ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Адпачынак з Богам

З жыцця Касцёла

Мінула лета, а разам з ім – гарачая пара прыгод і цікавых падзей. Прадбачлівыя хрысціяне запланавалі свае канікулы так, каб прысвяціць свабодныя хвіліны Богу. Дзякуючы гэтаму, не толькі адпачылі, але і духоўна аздаравіліся. Давайце ўзгадаем, якія падзеі адбываліся гэтым летам у Гродзенскай дыяцэзіі і які плён яны пакінулі ў душах нашых вернікаў.
Юстына Авяновіч парафія Беззаганнага Зачацця НПМ у ГроднеСтартавала лета з VI Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, які прайшоў у Гродне. Больш за 2 000 хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў дыяцэзіі і з па-за яе межаў прынялі ўдзел у разнастайнай забаўляльнай праграме.
    Дзень дзіцяці я чакала ўвесь год, таму што гэта цікавае свята для дзяцей і дзень майго анёла-ахоўніка. Сёлета сустрэла там сваіх аднакласнікаў, якія, таксама як і я, прыйшлі павесяліцца. Уражанні засталіся самыя яркія. Асабліва запомніўся конкурс, у якім я ўдзельнічала і атрымала ў падарунак школьны сшытак. Яго мне ўручыў кс. Антоній. Як потым высветлілася, гэты ксёндз мяне хрысціў... Яшчэ на свяце былі пацешныя анёлкі і клоуны. Памятаю, як да мяне нечакана падышоў адзін з клоунаў і намаляваў на твары смайлік.
    У гэтым годзе я ўжо пайду на ўрокі рэлігіі. Спадзяюся, там больш даведаюся пра Пана Бога, пра якога шмат чула на свяце дзяцей, дома, у касцёле. Гэта так цудоўна, калі ты ведаеш, што Бог заўсёды побач з намі! Абавязкова хачу паўдзельнічаць у свяце яшчэ не адзін раз.

   У канцы чэрвеня ў Гродне адбылася VIII Парафіяда дзяцей і моладзі. У рэлігійна-спартыўнай сустрэчы прынялі ўдзел каля 500 маладых людзей з 36-ці парафій Гродзенскай дыяцэзіі.
    Эдуард Пакачайла, Вікторыя Байкоўская - парафія Маці Божай Вастрабрамскай у ГроднеСёлетняя Парафіяда пакінула пасля сябе незабыўныя ўражанні і выключна пазітыўныя эмоцыі. Мы не толькі весела бавілі час, знаёміліся з цікавымі і адкрытымі людзьмі, набылі новых сяброў, але і ўмацавалі сваю веру, нанова адкрылі яе скарб, каб пасля вяртання дамоў адважна сведчыць перад людзьмі аб Хрысце.
    Арганізатары Парафіяды задбалі пра тое, каб кожны наш дзень праходзіў з карысцю не толькі для цела, але і для душы. Раніцай мы прымалі ўдзел у св. Імшы. Цягам дня маглі асабіста сустрэцца з Богам падчас адарацыі. Увечары збіраліся разам, каб супольнай малітвай падзякаваць за пражыты дзень.
    Вельмі яркія ўспаміны ў нас звязаны са спартыўнымі спаборніцтвамі. Мы разам перажывалі няўдачы, шчыра радаваліся перамогам і прыкладалі ўсе намаганні, каб выступіць на высокім узроўні. Таксама падчас Парафіяды мы адкрывалі таленты, якія Бог паслаў кожнаму з нас, і дэманстравалі іх падчас тэатральнага конкурсу.
    Пасля міжнароднай Парафіяды, якая адбылася трохі пазней у Варшаве, мы паехалі ў парафіядны лагер у Калобжэг. Адпачынак на моры, які даў нам “запас здароўя” як мінімум на год, спалучаўся з нашым духоўным развіццём. Разам з дыяканам Дзянісам Бразінскім мы разважалі аб 10-ці Божых запаведзях і Божай міласэрнасці.
    Шчыра дзякуем усім, хто далучыўся да арганізацыі Парафіяды. Асаблівыя словы ўдзячнасці скіроўваем да святароў, якія рыхтавалі нас да ўдзелу ў гэтай падзеі і ўвесь час духоўна падтрымлівалі.
   
