ГРОДНА
Серада,
18 верасня 2024 года |
Выказаць захапленне жаночай душой
Хвала Хрысту!
Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра прызначэнне жанчыны, яе ўнікальную ролю ў грамадстве і прыродную ахвярнасць. Падумаем, чым жаночая душа адрозніваецца ад мужчынскай і як прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва ўплываюць на будучыню.
Наперад з Богам!
Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра прызначэнне жанчыны, яе ўнікальную ролю ў грамадстве і прыродную ахвярнасць. Падумаем, чым жаночая душа адрозніваецца ад мужчынскай і як прадстаўніцы цудоўнай паловы чалавецтва ўплываюць на будучыню.
Наперад з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
“І сказаў Гасподзь Бог: нядобра быць чалавеку аднаму; створым яму памочніка, адпаведнага яму” (Бц 2, 18)
Разам мужчына і жанчына могуць усё, што ні адзін паасобку здзейсніць не зможа. Дасканалых няма, кожны чалавек унікальны. І ніхто не пераўзыхо-дзіць другога, паколькі абодва аднолькава неабходныя. Па задуме Стварыцеля, мужчына і жанчына ўзаемна дапаўняюць адзін аднаго, як ключ і замок.†
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:
каб ва ўсіх краінах свету да жанчын адносіліся з шанаваннем і павагай, а таксама каб быў ацэнены іх неабходны ўклад у развіццё грамадства
Галоўнае прызначэнне жанчыны – быць увасабленнем Любові. І дзяліцца гэтай любоўю ўсімі даступнымі шляхамі: праз ўзаемаадносіны, творчасць, працу. Жанчыны фарміруюць будучыню, выхоўваючы дзяцей. Ад таго, якімі яны стануць, залежыць заўтрашні дзень. Молімся за жанчын, каб яны і далей напаўнялі любоўю ўсё, да чаго дакранаюцца.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
прызначэнне
Бог невыпадкова стварыў нас жанчынамі і мужчынамі, даўшы кожнаму непаўторныя дары і таленты, адвёўшы кожнаму яго месца і абавязкі. У залежнасці ад гэтага людзі будуюць сваё жыццё. Адны нараджаюць і выхоўваюць дзяцей, другія абараняюць сваю сям’ю. Адны займаюцца фізічнай працай, другія ствараюць утульнасць і прыгажосць.
Толькі тады, калі мы ўсвядомім, навошта Бог стварыў нас менавіта такімі, а не іншымі, мы будзем па-сапраўднаму шчаслівымі. Адсюль і слушныя клопаты, мары, надзеі.
МЭТА МЕСЯЦА:
дакладна акрэсліць мужчынскія і жаночыя ролі
У сённяшнім свеце часта адбываецца змяшэнне роляў: жанчына можа выконваць мужчынскія абавязкі, а мужчына – жаночыя. Жанчыне, напрыклад, нярэдка даводзіцца насіць цяжкія сумкі, надрывацца на некалькіх месцах працы. Яна можа і шафу сабраць, і кран адрамантаваць. Вядома, сапраўдная жанчына ўсё можа зрабіць сама, толькі, як кажуць, сапраўдны мужчына гэтага не дапусціць.
Жанчынам час паразважаць над тым, ці не прымяраюць яны на сябе мужчынскія ролі, а мужчынам – ці дазваляюць яны жанчынам “замяшчаць” іх у сваім жыцці.
СПРАВА МЕСЯЦА:
выказаць захапленне жаночай душой
Чым жа яна адрозніваецца ад мужчынскай? Жаночая душа больш адчувальная, пяшчотная і ранімая. Яна паклікана аддаваць, дзяліцца сабою са светам. Гэта тлумачыцца тым, што кожная жанчына – патэнцыяльная маці. І яе прызначэнне – прыносіць сваё жыццё ў дар.
Мама, сястра, бабуля, сяброўка, знаёмая, калега... Вакол нас шмат жанчын, якім варта выказаць падзяку або прапанаваць плячо падтрымкі. Гэта можна здзяйсняць пастаянна праз добрае слова, учынак або малітву.
КНІГА МЕСЯЦА:
“Жанчыны місіянеркі”, Вера Кушнір
Аўтар распавядае пра лёсы простых жанчын-хрысціянак, якія прысвяцілі сябе служэнню Богу і людзям. На прыкладзе іх жыцця паказана, што кожная жанчына, якая любіць Бога, з’яўляецца Яго вучаніцай і мае магчымасць працягнуць гэты спіс. Кніга можа стаць добрай дапамогай у працы жаночых гурткоў і груп пры касцёле, а таксама яна карысная для індывідуальнага вывучэння.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
“Любіце жанчын”, T1One
Выканаўца глыбока разглядае прыроду жанчыны: “яна ўсім сэрцам бачыць глыбіню істоты”, “і нават у недахопах заўважыць нешта добрае”. “Каб дарыць сваё нутро, ёй не патрэбны прычыны”, “любіць насуперак усяму і не можа інакш”. У песні гучыць заклік шанаваць і захапляцца жанчынамі кожнае імгненне. “Не трэба лішніх слоў, проста любіце іх...”. Выканаўца жадае, каб у жаночых сэрцах бясконца была вясна, і “толькі радасць у іх цудоўных вачах”.
АСОБА МЕСЯЦА:
святая Уршуля
Нарадзілася 17 красавіка 1865 года ў Лосдорфе (Aўстрыя). Паходзіла са знатнай польскай сям’і Ледухоўскіх, якая была вядома сваім патрыятызмам і рэлігійнасцю.
З ранніх гадоў дзяўчына была адчувальнай да людской беднасці і нядолі. Ва ўзросце 21 год уступіла ў кляштар уршулянак у Кракаве. У ордэне атрымала сярэднюю адукацыю і дыплом настаўніцы. На працягу многіх гадоў навучала ў гімназіі. З 1904 года выконвала абавязкі настаяцельніцы кляштара. У гэты ж час заснавала першую ў Польшчы марыйную кангрэгацыю для дзяўчат. Клапоцячыся пра студэнцкую моладзь, адкрыла інтэрнат для студэнтак і арганізавала рэлігійныя курсы. Заснавала польскія школы і дамы апекі ў Расіі, Фінляндыі і Швецыі. Займалася дабрачыннай дзейнасцю.
У ходзе такой дзейнасці ў яе нарадзілася ідэя стварэння новай манаскай сям’і, дастасаванай да актуальных патрэб выхаваўчай працы. Пасля заканчэння ваенных дзеянняў набыла невялікую нерухомую маёмасць у Пневах, якая стала генеральным домам уршулянак старых. Апостальская Сталіца зацвердзіла Кангрэгацыю.
Памерла Уршуля 29 мая 1939 года ў Рыме. У 1983 годзе была беатыфікавана папам Янам Паўлам II, у 2003 годзе – ім жа кананізавана. У пяцідзясятую гадавіну смерці мошчы Уршулі былі перанесены з Рыма ў горад Пневы, у капліцу галоўнага манастыра жаночай манаскай кангрэгацыі Сясцёр Уршулянак Сэрца Езуса Канаючага.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 105 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.