ГРОДНА
Панядзелак,
07 кастрычніка
2024 года
 

Беліца

Парафіі і святыні

Драўляная капліца на могілках

Дэканат Ліда
Гэта адна з самых старэйшых рымска-каталіцкіх парафій дэканата. Тут, у вялікакняскім уладанні (калісьці староства з замкам), парафіяльны касцёл пад тытулам св. Юрыя Пакутніка (Пераможцы) быў заснаваны ў 1486 г. каралём Казімірам Ягелончыкам. Новы будынак касцёла збудаваны ў 1505 г.
 
  У 1553 г. Мікалай Радзівіл Руды, гетман ВКЛ і тагачасны дзяржаўца Беліцы, зрабіў са святыні кальвінскі збор, але да сярэдзіны XVII ст. парафія адрадзілася. З таго часу і да 1832 г. пры касцёле дзейнічала фундаваная Сапегамі рэзідэнцыя дамініканцаў ад кляштара ў Ельні, а таксама парафіяльная школа.
 
  У 1787 г. на сродкі генерала польскіх войскаў Ігнація Мараўскага ў беліцкай рэзідэнцыі быў узведзены новы драўляны касцёл, які з дазволу віленскага біскупа Ігнацыя Якуба Масальскага ў тым жа годзе асвяціў дамініканец кс. Францішак Кантоўскі. Гэта была велічная дзвюхвежавая трохнававая святыня з трансептам у стылі барока, вальмы двухсхільнага гонтавага даху над прэзбітэрыем завяршала сігнатурка. Інтэр’ер упрыгожвалі пяць алтароў: галоўны з абразом Пана Езуса, бакавыя – Маці Божай Ружанцовай, св. Вінцэнта з Ферары, св. Тэклі, св. Антонія. Побач з касцёлам стаяла трох’ярусная чацверыковая драўляная званіца. Касцёльны комплекс быў абнесены драўляным плотам. Злева ад уваходу на ўчастак, перад могілкамі, стаяў сонечны гадзіннік. Калятарамі касцёла па-ранейшаму лічыліся магнаты Радзівілы, аб чым у касцёле захоўваўся дакумент ад 14 чэрвеня 1696 г.
У 1832 г. з закрыццём дамініканскага кляштара ў Ельні была ліквідавана і рэзідэнцыя ордэна ў Беліцы. У 1837 г. касцёл перадалі ў праваслаўнае ведамства і 20 лютага 1840 г. храм быў асвечаны як праваслаўная царква Святога Духа, якая атрымала статус прыпісной да зблянскай царквы. Пры перабудове над вежамі і сяродкрыжжам святыні з’явіліся цыбулепадобныя галоўкі.
 
  Новая святыняУ 1919 г. святыня зноў была вернута католікам і ў 1922 г. нанова адбудавана ўжо як парафіяльны касцёл. У тыя гады беліцкая парафія налічвала больш за 2000 вернікаў. Да парафіі належалі філіяльны касцёл у Крывічах і капліца на парафіяльных могілках у самой Беліцы. Апошняя была пабудавана дамініканцамі каля 1824 г. з дрэва, асвечана пад тытулам Маці Божай Ружанцовай і выконвала функцыю каталіцкай святыні ў час, калі касцёл быў забраны пад царкву.
 
  Капліца ўяўляе сабою прамавугольны зруб з трохграннай алтарнай часткай, арыентаванай на паўночны захад, да якой з правага боку прыбудавана сакрыстыя. У 1990-я гг.
 
  капліцу падоўжылі ў алтарным напрамку, павялічыўшы яе даўжыню амаль удвая. Святыня накрыта двухсхільным дахам з вальмамі над алтаром і завершана чацверыковай шатровай вежачкай над уваходам. У нішы ўваходнага франтона з самага пачатку існавання капліцы ўсталявана разьбяная фігура св. Яна Непамука. У залавым інтэр’еры, перакрытым плоскай падшыўной столлю, размешчаны галоўны алтар з тытульным абразом Маці Божай Ружанцовай і дзве алтарныя кампазіцыі: злева – Найсвяцейшай Панны Марыі (абраз у сярэбранай шаце, перавезены са знішчанай філіі ў Крывічах) і фігура Маці Божай, справа – Маці Божай Вострабрамскай і фігура Пана Езуса. Таксама ў капліцы захоўваюцца вялікі абраз св. Юрыя з галоўнага алтара беліцкага касцёла і вялікі абраз Святой Сям’і з ельнаўскага.
 
  Падчас ІІ Сусветнай вайны пробашч кс. Стэфан Дабравольскі быў расстраляны немцамі. У пасляваенны час старажытны касцёл у Беліцы быў зачынены, выкарыстоўваўся як спортзала мясцовай школы. Потым стаяў занядбаны і з часам быў знішчаны. Аднак драўляная капліца на могілках не толькі захавалася, але нават была залічана да шэрагу помнікаў архітэктуры. Злева ад святыні паставілі каркасную металічную званіцу. 22 жніўня 1992 г. капліца пасля рэканструкцыі была асвечана гродзенскім біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
 
  З 1997 г. у цэнтры Беліцы паводле праекта польскага архітэктара Юліяна Стоцкага распачалося будаўніцтва дзвюхвежавага велічнага касцёла з сілікатнай цэглы. 14 ліпеня 2011 года адбылася вялікая ўрачыстасць – асвячэнне касцёла св. Юрыя, якое здзейсніў кс. бп Аляксандр Кашкевіч.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  86

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.