ГРОДНА
Аўторак,
07 лютага
2023 года
 

Сужэнства – святы саюз, дзе не месца забабонам

На шляху да святасці

Лета – гарачы час для вяселляў. Шчаслівыя маладыя пары, якія збіраюцца ажаніцца, да драбніц прадумваюць вясельныя цырымоніі і з нецярплівасцю чакаюць шлюбу, каб злучыць свае сэрцы ды прысягнуць перад святаром і Усявышнім шчыра кахаць адзін аднаго, разам дзяліць радасць і бяду, жыць ва ўзаемапаразуменні. Аднак, як жа часта ўрачысты дзень нараджэння новай сям’і азмрочваецца забабонамі і прыкметамі.
Тэме вясельных прыкмет і павер’яў прысвечана мноства публікацый не толькі ў друкаваных выданнях, але і на прасторах інтэрнэту. Асаблівую папулярнасць яны маюць сярод нявест, іх мам, сябровак і будучых свякровак. Тыя старанна вывучаюць “забабонную літаратуру”, каб пасля распрацаваць цэлую пакрокавую інструкцыю: што можна і чаго нельга рабіць маладым падчас шлюбу. Асабліва прыкра, што веруючыя людзі таксама часта грашаць тым, што акцэнтуюць сваю ўвагу на цалкам бессэнсоўных рэчах, машынальна і бяздумна падпарадкоўваюць сваё жыццё нейкім павер’ям і прыкметам. Відаць, яны моцна закараніліся ў свядомасці.
Маладыя пары, якія вешаюць замочкі са сваімі імёнамі на парэнчах маста, – гэта звычайная карціна выхаднога дня, калі ў горадзе тлумна ад вясельных картэжаў. З аднаго боку, у рамантычнай традыцыі, якая карыстаецца папулярнасцю ва ўсёй Еўропе, няма нічога дрэннага. Але з іншага боку, маладажоны выглядаюць крыху дзіўна: яшчэ некалькі хвілін таму яны давалі клятву перад Богам, а зараз быццам падмацоўваюць яе ў гарадскім парку. Складваецца ўражанне, што менавіта ад рытуалу замыкання замка наўпрост залежыць захаванне сужэнскай вернасці і любові. Але ці можа сапраўдны хрысціянін надаваць лёсавызначальную ролю звычайнаму кавалку жалеза і адначасова пераносіць на другі план важнасць сакраманту сужэнства? Ён жа з’яўляецца жыццёвым наказам і адначасова стымулам, “каб з кожным днём сужэнцы імкнуліся да больш глыбокай повязі паміж сабой: на ўзроўні саюза цел, характараў, сэрцаў і імкненняў, саюза душ, паказваючы Касцёлу і свету новую камунію любові як дар ласкі Хрыстовай” (FC 19).
    Акрамя гэтага зусім бяскрыўднага прыклада, існуе яшчэ мноства забабонаў, якія датычаць адзення маладых, заручальных пярсцёнкаў, надвор’я ў дзень вяселля, даты шлюбу і г. д. Так многія вераць, што сапраўднае сямейнае шчасце залежыць ад таго, у якім абутку пойдзе да алтара нявеста (раяць не абуваць басаножкі, бо праз дзіркі шчасце ўцячэ). Альбо шчыра радуюцца, калі падчас вяселля ідзе дождж (гэта значыць, што сям’я будзе жыць з пастаянным прыбыткам). І пры гэтым зусім забываюцца, што сапраўдным цэментам, які ўмацоўвае сям’ю, з’яўляецца любоў мужа і жонкі, пабласлаўлёная ў сакраманце.
    Ніякая нумералогія, павер’і ці магія не змогуць зрабіць шчаслівым сумеснае жыццё, стаць дадатковым бонусам альбо паспрыяць дабрабыту, калі самі маладыя не будуць імкнуцца разумець адзін аднаго, саступаць адзін аднаму, працаваць над развіццём і ўмацаваннем сваёй сямейнай супольнасці, якая злучана моцай Божай.
    Розныя вераванні, прыкметы і забабоны, прывабліваюць перспектывай магчымасці бесклапотнага шляху да сваіх мар. Аднак, спрабуючы перахітрыць лёс і абмінуць крыж цярпенняў і няўдач такім спосабам, чалавек здзяйсняе грэх супраць першай запаведзі Божай – “Не май іншых багоў, апроч Мяне”.
   
