ГРОДНА
Субота,
24 лютага
2024 года
 

“OPEN”: адкрытыя на Бога і бліжняга

Юбілей

У канцы верасня Акадэмічнае душпастырства студэнтаў і працуючай моладзі “OPEN” адсвяткуе 10 гадоў свайго існавання. За гэты час сотні маладых людзей знайшлі ў супольнасці новых сяброў і нават сужэнцаў. З чаго ўсё пачыналася, і аб якіх дасягненнях душпастырства сёння хочацца ўспомніць?
Жаданне быць разам
    Гісторыя душпастырства бярэ пачатак у 2005 годзе, калі група маладых людзей вярнулася з Сусветных дзён моладзі ў Кёльне (Германія). Хлопцы і дзяўчаты, прасякнутыя ідэяй адзінства, выказалі прапанову фарміравацца пахрысціянску разам: не абмяжоўвацца арганізацыйнымі сустрэчамі напярэдадні СДМ, а мець нешта пастаяннае і стабільнае. Разлік быў на супольнасць, якая ніколі не апусцее за кошт студэнтаў, што прыязджаюць на вучобу ў Гродна. Ды і ў парафіяльных групах маладым людзям стала неяк “цесна”... Так і паўстала Душпастырства студэнтаў і працуючай моладзі г. Гродна.
У 2006 годзе біскуп Аляксандр Кашкевіч блаславіў яго на сумесныя сустрэчы пры пабрыгіцкім касцёле пад кіраўніцтвам душпастыра кс. Антонія Грэмзы.
    Калі ўзнікла пытанне аб назве, былі такія варыянты, як “Промень надзеі”, “Будзем разам”... Спыніліся на “OPEN”, што з англійскай мовы перакладаецца як “адкрыты”. Назва азначае, што трэба адкрываць сэрцы на Бога і іншага чалавека.
    Зараз у душпастырстве каля 80-ці пастаянных удзельнікаў. На жаль, лічба іх меншая, чым была напачатку. “Па-першае, моладзь абмежавана віртуальным светам, – зазначае духоўны кіраўнік кс. Антоній Грэмза. – Маладым людзям прасцей весці камунікацыю праз інтэрнет, чым у рэальным жыцці. Яны лянуюцца, як сказаў падчас СДМ у Кракаве папа Францішак, «устаць з канапы» або не маюць адвагі, каб прыйсці і сустрэцца, запытацца аб нечым, пацікавіцца. Збіраюцца тыя, хто жадаюць быць разам. На жаль, іх меншасць. Вялікая частка, якая шукае Бога, падтрымлівае сувязь праз інтэрнет: дасылае ў сацыяльных сетках свае пытанні. Па-другое, сёння развіваюцца парафіяльныя душпастырствы моладзі, што, канешне, не можа не радаваць”.
    Сярэдні ўзрост удзельнікаў супольнасці – 20–25 гадоў. Сярод маладых людзей найбольш тых, хто заканчвае вучобу або ўжо працуе. Узроставыя рамкі пашыраюцца да 16–35 гадоў. Як заўважае душпастыр, малодшыя навучаюцца ў старэйшых, старэйшыя – у малодшых. Разам яны клапоцяцца пра заўтра, прытрымліваючыся дэвіза супольнасці: “Будучыня ў вашых сэрцах і вашых руках”.
   
