ГРОДНА
Аўторак,
29 красавіка 2025 года |
Нераўнадушныя да чужога цярпення

Часам бліжэй, чым святар
Душпастырства службы аховы здароўя г. Гродна існуе з 2007 года. Ініцыятарам і заснавальнікам супольнасці з’яўляецца кс. Андрэй Радзевіч. Святар апекаваўся ёй на працягу 4-х гадоў. З лістапада 2011 года душпастырам быў кс. Мікалай Ціхановіч. З верасня 2015 года па сённяшні дзень ім з’яўляецца кс. Віталій Сідорка. “Любы від дзейнасці чалавека бласлаўлёны Панам, і кожны пакліканы да рэалізацыі пэўных Божых намераў, – зазначае кс. Віталій. – Таму духоўная апека над людзьмі жыццёва неабходная, асабліва над тымі, хто сутыкаецца ў сваёй прафесійнай дзейнасці з экстрэмальнымі сітуацыямі. У гэтым ліку і медыкі, якія маюць справу з хворымі, болем, цярпеннем і нават смерцю. Часамі яны могуць бліжэй падысці да чалавека, чым святар. Калі няма свядомасці, што хворы – гэта бліжні, а дапамога яму – заданне ад Бога, то і падыход да працы зусім іншы”. †
Душпастырства службы аховы здароўя г. Гродна існуе з 2007 года. Ініцыятарам і заснавальнікам супольнасці з’яўляецца кс. Андрэй Радзевіч. Святар апекаваўся ёй на працягу 4-х гадоў. З лістапада 2011 года душпастырам быў кс. Мікалай Ціхановіч. З верасня 2015 года па сённяшні дзень ім з’яўляецца кс. Віталій Сідорка. “Любы від дзейнасці чалавека бласлаўлёны Панам, і кожны пакліканы да рэалізацыі пэўных Божых намераў, – зазначае кс. Віталій. – Таму духоўная апека над людзьмі жыццёва неабходная, асабліва над тымі, хто сутыкаецца ў сваёй прафесійнай дзейнасці з экстрэмальнымі сітуацыямі. У гэтым ліку і медыкі, якія маюць справу з хворымі, болем, цярпеннем і нават смерцю. Часамі яны могуць бліжэй падысці да чалавека, чым святар. Калі няма свядомасці, што хворы – гэта бліжні, а дапамога яму – заданне ад Бога, то і падыход да працы зусім іншы”. †

У склад душпастырства ўваходзіць каля 50-ці ўдзельнікаў, якія рэгулярна прыходзяць на сустрэчы. Сярэдні ўзрост членаў супольнасці – 40-45 гадоў.
Усяго ў горадзе больш за тысячу медыцынскіх работнікаў. Але, як відаць, толькі паўсотні шукаюць духоўнай падтрымкі ў хрысціянскай супольнасці. Не хапае часу? “Мабыць, няма свядомасці, што душпастырская апека жыццёва неабходная, – тлумачыць кс. Віталій. – Служэнне медыкаў выходзіць па-за межы прафесіі, бо яны выконваюць надзвычайную місію. Кожнае спатканне з хворым – выключна індывідуальная справа. Часамі здараюцца непрадбачаныя абставіны, да якіх персанал не падрыхтаваны. Ды і самая, здавалася б, простая акалічнасць можа скончыцца нечакана... Канешне, па-людску я разумею: каласальная занятасць, пасля працы хочацца адпачыць. А прыйсці на спатканне, выдзяліўшы некалькі гадзін з адзінага выхаднога ў нядзелю, – сур’ёзны высілак. Аднак мне б усё ж вельмі хацелася, каб удзельнікаў гэтых сустрэч было больш”.
Галоўнае – не нашкодзіць
Штомесячна члены супольнасці збіраюцца на сумесную св. Імшу, пасля якой адбываецца спатканне. Да ўвагі ўдзельнікаў душпастыр прапануе даклады на тэмы, звязаныя з духоўнасцю як урача, так і пацыента. “Некаторыя праблемы выходзяць па-за межы медыцынскай кампетэнцыі, – падкрэслівае кс. Віталій. – Як, напрыклад, ставіцца да цярпення чалавека, яго болю, трагедыі? Чаму асоба можа цярпець і пры гэтым радавацца альбо быць удзячнай? Прапаную разважанні Касцёла на гэты конт”.
Андрэй Аслаўскі згаджаецца з тым, што любое цярпенне становіцца для чалавека выпрабаваннем, таму хворага вельмі важна падтрымліваць, падбадзёрваць. З боку медыка ў дадзеным выпадку патрабуецца асаблівая ўвага і цярплівасць. “Галоўнае – памятаць аб першай запаведзі медыка – не нашкодзь”, – запэўнівае Андрэй. “У размове з пацыентамі я імкнуся данесці, што Бог міласэрны і Ён не пакідае чалавека ў цярпенні, – гаворыць Тарэза Банцэвіч. – Заахвочваю чытаць Біблію, дзе можна знайсці адказы на ўсе хвалюючыя пытанні”.

