ГРОДНА
Пятніца,
13 снежня
2024 года
 

Учынак для душы бліжняга. Раіць тым, хто сумняваецца

Практыкаванні ў міласэрнасці

Па-першае, кожны чалавек перажывае хвіліны розных сумненняў і патрабуе добрай парады. Няма, напэўна, таго, хто б прымаў адказныя рашэнні і не вагаўся. Тлумачыцца ўсё тым, што людзям часам не стае мудрасці, якая дазваляе выбіраць цвёрда і рашуча. Перажываць сумненні – натуральна. Непакоіцца варта тым, хто ніколі іх не зведваў.
    Па-другое, мы самі з’яўляемся патэнцыяльнымі дарадцамі, тымі, хто можа паслужыць іншаму добрай радай. Гаворка ідзе аб уменні выслухаць чыесьці сумненні, быць гатовым дапамагчы ацаніць сітуацыю і паказаць дарогу. Сумненні здольны паглыбіць чалавека ў хаос уласных думак і пачуццяў. Мы ж, хрысціяне, пакліканы праз добрыя парады несці “згубленым” людзям сэнс жыцця і веру ў дабро. У гэтым заключаецца душпастарства Касцёла, якое ў зменных акалічнасцях нястомна набліжае і актуалізуе Божую волю, даючы адпор адчаю і страце надзеі.
    Пётр пачаў тануць, бо засумняваўся. Засумняваўся, таму што замест таго, каб глядзець на Езуса, давяраць Яму, пачаў глядзець на разбушаваныя хвалі возера і, адчуўшы моцны вецер, спалохаўся (параўн. Мц 14, 30). Мы ў сваім жыцці таксама неаднойчы перажываем падобныя сітуацыі, калі накопленыя цяжкасці, балючыя падзеі прыкоўваюць усю нашу ўвагу – і мы забываемся пра жывую прысутнасць Бога, пра Яго моц, якая можа нас правесці па разбушаваных хвалях жыцця, якая здольна іх суцішыць.
У Евангеллі чытаем, што Хрыстос неаднойчы даваў парады людзям, якіх апаноўвалі сумненні. Фарысей Нікадэм прыходзіў да Езуса ноччу, каб у размове з Ім шукаць для сябе святло. Багаты юнак пытаўся ў Хрыста, што трэба рабіць, каб дасягнуць вечнага жыцця.
    Парада – гэта дапамога ў выглядзе павучання ці ўказання спосабаў выхаду з цяжкасцей, якія сустракаюць чалавека на шляху да пастаўленай мэты. Раіць іншым – не значыць прымаць за кагосьці рашэнне. Гэта значыць, падказаць у няпростай сітуацыі, засцерагчы ад зла і накіраваць погляд на духоўныя гарызонты. Таму калі мы даём камусьці параду, неабходна падкрэсліць свабоду і адказнасць за самога сябе той асобы, якой раім.
    Каб дапамагчы таму, хто сумняваецца, неабходна, у першую чаргу, дазволіць чалавеку адкрыць свае сумненні. Інакш кажучы, увайсці з ім у блізкую сувязь і заваяваць давер.
    Не трэба раіць бяздумна. Неабходна выкарыстаць усе свае веды і вопыт. Калі хтосьці не ведае адказу на пытанні, не павінен раіць. Даючы некампетэнтныя парады, ён можа ўчыніць сур’ёзную шкоду. Таму тыя, хто дае жыццёвыя парады, нясуць пэўную адказнасць за свае падказкі. Святое Пісанне папярэджвае: “Судзі справы бліжняга паводле сваіх уласных і над кожнай справай падумай добра” (Сір 31, 15).
    Удзеленая парада не можа пайсці супраць бліжняга. Гэта быў бы грэх злоўжывання даверам, свайго роду д’ябальскі грэх: гэта ж ён раіць дрэннае чалавеку. Удзеленая парада павінна паходзіць з любові да бліжняга, клопату аб яго карысці і звычайнай добразычлівасці.
    Часам чалавечай мудра-сці недастаткова. За добрай парадай можна і трэба звяртацца да Святога Духа, якога называем “Суцяшыцелем”. Як дзеці Касцёла, ахрышчаныя і канфірмаваныя, мы маем поўнае права прасіць Яго актываваць у нас увесь патэнцыял Божай моцы. Сярод сямі дароў Святога Духа ёсць дар рады, які з’яўляецца крыніцай мудрасці, дапамагае разумна жыць і глядзець на свет.
    Не трэба забывацца, што кожны чалавек мае свой тэмперамент, фізіялагічныя і псіхічныя якасці, жыццёвы вопыт. Таму часам даводзіцца чуць (і неабходна быць да гэтага гатовымі): “табе лёгка казаць”, “ты не быў у такой сітуацыі” і да т. п. Нягледзячы на тое, што часам раіць няпроста, ад задумкі адмаўляцца не варта. Галоўнае – быць упэўненым у тым, што парада нясе карысць.
    Часам Бог дапускае сумненні для таго, каб вера чалавека стала больш глыбокай, сталай і годнай заслугі. Таму трэба глядзець далей, сягаць глыбей, не даваць банальныя адказы на цяжкія пытанні, а прапускаць любое сумненне праз сіта міласэрнасці, мудрасці і вопыту.
   
5 прычын, каб здзейсніць учынак міласэрнасці:
   1. Мы раім адзін аднаму, бо ўсе сумняваемся.
    2. Добрая парада заўсёды неабходная і каштоўная.
    3. Яна служыць аднаўленню добрых адносін з Богам і людзьмі.
    4. Прынятыя добрыя парады ўзмацняюць пачуццё сэнсу жыцця, што прыводзіць да аднаўлення даверу і радасці.
    5. Хрысціянская міласэрнасць – гэта не толькі добры ўчынак, але і абавязак.

   
slukaУсе людзі сумняваюцца: наконт асабістых зносін, працы, вучобы, інтарэсаў і г. д. З аднаго боку, гэта някепска, таму што тады чалавек пачынае думаць, разважаць, задаваць сабе пытанні. Але з іншага боку, сумненні могуць прывесці да негатыўных з’яў. Св. Пётр засумняваўся і пачаў тануць, Юда засумняваўся і здрадзіў Хрысту... У стане ваганняў чалавеку небяспечна заставацца сам-насам з сабою, таму што ён можа разгубіцца, страціць надзею. Таму, калі мы бачым, што неабходна нешта параіць бліжняму (пры гэтым, ведаем Божыя запаведзі і зыходзім з любові да чалавека), то павінны з упэўненасцю дзяліцца сваімі трапнымі думкамі, развейваючы сумненні адносна існуючай сітуацыі. Вядома, не ўсім стае мудрасці. Але нават сама неабыякавасць з нашага боку і малітва за чалавека, які сумняваецца, можа шмат зрабіць для яго дабра.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  19

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.