ГРОДНА
Панядзелак,
15 красавіка
2024 года
 

Несці Божае слова туды, дзе аб ім яшчэ не чулі

Інтэрв'ю

16 кастрычніка ў каталіцкім Касцёле распачынаецца Сусветны місійны тыдзень. У сваіх малітвах будзем узгадваць духоўных і свецкіх асоб, якія працуюць у розных кутках свету, абвяшчаюць Божае слова і паказваюць шлях да Збаўлення праз Хрыста. Сярод тых, хто выконвае вялікую місійную справу – дыякан Анджэй Ганчар. Выпускнік Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі ў канцы лета адправіўся на гадавую місію ў Камерун. У сённяшнім нумары “Слова Жыцця” дыякан распавядае пра свой шлях да місіянерства і дзеліцца першымі ўражаннямі ад служэння ў афрыканскай краіне.
- Дыякан Анджэй, як Вы адкрылі для сябе місіянерскае пакліканне?
    - Некалькі гадоў таму для навучэнцаў гродзенскай семінарыі ладзіўся праект “Пакліканне”. Клерыкі здымалі відэа-ролік, дзе кожны распавядаў аб тым, якім чынам ён хоча рэалізаваць сваё пакліканне ў святарстве. Рыхтуючыся, я ўзяў у рукі там-там (музычны інструмент; драўляны барабан абцягнуты скурай – заўв. рэд.), пачаў іграць і разважаць над гэтым пытаннем.
    У пэўны момант сам Пан прамовіў да мяне. У галаве “загучалі” словы: “Божа, я хачу несці Тваё слова туды, дзе аб ім яшчэ не чулі”. З таго моманту я пачаў сур’ёзна задумвацца пра місіі.
    Чарговым крокам сталі рэкалекцыі, арганізаваныя айцамі місіянерамі з Варшавы. Тады я даведаўся шмат новага аб іх служэнні. Разам з аднакурснікам Дзянісам Бразінскім мы ўступілі ў Папскую місійную унію. Кожны яе член павінен маліцца за місійныя пакліканні, а таксама ў інтэнцыі тых, хто працуе далёка ад сваіх родных дамоў. Пазней мы атрымалі ліст-запрашэнне на практыку ў Казахстан, дзе непасрэдна ўключыліся ў місіянерскую працу. Пасля вяртання на Радзіму, дзякуючы ксяндзу Валерыю Быкоўскаму і айцу Казіміру Жылісу я пачаў служэнне ў гродзенскай турме. Цягам двух гадоў наведваў вязняў, рыхтаваў іх да споведзі, удзяляў святую Камунію.

    - Што стала штуршком да таго, каб адправіцца на місіі ў Афрыку?
    - У 2014 годзе мае сябры Арцём і Марта Ткачукі сталі валанцёрамі дабрачыннай місіі “Foyer St. Dominique” у камерунскай сталіцы Яўндэ. Яны працавалі ў дзіцячым доме, які заснаваў польскі амініканец айцец Дарыюш Гадава, і рэгулярна дзяліліся са мной уражаннямі. Іх аповеды мяне захапілі. Адсюль узнікла жаданне паспрабаваць свае сілы ў якасці місіянера ў Камеруне.
    Па прыездзе з Афрыкі Арцём і Марта сыгралі вяселле, дзе я і пазнаёміўся з айцом Дарыюшам. Ён шмат мне распавядаў аб сваім служэнні, якім займаецца на працягу 25-ці гадоў, а пасля запрасіў на практыку. Я напісаў просьбу да ксяндза біскупа Аляксандра Кашкевіча. Ён пагадзіўся і выдаў дэкрэт, згодна з якім я магу цягам года знаходзіцца на місіях.
   
Місіянер – гэта, перш з ўсё, воін на перадавой, які прадстаўляе інтарэсы Бога. Акрамя таго, гэта яшчэ і чалавек, які не цураецца любой іншай працы. Калі ёсць такая патрэба, ён будзе мыць брудных дзяцей, чысціць прыбіральню ці навучаць, лячыць, будаваць. Сапраўдны місіянер закасае рукавы і пачне выконваць ускладзеныя на яго абавязкі. Усе нашы словы павінны падмацоўвацца справай. Таму даваць прыклад іншым трэба, найперш, сваёй дзейнасцю і ўчынкамі.

