ГРОДНА
Чацвер,
22 лютага
2024 года
 

Ці можа Бог прамаўляць да нас праз сны?

Задай пытанне

Кс. Андрэй Лішко

Сон не з’яўляецца чымсьці звышнатуральным, і не трэба прыпісваць яму вялікае значэнне. Гэта натуральная функцыя арганізма, якая знаходзіцца па-за свядомасцю.
    Спецыяліст у вобласці псіхалогіі і сноў Карл Густаў Юнг вылучыў некалькі прычын узнікнення сноў. Па-першае, гэта знешнія фактары. Калі чалавек спіць, ён можа рэагаваць на гукі ці запаленае святло. Па-другое, на сон уплывае самапачуццё. Вобразы могуць узнікаць па прычыне болю, які мы адчуваем. Сны таксама з’яўляюцца вынікам таго, што адбывалася з намі ў мінулым. Часцей за ўсё, гэта моманты, якія не даюць спакою. Уплыў маюць таксама падзеі, што адбыліся непасрэдна перад засынаннем. Прагледжаны фільм ці прачытаная кніга могуць вярнуцца ў сне.
    Касцёл не выключае, што праз сон можа дзейнічаць Бог, не забараняе тлумачыць сны, але папярэджвае, што да гэтага трэба падыходзіць з асцярожнасцю. Вялікай памылкай з’яўляецца выкарыстанне соннікаў. Іх празмерная інтэрпрэтацыя можа стаць забабонам. Сюды належыць, напрыклад, перакананне: прысніўся памерлы – чакай няшчасця. Мы не павінны тлумачыць сон з памерлым як знак блізкай бяды, але, хутчэй, як просьбу аб памяці ў малітве.
Касцёл гаворыць і пра тое, што існуе з’ява т. зв. прарочых сноў. У Бібліі сон з’яўляецца сродкам камунікацыі Бога з чалавекам у тых месцах, дзе жывуць язычнікі. Напрыклад, у Новым Запавеце Анёл у сне просіць Юзафа не баяцца ўзяць да сябе цяжарную Марыю, а потым – забраць маці і дзіця ў бяспечнае месца ў Егіпет. У сне мудрацы з Усходу атрымалі загад не вяртацца да Ірада. Трэба адзначыць, што ўсе гэтыя прыклады маюць сувязь з рэальнай сітуацыяй. Намагаючыся зразумець сон, варта разглядаць яго ў агульным кантэксце.
    Існуе дыяметральная розніца паміж біблейскімі снамі і снамі ў язычніцкім асяроддзі. У паганскім свеце сон азначае пэўны знак, які трэба растлумачыць. У супрацьлегласць гэтаму, сон у Бібліі з’яўляецца дарам, які Бог сам неадкладна тлумачыць.
    Прарочыя сны мелі некаторыя святыя. Варта адзначыць, што сны гэтых людзей таксама былі неразрыўна звязаны з усім іх жыццём, не канцэнтраваліся на эгаістычных амбіцыях, але вынікалі з высакароднага жадання чыніць дабро бліжняму. Чалавеку, які вядзе мірнае і справядлівае жыццё, прасцей убачыць і зразумець Божыя знакі.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  313

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.