ГРОДНА
Аўторак,
15 ліпеня
2025 года
 

Напоўніць сваё сэрца

Слова рэдактара

Святы Аўгусцін калісьці напісаў: “Клапаціся ў сваім сэрцы аб тым, што мілае Богу”. А ці пыталіся мы калі-небудзь у сябе, што мілае Богу? Адказ відавочны: Пану Богу неабходна наша чыстае сэрца. Пакора робіць яго такім. Мы неаднойчы паўтараем словы псалма: “Ствары ўва мне, Пане, чыстае сэрца”. Сэрца робіцца месцам сустрэчы з Хрыстом, месцам крыжовай ахвяры. У сучасным свеце хрысціянін мае вялікае заданне, якое заключаецца ў тым, каб не згубіць чалавечнасці, не страціць уласнае жыццё, а разам з Хрыстом крочыць наперад.
З Езусам мы можам увайсці на нашую жыццёвую Галгофу, а таксама з Ім мы з’яднаемся ва ўваскрасенні. Варта напоўніць сваё сэрца Богам. Нагод для гэтага ў маі дастаткова. Прымаючы ўдзел у маёвых набажэнствах, мы запрашаем Маці Божую пасяліцца ў нашых сэрцах. У канцы мая перажываем Эўхарыстычны кангрэс і 25-годдзе існавання нашай дыяцэзіі. Гэтыя прыгожыя ўрачыстасці заканчваем працэсіяй Божага Цела. У гэты час новы нумар газеты ўжо выйдзе ў друк, таму пра кангрэс і юбілейныя ўрачыстасці можна будзе прачытаць у наступным нумары. А сёння давайце падумаем над чарговымі спосабамі напаўнення сэрца Богам.
    Вера не павінна быць для нас як шведскі стол, з якога чалавек бярэ што хоча і калі хоча. У жыцці часам здараецца так, што мы прыходзім у касцёл тады, калі нам патрэбна ахрысціць дзіця, а пасля толькі перад Першай святой Камуніяй разам з дзецьмі ўспамінаем, чым з’яўляецца споведзь. Сакрамант сужэнства не вельмі нам патрэбны для жыцця, а пра канфірмацыю мы ўвогуле забываемся. Так не можа быць у нашым жыцці! Калі сэрца будзе пустым, народ таксама будзе пустым.
    Кожны добра разумее, што пустое сэрца – мёртвае. Яно павінна быць напоўнена Богам: Хрыстом міласэрным, які прабачае нам грахі і дае самога сябе як хлеб вечнага жыцця ў Эўхарыстыі, а таксама ў іншых сакрамантах. Сакраментальнае жыццё з’яўляецца найлепшай нагодай, каб напоўніць нашыя сэрцы.
    Касцёл не ўскладняе чалавеку жыццё, а дапамагае выбраць правільны напрамак. Ён паглыбляе веру, што дапамагае нам вытрываць у гэтым складаным жыцці, знаходзячы яго сэнс. Памятаем аб тым, што ў сэрцы Касцёла знаходзіцца кожны з нас.
    Не дайма цывілізацыі смерці знішчыць нашае сэрца. Няхай Хрыстос там жыве і бласлаўляе нас. Напоўніць сваё сэрца Богам – найважнейшая задача нашага жыцця, якое варта пражыць добра і шчасліва. Касцёл дапамагае нам у гэтым. Чарговыя ўрачыстасці даюць нам магчымасць змяніць уласнае жыццё. Дык давайце выкарыстаем гэты шанс!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.