, і задумацца ў цішы над пэўнымі рэчамі. Ідучы ў Вострую Браму, мы шмат молімся, прымаем удзел у канферэнцыях, знаёмімся з гісторыяй, культурай і традыцыямі літоўскага народа.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 210 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.