Караліна Бутоліна прызнаецца, што ў душпастырстве ўпершыню задумалася над пытаннямі біяэтыкі. “Такую дысцыпліну не выкладаюць у медуніверсітэце, – сцвярджае яна. – Змяніла сваё стаўленне да кантрацэпцыі, ЭКА. Тут я атрымліваю шмат важнай і карыснай інфармацыі, якая натхняе мяне і дапамагае ў жыцці і прафесіі”.
Курс на паглыбленне веры
На працягу 3-х апошніх гадоў у Лідзе і Гродне праходзяць Дыяцэзіяльныя сустрэчы работнікаў службы аховы здароўя, прысвечаныя актуальным медыцынскім праблемам. У Адвэнце адбываюцца традыцыйныя рэкалекцыі, калі ўдзельнікі маюць магчымасць засяродзіцца на сваім духоўным стане. У час Божага Нараджэння – аплатковая сустрэча. У мінулым годзе члены душпастырства ўдзельнічалі ў рэкалекцыях, якія арганізоўвала Агульнапольскае душпастырства медыкаў у Чанстахове (Польшча). У планах – рэгулярныя выезды на такія рэкалекцыі.

Амаль год таму па ініцыятыве ўдзельнікаў была арганізавана дабрачынная акцыя. Пры падтрымцы дыяцэзіяльнага “Карытас” члены душпастырства набылі невялікія падарункі і наведалі старэйшых медыкаў, якія ўжо не прыходзяць на сустрэчы. А на Сусветны дзень хворага і ўспамін Маці Божай з Лурд збіраліся разам на супольнай св. Імшы ў Гарадской бальніцы №2.
У гэтыя дні адбылася першая сустрэча мясцовага душпастырства службы аховы здароўя ў Лідзе. Цяпер і там медыкі будуць мець штомесячныя спатканні. Усе разам плануюць збірацца на дыяцэзіяльных сустрэчах.
Апека над медыкамі-студэнтамі
Караліна Бутоліна прапануе ўзгадаць словы св. Маці Тэрэзы: “Важна не тое, што мы робім, а тое, колькі любові мы ў гэта ўкладваем. Усе мы павінны стаць святымі. Кожны на тым месцы, куды паслаў Пан”. Яна ўпэўнена, што медык пакліканы служыць людзям, браць на сябе адказнасць за іх здароўе і жыццё. А гэта немагчыма без любові да абранай справы.
Напрыканцы душпастыр заўважае, што было б добра наладзіць кантакты з медуніверсітэтам. “Адукацыя работнікаў службы аховы здароўя ў большасці засноўваецца на «матэрыяльных» дысцыплінах: фізіялогія, анатомія, генетыка, – зазначае кс. Віталій. – Часам гэтыя прадметы вядуць да спакусы стаць няверуючым або ўмацавацца ў бязвер’і. Як мне здаецца, душпастырская апека будучых медыкаў вельмі неабходная”.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 247 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.