ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка
2024 года
 

Вогнішча на востраве

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Сябар! Напэўна, у Тваім жыцці здараліся сітуацыі, калі было цяжка пакорліва прыняць сваю долю. З вуснаў гучалі нараканні, бо здавалася, што Бог пасылае выпрабаванні несправядліва і незаслужана. Але ўся справа ў тым, што Усемагутны ніколі не памыляецца і лепей ведае, чаго мы патрабуем. Сёння прапануем Табе паразважаць над тым, як часам няпроста зразумець Божую волю.
Жорсткі шторм, які разгуляўся ў адкрытым акіяне, пусціў на дно карабель. Стыхія не пашкадавала нікога, акрамя аднаго чалавека. Ацалелы, ён ачуўся на досвітку, выкінуты хваляй на бераг.
    Чалавек выйшаў на сушу ў надзеі знайсці людзей, але хутка вярнуўся да таго месца, з якога пачаў шлях. Аказалася, што ён апынуўся на невялікім востраве, які “згубіўся” у бязмежным акіяне. Людзей тут не было. Чалавек застаўся адзін.
    І тады ён змайстраваў сабе хаціну з галінак і абломкаў карабля. Кожны дзень маліў Бога, каб той паслаў яму выратаванне. Але праходзілі дзень за днём, тыдзень за тыднем, месяц за месяцам, а чалавек па-ранейшаму заставаўся ў адзіноце.
    Аднойчы, правёўшы цэлы дзень у пошуках пражытку, чалавек вярнуўся да свайго ўбогага жылля і ўбачыў на яго месцы папялішча. Хаціна ператварылася ў дымныя вуголлі.
– Божа! – у адчаі закрычаў чалавек. – Няўжо мала выпрабаванняў выпала на маю долю? За што Ты караеш мяне, пазбаўляючы і той драбніцы, якая ў мяне была?
    Заплакаў ад гора, а яшчэ больш – ад бяссілля. Упаў на зямлю, не ведаючы, як яму жыць далей. Ён доўга ляжаў, не падымаючы вачэй. Паступова дзённая прахалода змянілася вячэрняй. А чалавек усё ляжаў і не мог устаць, таму што ў яго ўжо не было сіл.
    Як раптам чалавек пачуў гукі: такія звыклыя на караблі, але забытыя на беразе. Спачатку ціха, потым усё гучней і гучней. Ён падняў галаву і ўбачыў карабель, які ідзе да вострава. Чалавек узрадаваўся і зразумеў, што выратаваны.
    – Як вы знайшлі мяне? – спытаў чалавек у маракоў, якія прыплылі да берага.
    – Мы ўбачылі сігнальнае вогнішча, якое ты распаліў на беразе, – адказалі яны яму. Чалавек не стрымаўся і заплакаў.
   
    Задумайся:
    * Пры якіх абставінах чалавек апынуўся на бязлюдным востраве?
    * Што ён рабіў, каб выжыць?
    * Чаму аднойчы чалавек упаў у адчай?
    * Якія пакуты перажываў у душы?
    * Навошта Бог дапусціў узгаранне хаціны?
   
Увага!
    Працягваецца конкурс малюнкаў “Мая катэхеза”.
    Да ўдзелу запрашаюцца маленькія чытачы, якім прапануецца адлюстраваць у малюнку свой занятак па катэхезе. Гэта можа быць выява вясёлага катэхета ў класе, сумеснай размовы з бацькамі, развучвання малітваў з бабуляй і інш. Ніякіх абмежаванняў у фантазіі і колерах!
    Пакажыце, як Вы даведваецеся пра Бога.
    Удзельнікі конкурсу будуць узнагароджаны прызамі.
   
    Чакаем Вашых лістоў на адрас рэдакцыі:
    230025, г. Гродна, вул. К. Маркса, 4.
   
    Спяшайцеся!
    Вынікі конкурсу будуць аб’яўлены ў нумары газеты за 9 кастрычніка.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  81

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.