ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Учынак для цела бліжняга. Прыняць у дом падарожных

Практыкаванні ў міласэрнасці

Напэўна, кожнаму хоць аднойчы даводзілася пакінуць свой дом і адправіцца ў падарожжа. Гэта магла быць турыстычная або дзелавая паездка, пілігрымка або проста спантанны візіт у іншую мясцовасць. І як жа прыемна сустрэць на шляху добрых, гасцінных людзей з адкрытым сэрцам! Дзякуючы ім, адчуваеш сябе жаданым госцем у любым месцы.
    Аб падарожных сёння можна гаварыць у шырокім маштабе. У грамадстве востра стаіць праблема міграцыі насельніцтва. Паводле даных ААН, 3,1% людзей на зямлі (звыш 200 млн.) знаходзяцца “ў дарозе” на тэрыторыі сваёй краіны або за яе межамі. Матывы для гэтага розныя: эканамічна-дэмаграфічныя (беднасць, беспрацоўе, нізкія заробкі, дрэнны ўзровень медыцыны ці адукацыі), палітычныя (вайна, тэрор, карупцыя), сацыяльна-культурныя (дыскрымінацыя, пераслед).
Чаму так важна не закрываць дзверы свайго дома для бліжняга? Відавочна, любое падарожжа звязана з некаторай доляй рызыкі. Залежны ад абставін, чалавек без даху над галавой і прысутнасці блізкіх побач можа адчуваць сябе безабаронным. Але, нягледзячы на ўсе магчымыя перашкоды, Бог не пакідае чалавека, а прыходзіць яму на дапамогу праз іншага. Як гаварыў апостал Павел, кожны з’яўляецца “святыняй Бога і Дух Божы жыве ў ім” (1 Кар 3, 16). Справа толькі ў тым, ці дасць асоба “выйсці” нечаму Божаму з душы, ці закрыецца на патрэбы бліжняга, забыўшыся, што створана па вобразе Усемагутнага. Хрысціянін, стараючыся выконваць гэты ўчынак міласэрнасці, павінен памятаць пра вельмі важнага Госця, які чакае праяўлення любові да Яго. “Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне” (Мц 10, 40).
    Першы прыклад гасціннасці ў Бібліі дае Абрагам. Убачыўшы тры постаці, якія набліжаліся да яго шатра ў самую спякотную пару дня, ён выйшаў ім насустрач і запрасіў да сябе. Аказалася, што ён прыняў самаго Пана і Яго анёлаў. Бог паабяцаў, што праз год Сара народзіць яму жаданага сына, спаўна аддзячыўшы Абрагаму за адкрытае сэрца.
    Мець такое сэрца пакліканы кожны хрысціянін. Аб гэтым нагадвае добрая традыцыя “пустога месца”, якая ўшаноўваецца на Вігілію Божага Нараджэння. На святочны стол кладуцца “лішнія” прыборы і талерка, што сімвалізуе гатоўнасць людзей прыняць у дом магчымага госця. Традыцыя прыпамінае: у душы кожнага павінен нанова нарадзіцца Хрыстос. А разам з Ім – і адноўленае сэрца, адкрытае на міласэрнасць.
    Сам Езус не аднойчы быў прыкладам, якога не прынялі (Бэтлеем, дзе не знайшлося месца для Яго нараджэння) або прынялі (пакой у Ерузалеме, дзе адбылася Апошняя Вячэра) гасцінна. І сёння Ён, уваскрослы і праслаўлёны, з’яўляецца “падарожным”: шукае людзей, якія адчыняць Яму дзверы. Ён асаблівым чынам прысутнічае ў Эўхарыстыі, цэлебраванай у Касцёле як Божым доме, што дае бяспеку і гарантуе збаўленне. З другога боку, непасрэдна Хрыстос даў чалавеку дасканалы прыклад гасціннасці, калі сцвердзіў: “У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас” (Ян 14, 2). Гэта значыць, што кожнага ў Айцоўскім доме пасля зямной вандроўкі чакае Бог.
    Учынак для цела бліжняга мае таксама і духоўнае вымярэнне. “Прыняць падарожных” – значыць пусціць пад дах свайго сэрца заблукалых у жыцці вандроўнікаў. Часамі людзі страчваюць правільны кірунак, веру, сэнс. Таму трэба быць нераўнадушным хрысціянінам, стаць своеасаблівым маяком, які не дасць бліжняму згубіцца на прасторах жыцця. Такая дапамога вельмі каштоўная ў вачах Бога. .
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
    1. Прыняцце ў дом падарожнага з’яўляецца выражэннем хрысціянскай любові і разважлівасці.
    2. Гасціннасць узмацняе салідарнасць і еднасць паміж людзьмі.
    3. Робячы дабро бліжняму, чалавек развіваецца і сам сабе дапамагае.
    4. Асоба, што прыходзіць у “чужы” дом, – гэта Хрыстос, які чакае аказання Яму любові.
    5. Кожны, хто праяўляе міласэрнасць у адносінах да бліжняга, становіцца сведкам Бога і Яго прыладай.

   
Кс. Юрый ЖэгарынУсе мы крочым да адной мэты – Валадарства Нябеснага. Там наша айчына і пастаяннае месца жыхарства. Таму падарожны – гэта кожны чалавек, якому патрэбна дапамога. У больш вузкім разуменні – пілігрым, вандроўнік, той, каго ў дарозе трэба выручыць з начлегам, харчаваннем, цёплым адзеннем, лекамі і інш. Аказаць міласэрнасць для тых падарожных, якія разгубіліся ў жыцці або духоўна аслаблі, намагаецца і Касцёл на Гродзеншчыне. З гэтай мэтай у бліжэйшы час, маю надзею, адкрыюцца рэкалекцыйныя цэнтры і дамы для пілігрымаў у Сапоцкіне, Росі, Навагрудку. Тут людзі на нейкі час змогуць адарвацца ад штодзённых клопатаў і засяродзіцца над сэнсам свайго існавання. Для гэтага зараз ствараюцца ўсе неабходныя духоўныя і бытавыя ўмовы. Дарэчы, любы жадаючы можа прыняць удзел у дабрачыннай справе праз ахвяраванне на будаўніцтва такіх цэнтраў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.