ГРОДНА
Субота,
20 ліпеня
2024 года
 

Ліда-Фара

Парафіі і святыні

lida-fara1Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
Дэканат Ліда
Прывілей на заснаванне ў Лідзе парафіяльнага касцёла быў падпісаны каралём Ягайлам 17 ліпеня 1387 г. у лідскім замку. Але першы драўляны касцёл, пабудаваны на падзамчышчы, згарэў у 1392 г. падчас нападу крыжакаў. Адбудаваную святыню 3 чэрвеня 1397 г. асвяціў пад падвойным тытулам св. Францішка і Святога Крыжа першы віленскі біскуп Андрэй Васіла. Апекаваліся касцёлам францішканцы. У 1406 г. касцёл быў зноў спалены пры нападзе на горад смаленскага князя Юрыя Святаслававіча, а ў 1414 г. адноўлены і асвечаны пад трайным тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі, Усіх Святых і Святога Крыжа. У 1466 г. францішканцы пакінулі Ліду.
7 ліпеня 1616 г. фундуш лідскай Фары пацвердзіў кароль Жыгімонт І. Падчас “маскоўскага нашэсця” старажытная святыня была знішчана. Апошні драўляны будынак Фары быў узведзены намаганнямі кс. Рэбеўта і асвечаны ў 1674 г. біскупам-суфраганам Мікалаем Слупскім. У 1644 г. пры касцёле была заснавана альтарыя.
   
    Касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа, які дзейнічае і сёння, быў пабудаваны ў стылі сталага барока біскупам Тамашам Зяньковічам за грошы, ахвяраваныя на гэтую мэту віленскім біскупам Міхалам Зяньковічам, ягоным дзядзькам. Будаўніцтва пачалося ў 1765 г. і скончылася ў 1770 г. Узвялі святыню ў самым цэнтры горада, трошкі далей ад таго месца, дзе стаяў драўляны касцёл, на цэнтральнай вуліцы – Віленскай (сёння вул. Савецкая). Стары драўляны касцёл па загадзе лідскага старасты і падстолія ВКЛ пана Сцыпіёна быў разабраны на матэрыял для гарадской уніяцкай царквы.
   
    Касцёл уяўляе сабой трохнефную прамавугольную ў плане святыню з квадратнай апсідай, фланкаванай дзвюма нізкімі сакрыстыямі (прыбудаваныя пазней, разам з прытворам). Храм бязвежавы, паколькі трох’ярусныя вежы былі разабраны пасля пажару 1821 г. Галоўны фасад завершаны класічным трохвугольным франтонам з “Глорыяй”. Алтарная сцяна апсіды раскрапавана пілястрамі на тры часткі, прычым цэнтральная мае сегментарную ў плане форму. Накрыты касцёл высокім чарапічным дахам з вальмамі над прэзбітэрыем, завершанымі невялікай сігнатуркай.
   