    У жніўні ў Лідзе адбылася Дыяцэзіяльная сустрэча міністрантаў. На спатканне з’ехалася 130 хлапцоў з розных парафій Гродзеншчыны.
   Максім Хаванскі - парафія св. Сям’і ў Лідзе У Дыяцэзіяльнай сустрэчы міністрантаў я ўдзельнічаў упершыню, хоць з’яўляюся міністрантам з 2010 г. Мяне цікавіла, як усё гэта адбываецца.
    Праграма была вельмі насычанай. Св. Імша, цэлебраваная ў першы дзень кс. б-пам Аляксандрам Кашкевічам, дапамагла настроіцца на гэтыя дні і аддаць іх Езусу. У плане таксама была адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, якую правёў наш вікарый кс. Юрый Гурскі. Падчас яе мы знаходзіліся побач з алтаром, што поўніла прысутных духам адзінства. Гэта быў цудоўны час, каб задумацца над сваім пакліканнем і тым, што сапраўды хочацца рабіць у жыцці... У гэтым годзе я скончыў школу і зрабіў свой выбар: паступіў у польскую навучальную ўстанову.
    На другі дзень сустрэчы да нас далучыўся кс. бп Юзаф Станеўскі, які падчас гаміліі падкрэсліў, што быць міністрантам – вялікі дар і пакліканне. Быць “рыцарам Хрыста” – адзін з самых простых спосабаў быць бліжэй да Езуса, што сапраўды з’яўляецца вялікай ласкай. І тады я раптам усвядоміў адну вельмі важную рэч: служба пры алтары дала мне лепшых сяброў. Я ўдзячны Богу за гэтае пакліканне, дзякуючы якому я пазнаў новых людзей, пабываў у шматлікіх цікавых і прыгожых месцах. Між іншым, прыняў удзел у сёлетніх Сусветных днях моладзі ў Кракаве.
    Спадзяюся, што сустрэчы такога роду стануць рэгулярнымі ў нашай дыяцэзіі. Яны з’яўляюцца добрай магчымасцю для падлеткаў, каб задумацца аб сваім пакліканні, стаць добрым слугой алтара, а таксама ўсё сваё жыццё прысвяціць служэнню Богу.
   
    На працягу ўсяго летняга перыяду на тэрыторыі Лідскага раёна дзейнічаў дзіцячы аздараўленчы лагер у в. Няцеч. За гэты час у 5-ці зменах летніка адпачыла 300 хлопчыкаў і дзяўчынак.
  Алег Гарбачоў - “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі  Дзіцячы лагер адпачынку “Няцеч” – адзін з самых значных праектаў, які арганізуе Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Гродзенскай дыяцэзіі. Дзякуючы гэтаму летніку хлопчыкі і дзяўчынкі з малазабяспечаных, шматдзетных, няпоўных і апякунскіх сямей могуць весела правесці канікулы. Сёлета ў Няцечы гасцілі дзеці ва ўзросце ад 8 да 13 гадоў, якія прыехалі з розных куткоў Гродзенскай дыяцэзіі, а таксама з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.
    Як і штогод, асноўнай мэтай летніка было духоўна-маральнае выхаванне дзяцей і падлеткаў, таму ўдзельнікі не толькі весела бавілі час, але таксама пазнавалі асновы хрысціянскай веры. Арганізатары прыклалі шмат намаганняў, каб кожны дзень быў цікавым, запамінальным і духоўна напоўненым. Дзеці ўдзельнічалі ў розных забаўляльных мерапрыемствах, спявалі, танцавалі. Пры гэтым не забываліся пра малітву, штодзённую св. Імшу і адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту.
    Дэвізам сёлетняга адпачынку сталі словы “Міласэрнасці час да Бога набліжае нас”. Мы асаблівым чынам клапаціліся аб тым, каб хлопчыкі і дзяўчынкі пазналі праўду аб Божай міласэрнасці, зразумелі, што такое міласэрнасць і як быць міласэрнымі ў штодзённым жыцці.
    Яшчэ адным цікавым мерапрыемствам летніх канікул быў інтэграцыйны спектакль па матывах казкі Льюіса Кэрала “Аліса ў Краіне цудаў”. Галоўныя ролі ў ім сыгралі дзеці з асаблівасцямі развіцця. Мерапрыемства рыхтавалася і праводзілася валанцёрамі нашай арганізацыі, якія на працягу года апекуюцца маленькімі выхаванцамі дашкольнай групы “Карытас” для дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў гродзенскім Цэнтры развіцця дзіцяці №30. Дапамагаючы дзецям атрымліваць як мага больш станоўчых эмоцый ад навакольнага свету, валанцёры самі духоўна ўзраслі.
   
