ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Учынак для душы бліжняга. Дараваць ахвотна крыўду

Практыкаванні ў міласэрнасці

Наша жыццё было б мала падобным на хрысціянскае, калі б любая непрыемнасць уводзіла ў роспач, астужала любоў і аддаляла нас ад бліжніх. Празмерная адчувальнасць шкодзіць чалавеку: ён востра рэагуе на прыкрую сітуацыю і праз крыўду завязвае ў сваёй душы нябачны вузялок. Развязаць яго можна толькі прабачэннем.
    Ян Златавуст сцвярджае: “Калі не даруеш ворагу, то не яму наносіш шкоду, а самому сабе”. Той, хто не прабачае правіннасцей, паўстане асуджаным перад Госпадам, бо ў ім застаецца больш цяжкі грэх. Евангельская ісціна вельмі простая: Бог даруе, калі мы даруем іншым. “Прабачайце, і прабачаць вам” (Лк 6, 37), – гаворыць Збавіцель.
    Дараваннем вымяраецца любоў да бліжняга. Калі чалавек адносіцца з любоўю да іншага, то даруе яму. А калі любіць значна больш за іншага чалавека сябе, то нанесеную крыўду можа не дараваць ніколі. Прычынай непрабачэння бліжняму становіцца эгаізм. А яшчэ гардыня, якая пазбаўляе розум яснасці, а сэрца – чысціні і спакою. Варта ў час запытацца: “Што важнейшае – гонар ці мір у душы?”.
Часам чалавек “накручвае” сябе і сітуацыю ў сваёй галаве. Песціць крыўду ў сваім сэрцы, знаходзячы ўсё новыя апраўданні сваёй пазіцыі і аргументы, якія падліваюць масла ў агонь. Акт прабачэння запрашае ў далёкую вандроўку: са свету разумовых даследаванняў і эмацыйных перажыванняў у свяшчэннае месца ў сэрцы, дзе жыве Бог, дзе загойваюцца ўсе раны. Гэта Яго любоў робіць нас здольнымі ахвотна дараваць крыўду і адорваць вінаватых прабачэннем.
    Дараваць – не значыць не бачыць, але глядзець як бы “зверху”: заўважаць ва ўсім дзеянне Бога. Дараваць ахвотна – не значыць з лёгкасцю. Ахвотна – значыць не марудзячы, маючы жаданне штосьці ўчыніць. Корань праблемы знаходзіцца ў нас саміх, у нашай волі.
    Непрабачэнне заўсёды будзе рабіць чалавека залежным ад крыўдзіцеля, у тую чаргу як адыход ад яго асобы на даўжэйшы час дае адлегласць і прастору. Яны патрэбныя, і нават абавязковыя, каб дараванне крыўды не стала выключна выбарам волі, але каб яно пераадолела дарогу, часам дастаткова доўгую, якая вя-дзе ў глыбіню сэрца.
    Працэс даравання нанова адкрывае вартасць блізкай асобы, годнасць яе чалавечнасці. Адносіны атрымліваюць глыбейшы сэнс. Падчас такой сустрэчы адбываецца адраджэнне даверу і ўзаемаадносін любові і зычлівасці. Гэты ўчынак павінен быць здзейснены, дзякуючы дабрыні і шчырасці сэрца.
    Часта здаецца, што крыўдзіцель павінен прасіць прабачэння. Але Бог патрабуе, каб мы даравалі, нават калі вінаваты не выходзіць насустрач першым. Чакаць, каб крыўдзіцель прасіў прабачэння, няправільна – трэба рабіць гэта загадзя і нават тады, калі з яго боку раскаяння няма. Гэта развівае дух прабачэння, напаўняе жыццё радасцю і спакоем.
    Закрываючыся на крыўду, чалавек заслугоўвае адпушчэння ўласных грахоў, выхоўвае ў сабе цярплівасць, пакорнасць, велікадуш- насць. З гэтага вынікае павага да бліжняга, паблажлівае стаўленнне да яго недахопаў і слабасцей. Правіны ўспрымаюцца не са злосцю і гневам, а са спачуваннем і жалем. Узнікае жаданне ўмацаваць такога чалавека малітвай.
    Прыкладам для нас з’яўляецца сам Хрыстос, які ні на каго не трымаў крыўды. Ён не абражаўся на людзей, якія не заўсёды Яго разумелі і не заўсёды паступалі сумленна ў адносінах да Яго. Любоў Хрыста была мацнейшай за пачуццё крыўды. Ён ведаў, што праўда абароніць сябе сама, а лагоднасць і цярплівасць змогуць пракласці ёй дарогу да самых упартых людскіх сэрцаў. Езус заклікае нас любіць ворагаў і адказваць на зло дабром (параўн. Рым 12, 21). Зло перамагчы злом немагчыма.
   
5 прычын здзейсніць учынак міласэрнасці:
  1. Крыўда наносіць шкоду таму, хто трымае яе ў сэрцы.
    2. Дараванне – элемент зносін, які забяспечвае гармонію і любоў паміж людзьмі.
    3. Пасля прабачэння на душы становіцца лягчэй.
    4. Госпад патрабуе, каб пакрыўджаны рабіў першыя крокі да прымірэння.
    5. Той, хто ўмее прабачаць, рыхтуе сабе мноства ласкаў ад Бога.

   
Кс. Андрэй ЗайкоКалі бліжні цябе нечым пакрыўдзіў, няважна, гэта быў неасцярожны жарт ці неабдуманы ўчынак. Ты адчуваш сябе самотным і прыніжаным, асабліва калі ніхто не падтрымлівае ў такія моманты. Ні ў якім разе не трэба ўпускаць у сэрца злосць ці крыўду. Неабходна сабрацца з сіламі і спакойна прабачыць крыўдзіцелю. Тады ён зразумее, што чалавека не страшаць гадасці з яго боку і перастане дакучаць. Калі ж нехта адмыслова хоча выклікаць рэакцыю, на гэта не варта звяртаць увагу, лепш паказаць сваю абыякавасць. Памятайце аб тым, што шчаслівы чалавек ніколі не пакрыўдзіць бліжняга. Калі ж з душы выходзяць негатыўныя эмоцыі, значыцца, чалавек глыбока няшчасны.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  257

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.