  Заняткі з энергічным дк. Анджэем прыносяць дзецям шмат радасці  - Як рыхтаваліся да паездкі?
    - Найперш трэба было зрабіць прывіўкі і сабраць ахвяраванні на місіі. Грошы патрэбны, каб купіць квіток на самалёт. Ды і ў сам дзіцячы дом не прыедзеш з пустымі рукамі. На ўтрыманні айца Дарыюша знаходзіцца 50 дзяцей рознага ўзросту. Трэба ўсіх забяспечыць адзеннем і абуткам, пракарміць, адправіць у школу, аплаціць рахункі. Дзякуй Богу, у нашай дыяцэзіі знайшліся адкрытыя на маю просьбу ксяндзы пробашчы, якія дазволілі прыехаць у свае парафіі. Там я распавядаў аб тым, куды і з якой мэтай еду. І вернікі, усведамляючы, што місіянерская праца патрабуе не толькі малітоўнай, але і фінансавай падтрымкі, ахвотна складалі ахвяраванні, за што я ім бязмерна ўдзячны.
    З дапамогай ксяндза Уладзіміра Гуляя, пробашча лідскай парафіі Узвышэння Святога Крыжа, удалося сабраць патрэбнае адзенне для дзяцей і закупіць 30 кілаграмаў мыла, якое ў Камеруне на ва- гу золата.
   
    - Як выглядае жыццё на місіі, і што ўваходзіць у Вашы абавязкі?
    - Мой дзень пачынаецца а палове 5-й раніцы. Я маю прыкладна гадзіну, каб памыцца, памаліцца на Брэвіярыі, пачытаць Святое Пісанне і паразважаць над ім, паколькі днём практычна немагчыма знайсці вольны час. Дзеці прачынаюцца раней – а 4-й гадзіне, бо павінны прыбрацца і паспець выканаць некаторыя даручэнні. У 6.00 распачынаецца св. Імша. Пасля набажэнства дзеці снедаюць і ідуць у школу, а ў нас з айцом Дарыюшам пачынаецца “вірлівае” жыццё. Я шмат працую фізічна, паколькі дзіцячы дом размяшчаецца на вялікай тэрыторыі. Там ёсць хатняя гаспадарка: трусы, галубы, паўліны. За ўсім неабходны дагляд. Акрамя таго, на мяне ўскладзена вельмі адказнае заданне – лячыць хворых дзяцей.
    Каля 3-й гадзіны дня хлопчыкі і дзяўчынкі вяртаюцца са школы. Старэйшыя мыюць школьную форму, малодшыя малююць альбо гуляюць. У 17.30 усе моляцца на Ружанцы. Калі па нейкіх прычынах хтосьці не можа прысутнічаць, то павінен індывідуальна памаліцца пазней. Затым мы вячэраем. Ежа разносіцца ў вялікіх місках. Дзеці сядаюць проста на падлогу, паколькі сталоў для іх няма, і пачынаюць есці. Мясцовая кухня, канешне, вельмі адрозніваецца ад беларускай: у стравы дадаюць шмат спецый. Сярод камерунскіх дэлікатэсаў – чарвякі з пальмавага дрэва, змеі, малпы, вараны, галубы. Пасля вячэры кожны павінен прыбраць пасля сябе: падмесці, вымыць падлогу. Гэта выконваюць нават самыя маленькія.
    Увогуле, дзіцячае жыццё тут падпарадкоўваецца пэўным правілам, за парушэнне якіх караюць. Дзягай тут, канешне, не б’юць. Таксама ніхто не забярэ на тыдзень тэлефон ці планшэт (гэтых рэчаў дзеці проста не маюць). Затое могуць паставіць дзіця на калені і даць заданне – вывучыць на памяць малітву. Цікава, што яны зусім не крыўдзяцца на пакаранне, а наадварот – прыходзяць і дзякуюць. Яны вельмі адкрытыя, прыязныя, зусім не ўмеюць плакаць. З вялікім задавальненнем бавяць са мною свой вольны час, любяць, калі я з імі гуляю, просяць, каб што-небудзь намаляваў.
   
