ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Пакліканыя да няспыннага развіцця

З жыцця Касцёла

Настаўнікі забяспечваюць маладых людзей гарманічным разумовым, маральным і эстэтычным выхаваннем

Прафесія настаўніка – бадай што самая распаўсюджаная і патрэбная ў свеце. На яго вачах з маленькага хлопчыка ці дзяўчынкі вырастае Чалавек. І нават не веды адыгрываюць вызначальную ролю, але добрыя каштоўнасці, якія перадаюцца старэйшымі. Каб напаўняць дзяцей гэтымі багаццямі, трэба самім нястомна чэрпаць іх з крыніцы збаўлення. Па гэтай прычыне ў Гродне ўжо 15 гадоў існуе душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў.
Па прыкладзе чыгуначнікаў
    Душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў г. Гродна ўзнікла ў 2001 годзе па ініцыятыве спадарыні Людмілы Гапонік і а. д-ра Андрэя Шчупала CSsR.
    “У той час у горадзе актыўна дзейнічала душпастырства чыгуначнікаў, – успамінае Людміла Гапонік. – Мне захацелася стварыць нешта падобнае і для настаўнікаў. У жніўні 2001 года мы з сям’ёй адпачывалі ў Парэччы, дзе я пазнаёмілася з а. Андрэем Шчупалам. Прапанавала яму падтрымаць гэтую ідэю. Айцец згадзіўся”.
    У кастрычніку адбылася першая сустрэча душпастырства. Біскуп Аляксандр Кашкевіч блаславіў яго на сумесныя спатканні ў пабрыгіцкім касцёле пад кіраўніцтвам а. Андрэя Шчупала. “Спярша гэта былі мае знаёмыя і калегі, – гаворыць Людміла. – Мы прагнулі, каб выкладчыкі, настаўнікі, выхавацелі маглі збірацца разам, маліцца Богу, дзяліцца сваімі праблемамі і вопытам, дапамагаць адзін аднаму, падарожнічаць. На маю думку, з часам у нас усё атрымалася”.
З 2004 года душпастырам супольнасці з’яўляецца кс. Антоній Грэмза. У яе склад уваходзяць каля 40-а членаў, якія рэгулярна ўдзельнічаюць у сустрэчах. Сярод іх людзі рознага ўзросту: тыя, хто працуюць, і хто знаходзіцца на заслужаным адпачынку. Пераважная большасць – старэйшыя ўдзельнікі. Маючы дачыненне да душпастырства, яны не “выпадаюць” з прафесіі: у супольнасці з задавальненнем дзеляцца вопытам, адчуваючы сябе патрэбнымі. “Маючы 40 гадоў працоўнага стажу, нікому не навязваю свае меркаванні, – сцвярджае Зоф’я Шчыглінская. – Але калі да мяне звяртаюцца, ахвотна нешта падказваю.
    Душпастырства – гэта мая аддушына. З радасцю сустракаюся тут са сваімі сябрамі. Разам штосьці ўспамінаем, дзелімся планамі на будучае”. Душпастырства з’яўляецца не толькі т. зв. “клубам па інтарэсах”. “Перш за ўсё, гэта хрысціянская фармацыя, – зазначае душпастыр кс. Антоній Грэмза. – Сёння існуе шмат поглядаў на тое, як правільна выхоўваць дзяцей і моладзь. Адносна дадзенай праблемы сваё бачанне мае і Касцёл. Таму і самі настаўнікі і выхавацелі маюць патрэбу ў адукацыі, няспыннай духоўнай фармацыі. Ім проста неабходна быць на адной хвалі з рэчаіснасцю: даведвацца пра нешта новае, каб выкарыстоўваць гэта ў сваім далейшым жыцці і прафесіі. Акрамя ўсяго, удзельнікі супольнасці збіраюцца разам, каб падзякаваць Богу за пакліканне і ў каторы раз нагадаць сабе вялікую адказнасць асабістага служэння”.
   
