ГРОДНА
Серада,
19 сакавіка 2025 года |
Вымераць духоўны ўзрост

Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра паказчыкі ўзросту, працягласць і шырыню жыцця. Задумаемся над вяршыняй існавання і хуткаплыннасцю часу.
Наперад з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
“Слава юнакоў – сіла іхняя, а ўпрыгожванне старых – сівізна” (Прып 20, 29)
Кожны ўзрост мае свае перавагі, валодае асаблівым хараством і прывабнасцю. Такім чынам, любы перыяд у жыцці чалавека аднолькава каштоўны і значны. І маладым, і старэйшым варта адносіцца адзін да аднаго з павагай і разуменнем: хтосьці – мацнейшы, а хтосьці – мудрэйшы. †
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:
каб людзі пажылога ўзросту, якія апынуліся на перыферыі жыцця і адзінокія, знаходзілі падтрымку і нагоду для сустрэч, у тым ліку ў вялікіх гарадах
Людзі ў пажылым узросце, як правіла, сыходзяць з працы на заслужаны адпачынак і часта застаюцца сам-насам з сабою. Таму яны як ніколі патрабуюць чуласці, спагадлівасці. Папа Францішак заклікае свет агарнуць пажылых людзей увагай і падтрымаць іх сваёй малітвай.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
узрост
Невыпадкова паняцці “ўзрост” і “ўзрастаць” маюць адзін і той жа корань. Адсюль і прамая залежнасць: з гадамі чалавек імкнецца ўгору, на вяршыню. Для гэтага кожны дзень прапануе яму новыя магчымасці.
Лічбавы паказчык нагадвае чалавеку, колькі часу ўжо за плячыма. Але важна іншае – наколькі якасна выкарыстаны адведзены Богам час. Неабходна ўсведамляць: Усявышні адмераў кожнаму з нас працягласць жыцця, але толькі ад нас саміх залежыць яе шырыня.
МЭТА МЕСЯЦА:
вымераць духоўны ўзрост
Духоўнае жыццё чалавека пачынаецца ад моманту хрышчэння і залежыць ад індывідуальных фактараў рэлігійнага развіцця: прыняцця сакрамантаў, чытання Святога Пісання, малітвы, здзяйснення добрых учынкаў і г. д. Каб вызначыць узрост душы, неабходна адчуць, наколькі яна напоўнена святасцю. Бо вымяраецца духоўны ўзрост не лічбамі, а блізкасцю да Бога.
СПРАВА МЕСЯЦА:
выкарыстаць удабрэнні для духоўнага росту
Каб заўважна прыбавіць у росце душы, яе неабходна падкарміць. І зрабіць гэта праз удасканаленне таго, што горш за ўсё атрымліваецца. Мінаючы цяжкасці, душа ўзбагачаецца. І чым мацнейшыя перашкоды, тым больш адчуваецца ўнутраны рост.
Варта разумець, што ў духоўным жыцці нельга стаяць на месцы. Таму калі чалавек не ўзрастае, значыцца, ён дэградуе. Спыніцца ў духоўным развіцці немагчыма.

“Як людзі растуць. Асновы духоўнага росту”, Генры Клауд, Джон Таунсэнд
У кнізе падрабязна апісаны ўсе складнікі і неабходныя ўмовы духоўнага росту. Пералічваюцца канкрэтныя крокі, якія неабходна зрабіць, каб узрастаць духам і пры тым бачыць вынікі гэтага ў паўсядзённым жыцці.
Аўтары маюць вялікі вопыт хрысціянскага кансультавання. Кніга напісана простай і зразумелай мовай.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
“Даражыце часам”, Набат
“З кожным днём мы трошкі старэем...”, – пачынае песню выканаўца. І запэўнівае, што чалавек, на жаль, не ўмее шанаваць час. Гады ляцяць неспакойна. Часам іх запаўняюць “гультайства, бестурботнасць і пустая слоўная муць”. “Колькі часу канула ў вечнасць, паспрабуй хоць хвіліну вярнуць. (...) Мітусню ты адкінь і сумненні, прысвяці трохі часу Хрысту”.

святы Францішак
Францішак Карачыёла нарадзіўся ў 1563 годзе ў Віла-Санта-Марыя (Італія). З дзяцінства вылучаўся глыбокай набожнасцю. Ва ўзросце 22-ух гадоў смяртэльна захварэў і склаў абяцанне, што калі перажыве аздараўленне, прысвеціць сябе Богу.
Вывучаў тэалогію ва ўніверсітэце ў Неапалі. У 1581 годзе прыняў святарскае пасвячэнне і адразу ж уступіў у брацтва святароў, мэтай якога была апека над вязнямі і катаржнікамі. Разам з некалькімі падобнымі да яго энтузіястамі накіраваўся ў пустэльню ў Камалдолі. Там узнікла ідэя заснавання новай манаскай сям’і. Папа Сікст V у 1588 годзе зацвердзіў статут, а разам з тым і новы ордэн Канонікаў Рэгулярных Меншых. Першыя яго пляцоўкі ўзніклі ў Італіі і Іспаніі.
Францішак памёр 4 чэрвеня 1608 года, пілігрымуючы ў санктуарый Маці Божай у Ларэта. Падчас яго пахавання здарылася цудоўнае ацаленне чалавека ад смяртэльнай хваробы. Францішка беатыфікаваў папа Клямент XIV у 1770 годзе, а кананізаваў папа Пій VII у 1807 годзе.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
![]() | |
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 288 |
Чакаем Вашай падтрымкі

Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.