ГРОДНА
Панядзелак,
30 студзеня
2023 года
 

У Ружанцы – сіла!

Слова рэдактара

18-453-pdf byУ кастрычніку вернікі асаблівым чынам бяруць у рукі пацеркі ружанца і звяртаюцца да Пана праз заступніцтва Яго Маці. Гэтая малітва з’яўляецца адной з найбольш папулярных у свеце сярод людзей простых і адукаваных, духоўных і свецкіх.
    Кожнае “Вітай, Марыя” адмервае час і з’яўляецца чымсьці тыпу духоўнай мелодыі, якая суцішвае розум і пачуцці. Разам з тым, цэнтр сваёй душы чалавек стараецца адкрыць на Божага Сына. Ружанец – гэта штосьці большае, чым мудрая і эфектыўная медытацыйная тэхніка. Гэта спроба ўвабраць у сябе ўсю сутнасць Евангелля, якое, паступова пранікаючы ў свядомасць, узмацняе веру і набліжае да Бога.
Ян Павел ІІ апісаў сутнасць ружанцовай малітвы так: “Яна павінна накіроўваць дух да ўпадабання пазнавання Хрыста”. У апостальскім лісце “Rosarium Virginis Mariae” Святы Айцец заклікае, просіць і заахвочвае нанова адкрываць скарб малітвы на ружанцы. “Гэта любімая малітва многіх святых. [...] У сваёй прастаце і глыбіні яна застаецца [...] малітвай з вялікім значэннем і прыносіць плён святасці” (RVM 1).
    Молячыся Ружанцам, мы нібыта становімся пераемнікамі Марыі. З аднаго боку Яна з’яўляецца Заступніцай, а з другога – адной з нас, якая дайшла да поўнага адзінства з Панам. Яна таксама наша пацвярджэнне, гарантыя Божага абяцання і крыніца надзеі. Разам мы накіроўваемся туды, куды Марыя ўжо дайшла.
    Сястра Лусія з Фацімы калісьці цудоўна сказала: “Ружанец з’яўляецца самай магутнай зброяй, з якой мы толькі можам змагацца на полі бою”. Ніколі не позна, суцішыўшы сэрца, распачаць ружанцовую малітву. Яна такая лёгкая і адначасова багатая, што сапраўды заслугоўвае таго, каб хрысціянская супольнасць нанова яе адкрыла. Толькі ў Ружанцы наша сіла.
    Гісторыя паказвае, як у складаныя для Касцёла часы распаўсюджвання ерасі Ружанцам горача маліліся дамініканцы. Сёння мы павінны адказваць на новыя выклікі. Колькі ў свеце вядзецца войнаў! Да сёння трываюць узброеныя канфлікты ва Украіне, Сірыі і многіх іншых частках свету. Акрамя ўсяго гэтага, у нашых сем’ях, магчыма, ёсць хтосьці, хто згубіўся на шляхах веры. Да таго, існуе яшчэ шмат людзей, якія ўвогуле не ведаюць Пана Бога, бо да іх не дайшла Добрая Навіна аб Збаўленні. Памолімся за абвеснікаў Божага слова на нехрысціянскіх тэрыторыях – місіянераў. Тым больш, што ў гэтым месяцы перажываецца Сусветны місійны тыдзень. Хутка будзем успамінаць св. Луку – заступніка службы аховы здароўя. Варта ўзяць у рукі ружанец з той верай, якую мелі нашы папярэднікі, і выпрасіць у Бога праз заступніцтва Марыі ўсе неабходныя ласкі.
   
   Паклапоцімся аб тым, каб вярнуць дамоў цудоўны звычай заканчваць дзень супольным Ружанцам. Так мы звяжам малітвай нашыя сэрцы, каб яны сталі абарончай сцяной Хрыстовага Касцёла пад апекай Маці Міласэрнасці.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  336

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.