ГРОДНА
Пятніца,
09 снежня
2022 года
 

Распачаў служэнне Гродзенскі капітул

З жыцця Касцёла

Калегія духоўных асоб пры біскупскай катэдры

У свята Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, aдбылася ўрачыстая інсталяцыя Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра. У яго склад увайшлі 17 канонікаў, сярод якіх 8 грэміяльных і 9 ганаровых.
Інсталяцыя капітула
    Абрад інсталяцыі катэдральнага капітула быў здзейснены ў касцёле св. Францішка Ксаверыя падчас святой Імшы, цэлебраванай ксяндзамі біскупамі Аляксандрам Кашкевічам і Юзафам Станеўскім. Спачатку канонікі зачыталі Апостальскі сімвал веры, узгадваючы абавязак вызнавання веры згодна з вучэннем Касцёла. Затым, ускладваючы рукі на Святое Пісанне, склалі прысягу вернасці.
    Наступнай часткай інсталяцыі было асвячэнне кананічных знакаў годнасці. Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста ўсклаў іх на грэміяльных канонікаў. Элементам абраду інсталяцыі было займанне канонікамі сваіх месцаў у лавах катэдральнай базілікі.
    Напрыканцы інсталяцыі выступіў дэкан капітула ксёндз Генрых Яблоньскі. Ён падзякаваў біскупу за аказаны давер да выбраных святароў і звярнуў увагу прысутных на тое, што “гэта не толькі адрозненне, але і абавязацельства”. Дэкан капітула назваў прызначаных канонікаў “апекунамі цудоўнай традыцыі” і паабяцаў ад імя ўсіх членаў капітула годна служыць Богу, Касцёлу і біскупу.
    На заканчэнне святой Імшы ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч удзяліў пастарскае бласлаўленне вернікам, якія прыйшлі раздзяліць радасць інсталяцыі капітула.

   
Гродзенскі капітул з’яўляецца калегіяй духавенства, якая існуе пры біскупе як дарадчы орган. У яго склад уваходзяць 17 канонікаў.
   
    Грэміяльныя канонікі:
    Кс. Генрых Яблоньскі (дэкан капітула)
    Кс. Ян Кучынскі (цырымоніймайстар)
    Кс. Уладзімір Гуляй (тэолаг)
    Кс. Юзаф Багдзевіч (кусташ)
    Кс. Антоній Грэмза (сакратар)
    Кс. Цэзарый Міх (пэнітэнцыярый)
    Кс. Рычард Якубец
    Кс. Ян Пузына
   
    Ганаровыя канонікі:
    Кс. Юзаф Ханьчыц
    Кс. Чэслаў Паўлюкевіч
    Кс. Ян Пецюн
    Кс. Станіслаў Пацына
    Кс. Алег Дуль
    Кс. Аляксандр Сасноўскі
    Кс. Віктар Велівіс
    Кс. Людвік Станішэўскі
    Кс. Люцыян Радомскі

    Сімвал веры нагадаў прысутным аб паглыбленні праўдаў веры    Роля капітула ў дыяцэзіі
    Капітул – гэта група святароў, т. зв. канонікаў, якія ўтвараюць сенат біскупа. Згодна з Кодэксам кананічнага права, задачай капітула з’яўляецца правядзенне найбольш урачыстых літургічных падзей у катэдральным або калегіяльным касцёле. Гэты старажытны прававы інстытут увасабляе клопат Касцёла аб справах культу і падтрымлівае біскупскую адміністрацыю ў якасці сената і рады.
    Тытул каноніка святары атрымліваюць пажыццёва ў знак падзякі за заслугі перад Касцёлам. Грэміяльныя канонікі (у адрозненні ад ганаровых) надзяляюцца пэўнымі правамі і абавяз- камі. І толькі грэміяльныя канонікі маюць права актыўнага і пасіўнага голасу на сходах капітула ў якасці кансультатыўнага органа біскупа.
    Права на заснаванне капітула дае Святы Пасад. Унутраную структуру і статут распрацоўвае дыяцэзіяльны біскуп. На сённяшні дзень катэдральны капітул існуе ў Віцебску, раней існаваў у Магілёве і Мінску.
    Гродзенскі катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра быў заснаваны паводле норм кананічнага права са згоды Апостальскай Сталіцы ў 2012 годзе. У сакавіку бягучага года ў будынку гродзенскай курыі ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч агучыў прозвішчы святароў, якіх прызначыў канонікамі, і ўручыў ім дэкрэты. У маі ж адбылася ўрачыстая інсталяцыя.
    Назва капітула як бы спалучана з дзвюх частак: першая спасылаецца на тытул старэйшага на нашых землях касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Фара Вітаўта), другая – на заступніка дыяцэзіі святога Казіміра Каралевіча.
    Капітул клапоціцца аб правільным і згодным з літургічнымі нормамі адпраўленні набажэнстваў.
    “Адной з нашых задач з’яўляецца распаўсюджванне культу Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, тытул якога мае капітул,– падкрэслівае дэкан капітула ксёндз Генрых Яблоньскі. – Таксама мы будзем працаваць над прэзентацыяй і распаўсюджваннем у дыяцэзіі дакументаў Святога Пасада”.
   