    Кожнае лета з розных куткоў дыяцэзіі вырушаюць пілігрымкі ў святыя месцы. Сёлета тысячы вернікаў па традыцыі накіраваліся ў Тракелі, Навагрудак, Навумавічы, Рось, Гудагай, Будслаў, Вільню.
    Часлава Каламыцкая - парафія Спаслання Святога Духа ў БярозаўцыПершай пілігрымкай у маім жыцці было духоўнае падарожжа ў Тракелі. Пасля была Вільня, у мінулым годзе – Будслаў і Рось. Сёлета на мапе маіх абавязковых пілігрымак з’явіўся Навагрудак.
    Я прымаю ўдзел у паломніцтвах, каб умацаваць сваю веру. Наведваючы святыя месцы, адчуваю прысутнасць Бога ў сваім жыцці, Яго бясконцую любоў і міласэрнасць. Ды і сама я змяняюся: станаўлюся больш спакойнай і ўраўнаважанай, на шматлікія жыццёвыя цяжкасці пачынаю глядзець другімі вачыма.
    Ідучы ў пілігрымцы поруч з моладдзю, адчуваю сябе маладой і энергічнай. Крыху сумна становіцца, калі запрашаю людзей свайго ўзросту ў паломніцтва, а ў адказ чую словы: “Я не дайду”. Чалавек жа яшчэ не спрабаваў! Верце, калі ў дарозе будзе цяжка, Бог панясе Вас на руках.
    Дзякую ўсім ксяндзам, манаскім сёстрам, клерыкам і паломнікам, што дапамаглі мне адкрыць прыгажосць пілігрымавання, якое змяніла маё жыццё.
   
    У шматлікіх парафіях дыяцэзіі былі арганізаваны “Канікулы з Богам”. Дзённыя дзіцячыя лагеры забяспечылі адпачынак шматлікім жадаючым.
    Кацярына Гусейнава, Эвеліна Валюсь, Рэната Станкевіч - парафія Унебаўзяцця НПМ  i св. Язафата Кунцэвіча  ў СапоцкінеУ гэтым годзе “Канікулы з Богам” у нашай парафіі праходзілі пад дэвізам “Міласэрныя як Айцец”. Мы штодзённа сустракаліся на катэхезе, падчас якой разважалі пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы і цела, маліліся Вяночкам да Божай міласэрнасці і супольна ўдзельнічалі ў св. Імшы. Усё праходзіла ў цёплай і зычлівай атмасферы.
    Гэта быў радасны час у коле сяброў. Мы падарожнічалі па цудоўных мясцінах. Былі ў Воўпе, Ваўкавыску, Мастах, Зэльве, Капцёўцы. Вялікі зарад эмоцый атрымалі падчас веласіпеднай вандроўкі: ездзілі на Аўгустоўскі канал, дзе бавілі час ля вогнішча. Апрача таго, прымалі ўдзел у розных конкурсах і спартыўных спаборніцтвах.
    Старэйшыя хлопцы і дзяўчаты ездзілі па Беларусі на цягніку. Некаторым з нас давялося пабываць у Баранавічах, Брэсце і Пінску. Мы разам бавіліся, спявалі ў цягніку рэлігійныя песні, даючы сведчанне сваёй веры. Маліліся ў прыгожых мясцовых святынях, знаёміліся з гісторыяй гарадоў, а потым праводзілі ночы ў палатках на ўлонні прыроды. Гэтае падарожжа вельмі нас узбагаціла: мы адчулі вялікую гасціннасць і адкрытасць людскіх сэрцаў, навучыліся бачыць, наколькі добры наш Бог і што кожны чалавек з’яўляецца дарам.
    Падчас “Канікул з Богам” важным для нас быў не толькі адпачынак і забавы, але таксама магчымасць навучыцца штодзённа жыць верай, заўважаць прысутнасць Бога і адносіцца адзін да аднаго з любоўю і зычлівасцю. Няхай міласэрны Айцец за ўсё будзе бласлаўлёны і праслаўлёны!


   

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.