На сустрэчах падымаюцца важныя актуальныя пытанні    У пошуках ісціны
    Члены душпастырства збіраюцца на супольную св. Імшу, пасля – на сустрэчу. На спатканні жадаючыя рыхтуюць рэфераты, даклады, пасля якіх адбываюцца дыскусіі. Удзельнікаў супольнасці хвалююць такія тэмы, як, напрыклад, гендэрная ідэалогія, этычнае і сексуальнае выхаванне маладых людзей, агрэсія ў школе, інтэрнэт як прастора без межаў, аўтарытэт настаўніка, супрацоўніцтва з бацькамі. Часамі ладзіцца прагляд кінафільмаў з наступным абмеркаваннем.
    Душпастыр мае надзею, што ў далейшым сустрэчы будуць праходзіць часцей: 2 разы на месяц. “Хацелася б мець спатканні ў фармаце хрысціянскага форуму настаўнікаў, – зазначае кс. Антоній. – А яшчэ мы плануем арганізацыю канферэнцый і лекцый у парафіях, дзе члены душпастырства змаглі б дзяліцца сваім досведам з іншымі”.
    Удзельнікі душпастырства па традыцыі імкнуцца супольна перажываць час Адвэнту і Вялікага посту: актыўна ўдзельнічаюць у рэкалекцыях і днях засяроджання. Разам святкуюць урачыстасці Божага Нараджэння, Вялікадня. Маюць сумесны адпачынак: выязджаюць у падарожжы, пілігрымкі (пілігрымка ў Навумавічы да месца мучаніцкай смерці жыхароў Гродна і Ліпска – адна з ініцыятыў душпастырства). “Дзякуючы душпастыру, мы пабывалі ў шматлікіх святых месцах: Чанстахове, Браславе, на Палессі, – распавядае Люцына Вішнявецкая. – На жаль, нашае пакаленне зведала часы, калі цяжка было падняць руку, каб перахрысціцца. Духоўнае развіццё спынілася на тым, што заклалі ў свядомасць бацькі. У душпастырстве мы паглыбляем сваю веру, узмацняемся малітвай, без якой мы проста бяссільныя... Можа, не мы, дык маладыя, спадзяюся, дажывуць да тых часоў, калі ўрок будзе распачынацца з малітвы. Бо веды – гэта важна, але найважней – вырасці добрым чалавекам”.
   
  Члены душпастырства заўсёды гатовыя падставіць адзін аднаму плячо  Падтрымліваючы адзін аднаго
    У 2013 годзе члены душпастырства выязджалі па запрашэнні ў Чанстахову (Польшча) на агульнапольскую сустрэчу настаўнікаў, дзе прысутнічалі як ганаровыя госці. Спатканне мела свой плён: удзельнікі ўбачылі добрыя прыклады таго, як разіваюцца душпастырствы настаўнікаў за мяжой, адзначылі, у якіх накірунках неабходна рухацца, каб дзейнічаць эфектыўна. “Часта свет настаўнікаў абмяжоўваецца школьнай дошкай, – цвярджае Уладзімір Ляўшук. – Яны жывуць на працы нават больш, чым дома. А свет шырокі... Варта змяняць атмасферу і адкрывацца на нешта новае”.
    У мінулую суботу завяршылася VI Дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў. На яе штогод збіраюцца спецыялісты з усёй Гродзенскай дыяцэзіі (як правіла, даязджаюць групамі з розных парафій). “У гэтым годзе сустрэча прайшла ў Воранаве, дзе знаходзіцца санктуарый Божай міласэрнасці, – распавядае кс. Антоній. – Удзельнікі разважалі над практычным аспектам міласэрнасці ў сваёй прафесійнай дзейнасці”. Раней дыяцэзіяльныя сустрэчы ладзіліся ў Тракелях, Росі, Лідзе. “Часта настаўнік-католік з’яўляецца белай варонай, – заўважае Уладзімір Ляўшук. – З-за таго, што адчуваеш сябе адзінокім, могуць апускацца рукі. Сустрэчы паказваюць – нас шмат. Тут людзі знаходзяць падтрымку, вучацца нечаму адзін у аднаго”.
    Дыяцэзіяльныя сустрэчы – своеасаблівая духоўная інтэграцыя. “Дзякуючы ім людзі адчуваюць еднасць паміж сабою, наладжваюць адносіны, дзе- ляцца сваімі перажываннямі, заручаюцца ўзаемнай падтрымкай”, – адзначае кс. Антоній.
   
    Каб потым адказаць перад Богам
    Душпастыр заўважае, што хацелася б больш зацікаўленасці з боку ўдзельнікаў супольнасці. Важна разумець, як яны самі уяўляюць развіццё душпастырства і што могуць для гэтага прапанаваць. “Каму Бог даў больш, з таго больш і патрабаваць будзе, – сцвярджае кс. Антоній. – Пакліканне адукаваць абавязвае працаўнікоў да няспыннага развіцця. Яны павінны дзяліцца добрымі каштоўнасцямі з маладым пакаленнем, што самае галоўнае ў іх прафесіі. А каб гэта рабіць, трэба мець добрую хрысціянскую базу”. Для гэтага і існуе душпастырства.
    “Настаўніку трэба памятаць, што ён таксама вучань, – гаворыць Уладзімір Ляўшук. – Галоўны Настаўнік – у Нябесным Валадарстве. Мы не вучым маладых людзей, мы вучым іх вучыцца. Даём ясны арыенцір – на Хрыста. Калі Ён ёсць, менш часу будзе марнавацца на глупствы. Разам молімся за сваіх вучняў, дапамагаючы ім знайсці сапраўдны сэнс жыцця”.
   
Сустрэчы душпастырства выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў адбываюцца ў кожную другую нядзелю месяца.
    Спатканне распачынаецца св. Імшой у пабрыгіцкім касцёле ў 16.00.
    Пасля яе ў залах пад касцёлам праходзіць сустрэча з душпастырам і ўдзельнікамі.
   
    Далучайцеся!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.