   Найважнейшай часткай цырымоніі стала прысяга на Бібліі Правы і абавязкі канонікаў
    Абавязкі канонікаў акрэслівае Кодэкс кананічнага права, статут Гродзенскага катэдральнага капітула, а таксама дыяцэзіяльны біскуп.
    Канонікі павінны ўдзельнічаць у літургічных працэсіях у час святых дзён літургічнага года. Статуты абавязваюць іх ужываць аднолькавыя харавыя ўборы, рэгулярна адпраўляць Імшу пад кіраўніцтвам біскупа, клапаціцца аб якасці літургічных прылад і, урэшце, дбаць пра матэрыяльную аснову Божага культу.
    Згодна з артыкулам 28 статута Гродзенскага катэдральнага капітула Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Казіміра, члены капітула павінны прымаць удзел у агульнадыяцэзіяльных набажэнствах, якія ўзначальвае гродзенскі біскуп у катэдральнай базіліцы і ў іншых касцёлах дыяцэзіі. Канонікі, якія служаць не на тэрыторыі біскупскага горада, удзельнічаюць у набажэнствах, калі ім дазваляюць душпастарскія абавязкі ва ўласных парафіях.
    Асноўным абавязкам членаў капітула з’яўляецца згоднае з ідэаламі святарскай дасканаласці жыццё праз бесперапыннае паглыбленне хрысціянскай, інтэлектуальнай, духоўнай і пастарскай фармацыі.
   
 Грэміяльныя канонікі атрымалі з рук біскупа асаблівыя знакі годнасці   Знакі годнасці
    Знешнім знакам прыняцця канонікам функцый з’яўляецца атрыманне з рук ксяндза біскупа знакаў годнасці. Канонікам належыць харавы ўбор, крыж і месца ў лаве катэдральнай базілікі. Харавы ўбор Гродзенскага капітула складаецца з чорнай сутаны з фіялетавай абшыўкай і такімі ж гузікамі, фіялетавай накідкі і пояса, чорнага берэта з фіялетавым кутасікам, а таксама белай комжы з рукавамі фіялетавага колеру.
    Яшчэ адзін знак годнасці грэміяльных канонікаў Гродзенскага капітула – у выглядзе крыжа: на адным баку з выявай святога Казіміра, на другім – з выявай Маці Божай Унебаўзятай з надпісам “Сapitullum Grodnense”. На падвойным ланцужку змешчаны герб Гродна, які быў нададзены гораду згодна з магдэбургскім правам у 1496 годзе. На блакітным фоне – алень святога Губерта. Знак годнасці з’яўляецца ўласнасцю капітула і належыць толькі грэміяльным канонікам.
    Месца ў лаве катэдральнай базілікі азначае, што канонікі маюць асаблівую еднасць з гэтым касцёлам і абавязваюцца развіваць у ім літургічнае і душпастарскае жыццё пад кіраўніцтвам дыяцэзіяльнага біскупа.
   
Што для вас значыць быць канонікам?
   
    Кс. Ян Кучынскі, грэміяльны канонік
    Гэта не толькі радасць ад прысвоенага звання, але, перадусім, адказнасць. Ты ўсведамляеш: зараз з’яўляешся прадстаўніком дыяцэзіі на нейкім новым узроўні. Радасна, што ў нас з’явіўся катэдральны капітул. Гэта дапаўняе структуры дыяцэзіі і падкрэслівае значнасць і важнасць нашай дыяцэзіі ў структуры Касцёла.
   
    Кс. Антоній Грэмза, грэміяльны канонік
    Для мяне гэта такі дар Касцёла, які выражае абавязак да яшчэ большага служэння Божаму Касцёлу і дыяцэзіяльнаму біскупу, які ўзнагародзіў мяне гэтым тытулам. Як заклікаюць статуты капітула, канонік павінен усведамляць адказнасць свайго звання і яшчэ больш аддана служыць Богу і людзям праз пастарскае развіццё і клопат пра вернікаў.
   
    Кс. Цэзарый Міх, грэміяльны канонік
    Тытул каноніка з’яўляецца найвышэйшай адзнакай у дыяцэзіі, якую біскуп можа даць ксяндзу. Гэта вялікі гонар, прызнанне, але ў той жа час і заданне. На мяне як пэнітэнцыярыя ўскладзены абавязак спавядання і адпушчэння вернікам тых грахоў, якія можа адпускаць ксёндз біскуп. Ніколі не чакаў, што атрымаю такое прызнанне і адначасова вялікі абавязак прымірэння Бога і людзей.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

violet
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  23

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.