Місія Камерун больш за 20 гадоў нясе дапамогу дзецям у Бертуа і Яўндэ. Падтрымлівае найбяднейшых дзяцей і моладзь, забяспечваючы ім магчымасць атрымання адукацыі, даху над галавой, рэгулярнага харчавання і медыцынскай апекі.

    - Рэлігійнасць камерунцаў – якая яна?
    - Аб тым, як выглядае жыццё супольнасці мясцовых вернікаў, на вялікі жаль, не магу расказаць, паколькі жыву на тэрыторыі дзіцячага дома, а не ў парафіі. Але калі даваць нейкую агульную ацэнку, то варта зрабіць акцэнт на тым, што ў Афрыцы няма няверуючых, ёсць толькі тыя, хто яшчэ не ведае Хрыста. Калі выходзіш у горад і назіраеш за людзьмі, то заўважаеш, што веруючых людзей сапраўды шмат. Многія носяць ружанец на шыі. Часта можна сустрэць таксі з рэлігійным надпісам кшталту “Бог – мой Збаўца”.
    Камерунцы могуць гадзінамі праслаўляць Пана праз танец і спеў. Яны шчыра вераць, што Бог ёсць, што Ён апекуецца імі і дапамагае. Але разам з тым гэтыя людзі вераць і ў сувязь паміж жывымі і памерлымі, таму не нясуць нябожчыка на могілкі (іх увогуле няма), а хаваюць яго каля ўласнага дома. Таксама ўпэўнены ў моцы пракляццяў. Аднак калі разабрацца, то тут няма нічога надзвычайнага. Падобную сітуацыю можна назіраць і ў Беларусі, калі католік ходзіць у касцёл, чытае Святое Пісанне і носіць пры гэтым чырвоную нітку на запясці альбо наведвае варажбітак.
   
   Падчас св. Імшы ў камерунскім Доме дзіцяці - У чым бачыце сэнс місіянерства?
    - Я лічу, што місіянерам павінен быць кожны хрысціянін, а не толькі ксёндз ці манахіня. Гэтае служэнне – абавязак усіх, хто хоча ісці за Хрыстом і пераймаць Яго.
    Езус сказаў сваім вучням: “Наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго” (Ян 15, 17). Таму місія кожнага чалавека – адкрывацца на бліжняга, не звяртаючы ўвагі на тое, дзе знаходзішся: у Беларусі ці, можа, на другім канцы свету. Паколькі менавіта праз любоў і ўчынкі міласэрнасці ўсе людзі на цэлым свеце пазнаюць Бога.
    “Хрыстос – Пан рызыкі, не камфорту, бяспекі і ўтульнасці, – зазначае папа Францішак. – І каб пайсці за Езусам, трэба мець адвагу. Неабходна вырашыцца замяніць канапу парай чаравікаў, што дапамогуць хадзіць па дарогах, якія ніколі нам не сніліся, пра якія мы нават не думалі; па дарогах, якія могуць адкрыць новыя гарызонты, зарадзіць радасцю – той, якая нараджаецца з любові Бога і пакідае ў сэрцы кожны жэст, кожную паставу міласэрнасці. Трэба вырушыць у шлях, пераймаючы “шаленства” нашага Пана, які вучыць сустракаць Яго ў галодным, сасмаглым, нагім, хворым, сябры, які дрэнна скончыў, вязні, бежанцы і імігранце, самотным блізкім чалавеку. Ва ўсіх асяроддзях любоў Бога заахвочвае нас несці Добрую Навіну, ператвараючы сваё жыццё ў дар для Яго і іншых”. Ва ўсім, што я раблю, стараюся кіравацца гэтымі прыгожымі і мудрымі словамі Пантыфіка.
   
Калі хочаш стаць валанцёрам у камерунскім дзіцячым доме, Ты павінен:
   
    • мець бачанне свайго валантарыяту
    • валодаць французскай мовай на камунікацыйным узроўні
    • мець грошы на выезд (місія забяспечыць жыллём і ежай, на якія трэба будзе зарабіць сваёй працай)
   
    e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
red
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  261

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.