   Кёльн стаў кропкай адліку ў лёсе гродзенскага душпастырства моладзі Розныя інтарэсы – мэта адна
    У межах душпастырства дзейнічаюць некалькі груп. Найбольш папулярная з іх – “Уваскрасенне”. Гэта дабрачынная суполка, у якой займаюцца дапамогай хворым дзецям, сіротам, бяздомным. Валанцёры збіраюць ахвяраванні, дары, удзельнічаюць у шматлікіх мерапрыемствах і акцыях у падтрымку патрабуючых. “Неабавязкова быць багатым або мець уплыў, каб дапамагаць, – заўважае Алена Харольская. – Дастаткова мець сэрца, адкрытае на дабрыню і разуменне”.
    Яшчэ адна вялікая па колькасці ўдзельнікаў група – “Caritas Dei”. Гэта малітоўная суполка маладых людзей, якія збіраюцца на паўтарагадзінную адарацыю перад Найсвяцейшым Сакрамантам. У цішыні або сумесным праслаўленнем моладзь моліцца ў розных інтэнцыях і намерах. Як падкрэслівае кс. Антоній, маладыя людзі вядуць малітву самі (духоўны кіраўнік толькі спадарожнічае). І вельмі шануюць гэты час, які знаходзяць для Бога ў мітусні свету.
    Таксама ў душпастырстве ёсць група “Ружа Маці Божай Фацімскай”. Моладзь яднаецца ў сумеснай малітве на ружанцы, што робіць яе яшчэ мацнейшай. Штомесячна маладыя людзі збіраюцца, каб змяняць паміж сабою таямнічкі.
    Біблейская група “Effata” сустракаецца для разважання над Святым Пісаннем. “Некаторыя прыходзяць проста паслухаць, – заўважае кс. Антоній. – Маладыя людзі разам разважаюць, вучацца слухаць Бога і прымяняць Яго Слова ў жыцці”.
    Ужо 3 гады пры душпастырстве існуе музычны гурт з аднайменнай назвай “OPEN”. Яго ўдзельнікі дзеляцца сваімі талентамі праз спеў і ігру на музычных інструментах.
    Маладыя людзі збіраюцца разам на агульных сустрэчах. Маяк са свечкай, які запальваецца на пачатку і напрыканцы спаткання, сімвалізуе святло, надзею і верны шлях, які можна знайсці дзякуючы Хрысту і Марыі. Часам на гэтыя спатканні прыходзяць навічкі. На першую сустрэчу “OPEN” бягучага душпастырскага года па запрашэнні сябра прыйшоў Андрэй Радзевіч. Як зазначае сам, з’яўляецца католікам, але ў касцёле бывае нячаста і пра супольнасць гэтую раней не чуў. “Так здарылася, што я «выпаў з жыцця». Трапіў у дарожна-транспартнае здарэнне і зараз знаходжуся на лячэнні. У мяне з’явіўся час, ды і цікава пазнаёміцца з новымі людзьмі”.
   
    Сумеснымі намаганнямі
    Душпастырства паспяхова трансфармуецца ў новыя формы. Дзякуючы актыўным удзельнікам “OPEN”, некалькі гадоў таму ў Гродне паўстаў евангелізацыйны курс “Альфа”. За гэты час яго наведалі больш за сотню чалавек. Такім чынам, удзельнікі душпастырства пачалі дзяліцца сваёй верай не толькі ў коле супольнасці, але і па-за яго межамі сярод тых, каму яшчэ складана даверыцца Богу.
    Пры “OPEN” таксама існуе група афрыканскіх студэнтаў. Моладзь з Нігерыі, Камеруна і Філіпінаў удзельнічае ў сумесных сустрэчах душпастырства. Разам з іншымі яны святкуюць Вялікдзень і Божае Нараджэнне. Даюць канцэрты, дзеляцца адметнасцю сваёй веры. Наколькі маладыя людзі з розных кантынентаў з’ядналіся, можна меркаваць па тым, што яны давяраюць адзін аднаму свае праблемы, гатовыя адказаць на патрэбы бліжняга. Такім чынам, у мінулым годзе ўдзельнікі супольнасці купілі для хворага на рассеяны склероз хлопца з Нігерыі спецыяльны масажор для лячэння.
    Штогод “OPEN” арганізуе такія вядомыя акцыі, як “Ружанец праз Skype”, “Пячэнька за пячэньку”. Традыцыйны Крыжовы шлях вуліцамі Гродна – таксама ініцыятыва душпастырства. Акрамя таго, лідары супольнасці падтрымліваюць свайго душпастыра ў шматлікіх дыяцэзіяльных мерапрыемствах.
    “Дзякуючы «OPEN», я даведаўся пра сустрэчы «TAIZE» i «LEDNICA», – гаворыць Андрэй Шышко. – Рэгулярна езджу на спатканні. І кожны раз адкрываю для сябе нешта новае”. Але “OPEN” – гэта не толькі дзейнасць унутры душпастырства. “Мы арганізоўваем сумесныя паходы ў тэатр, кіно, падарожнічаем, – распавядае Алена Харольская. – Так бліжэй пазнаём адзін аднаго і становімся добрымі сябрамі”.
    За час існавання супольнасці ў душпастырстве зарадзілася адно манаскае пакліканне і каля 30-ці сямей. Сужэнствы з’яўляюцца цудоўным прыкладам любові, у цэнтры якой знаходзіцца Бог. “Я пазнаёміўся са сваёй нарачонай на сустрэчах «OPEN», – распавядае Эдуард Ількевіч. – Мы размаўлялі, я запрасіў яе на адарацыю. Затым разам наведвалі вечарынкі душпастырства. А нядаўна павянчаліся ў пабрыгіцкім касцёле. Я жанаты 57 дзён, і я самы шчаслівы чалавек у свеце!”.
    Мінула 8 гадоў, як па ініцыятыве сужэнцаў паўстала душпастырства маладых сем’яў. Пары мелі намер працягваць сустрэчы, але ўжо ў іншай форме. Сёння сем’і раз на месяц разам з дзецьмі прыходзяць на спецыяльную св. Імшу і катэхезу.
   