    Інтэр’ер касцёла, аздабленне якога стварыў вядомы архітэктар Іаган Крыштаф Глаўбіц у 1765–1770-х гг., падзелены на тры нефы чатырма апорамі і перакрыты сістэмай цыліндрычных скляпенняў на падпружных арках з распалубкамі. На скляпеннях у барокавым арнаментальна-дэкаратыўным абрамленні намаляваны сюжэты “Узвышэнне Святога Крыжа”, “Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі”, “Звеставанне”. Скляпенні дэкараваны арнаментальнымі матывамі.
    У касцёле змешчаны восем алтароў. Галоўны створаны ў стылі ракако, раскрапаваны чатырма калонамі і спаранымі пілястрамі карынфскага ордэра, размаляванымі пад мармур. У цэнтры змешчана вялікае гіпсавае Укрыжаванне, створанае віленскім мастаком Зімадро і ахвяраванае ў 1861 г. Станіславам Вольскім (у 1777 г. тут знаходзіўся абраз Маці Божай Ружанцовай са старога касцёла ў атачэнні 123-х вотаў). Пры калонах усталяваны фігуры святых апосталаў Пятра (злева) і Паўла (справа), Найсвяцейшай Панны Марыі (злева) і апостала Яна Багаслова (справа). У 1777 г. – св. Станіслава і св. Казіміра, у 1882 г. – св. Сафіі і св. Казіміра. У другім ярусе змешчаны абраз “Апошняя вячэра”, у завяршэнні алтара – ляпныя аблокі вакол круглай люкарны (у 1777 г. тут знаходзілася манаграма Імя Марыі). У канцах нефаў усталяваны дзвюхкалонныя двух’ярусныя бакавыя алтары, завершаныя гарэльефнымі выявамі серафімаў у аблоках, таксама ў стылі ракако. Злева знаходзіцца алтар Маці Божай Вастрабрамскай. Абраз намаляваны ў 1847 г. мастаком Азямблоўскім на дубовай дошцы і ахвяраваны касцёлу шляхцічам Янам Андрушкевічам. У 1777 г. тут быў абраз Пана Езуса каля слупа са старога касцёла. У другім ярусе алтара – абраз Маці Божай Шкаплернай (у 1882 г. на гэтым месцы быў абраз Маці Божай Ружанцовай). Справа – алтар з абразом св. Францішка (у 1777 г. тут быў абраз св. Яна Непамука) і фігурай Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Наверсе – абраз св. Тэклі (у 1882 г. тут быў абраз Маці Божай Шкаплернай). Два алтары ўсталяваны пры апорах, бліжэйшых да прэзбітэрыя. Злева знаходзіцца алтар з абразом Маці Божай Лідскай (Ружанцовай, які, згодна з паданнем, прывезлі ў Ліду першыя манахі францішканцы ў 1376 г. з Візны). На гэтым месцы ў 1882 г. знаходзіўся абраз св. Казіміра, намаляваны мастаком Мірскім і ў 1855 г. ахвяраваны кс. дэканам Дыянізіем Хлявінскім.Наверсе – абраз св. Юзафа (у 1882 г. абраз знаходзіўся ў правым бакавым алтары, намаляваны мастаком Мікульскім і ў 1853 г. ахвяраваны кс. дэканам Хлявінскім). Справа – алтар з абразом св. Тэрэзы (у 1882 г. быў абраз св. Тэклі), наверсе – абраз Божай Міласэрнасці. Яшчэ два барокавыя алтары ўсталяваны пры сценах касцёла: злева – св. Антонія, справа – св. Станіслава Біскупа. Абраз намаляваны мастаком Мірскім і ў 1856 г. ахвяраваны кс. дэканам Хлявінскім. І яшчэ адзін алтар – Маці Божай з Лурда – змешчаны ў нішы хоравай сцяны, справа ад уваходу (у 1777 г. тут быў алтар св. Барбары).
    Над уваходам зроблены хоры, дзе ўсталяваны арган на дзесяць галасоў з трыма мяхамі. За алтаром у тоўшчы сцяны знаходзіцца лесвіца, якая вядзе ў крыпту (ачышчаная ад пахаванняў у 1846 г.). Комплекс касцёла з асобна пабудаванай званіцай быў абнесены мураванай агароджай з барокавай брамай. Званіца знікла яшчэ ў ХІХ ст., агароджа знесена ў пасляваенны час. Пры касцёле дзейнічала парафіяльная школа, а з 1624 г. яшчэ і ружанцовае брацтва. Было таксама два прытулкі: мураваны шпіталь каля касцёла (пабудаваны ў другой палове XVIII ст., рэканструяваны ў 1851 г. на сродкі Канстанцыі Быстрыцкай) і драўляны – пры парафіяльных могілках.
    У 1928 г. касцёл быў асвечаны віленскім арцыбіскупам Рамуальдам Ялбжыкоўскім. Перад Другой сусветнай вайной лідская парафія налічвала амаль 14 тыс. вернікаў (не лічачы Ліда-Слабодскай парафіі). Да фарнага касцёла з XVIII ст. належалі філіяльныя касцёлы ў Крупаве і Кір’яноўцах, у ХІХ ст. – капліцы ў Востраве, Перапечыцах, Чэхаўцах і на парафіяльных могілках. У 1920-я гг. далучылася капліца ў гарадской вязніцы, а ў 1930-я – яшчэ і капліца ў Цвермах, але знікла капліца ў Чэхаўцах. З 1922 г. пробашчу ў парафіі дапамагалі сёстры з Супольнасці Дачок Панны Марыі Беззаганнай.
    Касцёл Узвышэння Святога Крыжа дзейнічаў і ў гады панавання савецкай улады.Быў залічаны да помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  165

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.