   У сувязі з тым, што сужэнства і сям’я з’яўляюцца прадметам асаблівага клопату, Касцёл надае значную ўвагу адпаведнай падрыхтоўцы нарачоных да сакраманту сужэнства. Мэта гэтай падрыхтоўкі – перадача вучэння Касцёла на тэму сужэнства і сям’і, а таксама фармацыя сумленняў да прыняцця будучых роляў жонкі і мужа, маці і бацькі.
    У Гродзенскай дыяцэзіі будучыя сужэнцы праходзяць спецыяльныя перадшлюбныя курсы, на якіх закранаецца шырокая тэматыка, звязаная з сужэнскім жыццём: узаемаадносіны паміж мужам і жонкай, вера, сексуальнае жыццё, у тым ліку і метады планавання цяжарнасці. Мэта гэтых курсаў – падрыхтаваць пары да новай ролі, якую ім прыйдзецца выконваць. Будучыя сужэнцы павінны ўсвядоміць абавязкі, якія іх чакаюць, закрануць важныя праблемы, што датычацца ўзаемнага жыцця і сітуацый, з якімі яны могуць сутыкнуцца. Вынікам павінен быць свядомы і адказны падыход да складання прысягі ў касцёле падчас шлюбу і, у далейшым, доўгія гады сумеснага шчаслівага жыцця ў сужэнстве.
   
А. Дзмітрый Лабкоў CSsR, пробашч парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў ГроднеПадрыхтоўка да сакраманту сэжэнства – гэта вельмі важны этап на шляху сужэнскага жыцця. Трэба памятаць, што сакрамант удзяляецца веруючым людзям, якія ўжо прыступілі да святой Камуніі і канфірмацыі, а цяпер у сужэнстве прагнуць далей развівацца ў веры і перадаваць яе сваім дзецям.
    Вакол шлюбнай цырымоніі існуе мноства розных звычаяў і забабонаў. Маладыя часта больш давяраюць таму, што раіць бабуля, чым таму, што кажа святар падчас падрыхтоўкі да шлюбу. Таму сталая вера і жаданне перажываць сваё сужэнства з Езусам могуць дапамагчы маладым супрацьстаяць той таямнічасці, якая ўтоена ў звычаях і забабонах.
    Рыхтуючыся да шлюбу, пара вызначаецца з колерам букетаў, ходам урачыстасці, прадумвае трасу даезду ў касцёл, а затым у рэстаран. Варта пры нагодзе агаварыць з блізкімі, што і калі будзе адбывацца, каб не было неспадзеўкі, што пра нешта забыліся або штосьці прапусцілі. І тут, безумоўна, неабходна звярнуць увагу на тое, каб не было няясных жэстаў і таямнічых абрадаў.
    Важным момантам, на які хацелася б звярнуць увагу, з’яўляецца поўны ўдзел у св. Імшы, падчас якой удзяляецца сакрамант сужэнства. Я не разумею, чаму адбываецца па-іншаму. Часта ў гэты дзень блізкія і сябры ўдзельнічаюць у радасці маладой пары пры вясельным стале, але абмінаюць эўхарыстычны стол. Гасцям пажадана прыняць св. Камунію разам з маладымі, такім чынам утвараючы разам з імі адно праз Хрыста. Св. Камунія і малітва ў інтэнцыі новай сям’і – самы цэнны падарунак. Але для гэтага, безумоўна, неабходна загадзя прыступіць да сакраманту пакаяння і паяднання.
    Я часта паўтараю, звяртаючыся да гасцей падчас удзялення сакраманту сужэнства, што жаніх і нявеста чакаюць ад іх малітвы за новую сям’ю. Таму, калі яны будуць пазней разглядваць здымкі з вяселля, няхай узгадаюць маладых у сваёй малітве.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  328

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.