ГРОДНА
Панядзелак,
26 лютага
2024 года
 

Як павінна выглядаць “правільная” малітва?

Задай пытанне

Аб малітве напісана мноства кніг. Пра тое, як яна павінна выглядаць, можна прачытаць у многіх месцах у Святым Пісанні. Айцы Касцёла ў сваіх працах неаднойчы даюць падказкі адносна таго, як трэба маліцца. У Катэхізісе каталіцкага Касцёла шмат старонак прысвечана гэтай найважнейшай сферы жыцця. Паспрабуем злёгку закрануць тое, што так важна ў малітве.
    Напачатку давайце адкажам на пытанне: што такое малітва? Самы просты з адказаў гучыць: “Гэта размова з Богам, дыялог двух асоб, якія любяць адна адну”. Дыялог, а не аднабаковы маналог, як гэта часта здараецца ў духоўным жыцці многіх вернікаў. Тое, што мы гаворым Богу, важна. Аднак нашмат важнейшае тое, што Бог хоча сказаць нам. У гэтым дыялогу мы павінны ўсведамляць, да Каго звяртаемся і якой паставы на малітве чакае ад нас Нябесны Айцец.
    Трэба зрабіць асобны акцэнт на нашым уяўленні Бога. А яно, на жаль, часцей за ўсё вельмі сціплае, што сур’ёзна абмяжоўвае нашыя адносіны з Ім, г.зн. малітву. Божае слова падае нам шмат імён Бога: Пан, усемагутны Валадар, Настаўнік, Цар і г. д. Гэтыя тытулы адпавядаюць велічы Стварыцеля. Іх, канешне, можна і трэба выкарыстоўваць у малітве.
Прыгледзімся да апісаных у Святым Пісанні сітуацый, дзе Езус акрэслівае людзей (апрача фарысеяў і кніжнікаў). Да іх непасрэдна звяртаецца: “Будзь адважным, сыне, адпускаюца табе твае грахі” (Мц 9, 2); “Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі” (Ян 13, 33); “Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам” (Ян 15, 14) і г. д. У Бібліі няма фрагментаў, дзе Езус звяртаўся б да іншых словамі: вучань, слуга, падданы і да т. п. Калі апосталы спыталіся Хрыста, як павінны маліцца, то пачулі ў адказ: “Кажыце: «Ойча наш...»”. Чаму? Бо мы любімыя дзеці Езуса і Яго дарагія сябры. Кожны з нас без выключэння. Таму пазнанне сапраўднага вобраза Бога вядзе да паляпшэння адносін з Ім у малітве, падобна простаму, даверліваму і пакорнаму звароту дзіцяці да свайго Нябеснага Айца. Менавіта гэтага ад нас чакае Бог. Такую сувязь прагне наладзіць з кожным чалавекам.
    Каб пачаць маліцца, трэба пераступіць парог граху, прыхільнасцей, уласнага эгаізму, засяроджання на сабе і на ўласных справах ды пераключыцца на Бога. На другім баку гэтага парога мы пачынаем існаваць па-іншаму: звяртаемся да Бога, скіроўваем на Яго ўсю нашу ўвагу і пазнавальныя здольнасці, трываем у адносінах з Ім. Становімся перад Богам, адкрытыя на Яго волю. Пачынаем слухаць, разважаць, пытацца, адказваць – размаўляць. І ў выніку нас ахінае радасць ад кантакту з Айцом.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  310

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.