    Моц – у супольнасці!
    Як прызнаецца ў размове кс. Антоній, часамі моладзь неабходна падштурхоўваць да нечага, падказваць. Папярэдне прыслухоўвацца да маладых, каб ведаць, чым яны жывуць і як іх накіраваць. “Я як душпастыр магу думаць пра адно, а моладзь можа хваляваць другое. Таму тэматычную праграму сустрэч мы плануем разам. Лічу гэта вялікім узаемным багаццем”.
    Часам у душпастырства трапляюць маладыя людзі з параненых сем’яў, якія не ўмеюць давярацца Хрысту, не разумеюць гэтай патрэбы. Прыходзяць залежныя ад дрэнных звычак, з некаторымі псіхічнымі праблемамі, што ставяцца да Касцёла з недаверам. Але прыходзяць! “«OPEN» можна параўнаць з аазісам, – гаворыць Алена Богдан. – Гэта своеасаблівы «глыток вады» ў пустыні жыцця. Хочацца верыць, што ўдзельнікі душпастырства атрымліваюць у супольнасці духоўную ежу і падтрымку”.
    Душпастыр “OPEN” сціпла заўважае, што дзейнасць супольнасці падобная да кроплі ў акіяне. “Можна было б нашмат больш выкарыстаць патэнцыял моладзі. Але сёння яна часта хоча ісці па жыцці лёгкім шляхам. Палохаецца таго, што Касцёл можа мець нейкія патрабаванні. А каб умацоўвацца ў веры, проста неабходна прайсці праз некаторыя выпрабаванні шляхам служэння і ахвяры”.
    У супольнасці маладыя людзі раскрываюцца, паглыбляючы свой духоўны досвед. “Я навучыўся ў моладзі перажываць веру ў радасці, – адзначае кс. Антоній. – Слухаць іншага чалавека, ахвяраваць для яго свой час. Быць адкрытым на бліжняга, незалежна ад яго веравызнання. Не баяцца нечага новага, не затрымлівацца на месцы, эксперыментаваць разам з маладымі людзьмі. З энтузіязмам паглыбляць сваю веру, шукаючы іншыя шляхі евангелізацыі. І гэта вялікі скарб: вучыцца нечаму адзін у аднаго і разам несці ўсёй моладзі Добрую Вестку аб збаўленні”.
   
Сустрэчы душпастырства моладзі “OPEN” адбываюцца кожны чацвер у 19.15
   (св. Імша і агульнае спатканне) у пабрыгіцкім касцёле па адрасе:
   г. Гродна, вул. Маладзёжная, 2.
   - Біблейская група “Effata” – панядзелак, 20.00.
   - Дабрачынная група “Уваскрасенне” – аўторак, 20.00.
   - Музычны гурт “OPEN” – серада, 20.00.
   - Малітоўная група “Caritas Dei” – пятніца, 19.30.
    Далучайцеся!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

green
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  312

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.