ГРОДНА
Субота,
12 кастрычніка 2024 года |
Першая святая Камунія – найважнейшы Хрыстос
Хутка ў касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі пачнецца час, калі дзеці будуць прыступаць да Першай святой Камуніі. Дзяўчаты ў белых сукенках і хлопцы ў белых альбах стануць сведкамі вялікага цуду і прымуць Цела Хрыста. “Але каб годна перажыць гэтую ўрачыстасць, яны павінны адпаведна падрыхтавацца”, – адзначае сястра Марлена ISSM і адказвае на пытанні, звязаныя з прыняццем аднаго з найважнейшых сакрамантаў.
- У якім узросце дзеці павінны прыступаць да святой Камуніі?
- Псіхалогія, педагогіка, а таксама мой шматгадовы вопыт указваюць на тое, што малое дзіця адкрыта на свет духоўных каштоўнасцей. Кожны, хто працуе з дзецьмі, ведае: чым больш дабра і простага пазнання Бога мы ўкладзём у іх сэрцы і розумы ў раннім дзяцінстве, тым лепш. Невыпадкова папа Пій Х дапусціў дзяцей да ранняй святой Камуніі, падкрэсліўшы неабходнасць стварэння сапраўднай рэлігійнай атмасферы ў сям’і. Аб’ектыўны парадак, якім мы кіруемся ў нашай дыяцэзіі, – гэта ўзрост 9-10 гадоў. †
- Псіхалогія, педагогіка, а таксама мой шматгадовы вопыт указваюць на тое, што малое дзіця адкрыта на свет духоўных каштоўнасцей. Кожны, хто працуе з дзецьмі, ведае: чым больш дабра і простага пазнання Бога мы ўкладзём у іх сэрцы і розумы ў раннім дзяцінстве, тым лепш. Невыпадкова папа Пій Х дапусціў дзяцей да ранняй святой Камуніі, падкрэсліўшы неабходнасць стварэння сапраўднай рэлігійнай атмасферы ў сям’і. Аб’ектыўны парадак, якім мы кіруемся ў нашай дыяцэзіі, – гэта ўзрост 9-10 гадоў. †
- Першая святая Камунія і Першая святая споведзь – важныя падзеі ў жыцці дзіцяці. У чым заключаецца адпаведная падрыхтоўка да гэтых сакрамантаў?
- Існуе так званая падрыхтоўчая праграма да гэтых сакрамантаў. Але зразумела, што кожны катэхет працуе трохі інакш. На гэта ўплывае шэраг фактараў: падыход да дзяцей, уменні, якімі Бог надзяляе, стаж катэхетычнай працы і г. д. Аднак, асабіста я лічу, што ва ўсіх павінны быць пэўныя супольныя рысы. Найлепшым фундаментам, пакладзеным пад падрыхтоўку дзяцей, з’яўляецца пакорнае ўсведамленне таго, што Езус захацеў зрабіць катэхета сваім інструментам, які павінен быць толькі мастом, па якім кожнае дзіця можа бяспечна пабегчы на сустрэчу з Богам. А другая калона гэтага фундамента – гэта нястомны клопат аб паглыбленні свайго духоўнага жыцця, каб сапраўды жыць ласкай тых сакрамантаў, да якіх катэхет вядзе іншых.
Наступным катэхетычным метадам (калі так можна выразіцца) з’яўляецца малітва. За дзяцей і іх бацькоў павінны пастаянна маліцца. Добра, калі гэта робіць цэлая парафія.
Чым больш духоўна сталы катэхет, тым лепш ён расстаўляе прыярытэты ў падрыхтоўцы дзяцей да Першай святой Камуніі.
Можна, канешне, засяродзіцца на тым, каб дзіця засвоіла катэхетычную інфармацыю, так званую тэорыю. І гэта важна. Можна паклапаціцца аб тым, каб дзіцяці на працягу гэтых двух гадоў даць шмат рэлігійных перажыванняў, бо, як вядома, вопыт падмацуе тэорыю. І гэта таксама важна. Але на самой справе, важней за ўсё, каб дзіця навучылася кантакту з жывым Богам. Кожны катэхет павінен засяроджвацца не столькі на падрыхтоўцы прыгожай, хоць і аднаразовай урачыстасці, колькі на тым, каб паказаць дзіцяці дарогу сувязі з Богам. Менавіта на гэтым палягае таямніца першых сакрамантаў: жывая, сапраў-дная, няспынная сувязь з Богам.
- Як бацькі павінны падтрымліваць дзіця ў час падрыхтоўкі?
- Бацькі ў гэты час важнейшыя, чым кзёндз за амбонам ці катэхет у класе. Каб добра падрыхтаваць дзіця да сустрэчы з Панам Езусам, неабходна супрацоўніцтва дарослых. Я маю на ўвазе бацькоў, святароў, катэхетаў. Катэхеты перадаюць веды, а бацькі – веру. Удзел бацькоў павінен мець канкрэтныя акцэнты, а менавіта:
° клопат аб нядзельнай Эўхарыстыі (хоць сорамна гаварыць пра гэта ў кантэксце падрыхтоўкі да святой Камуніі, але, на жаль, мы жывём у такіх рэаліях);
° клопат аб сістэматычнай катэхезе;
° зацікаўленасць праграмай (каб дома гаварылася тое ж, што і на занятках, бо інакш дарослыя крыўдзяць дзіця, якое любяць);
° удзел у сустрэчах для бацькоў, якія арганізуюцца ў многіх парафіях (гэта шанс паглыбіць свае рэлігійныя веды, упарадкаваць сваё жыццё. Магчыма, бацькі на працягу многіх гадоў не прыступаюць да сакрамантаў або, хоць не маюць перашкод, жывуць без сакраманту шлюбу. Праз удзел у гэтых сустрэчах яны рыхтуюцца да таго, каб дапамагчы дзіцяці, калі яно прыйдзе з якім-небудзь пытаннем, няўпэўненасцю, страхам);
° актыўны ўдзел у падрыхтоўцы ўрачыстасці.
- Сёння дарослыя часта спаборнічаюць у пакупцы падарункаў на Першую святую Камунію. Гэта прыводзіць да таго, што Езус адыходзіць на другі план. які падарунак будзе адпаведным? Як павінен выглядаць камунійны прыём?
- Кожнае дзіця аб нечым марыць, з нецярпеннем чакае падарункаў... І гэта нармальна. Праблема не ў дзецях, а ў дарослых. А дакладней кажучы – у сферы нашых каштоўнасцей. Таму гарачы заклік да бацькоў: дзейнічайце як веруючыя людзі, як хрысціяне. Не рабіце з урачыстасці Першай Камуніі гучнай вечарыны. Няхай гэта будзе свята радасці ад таго, што Бог ёсць у нас. Падарункі могуць засланіць Езуса. Менавіта ад Вас, дарагія бацькі, залежыць, ці станецца так. Вы пастаўлены для таго, каб любіць і ў любові кіраваць сваім дзіцём. Не аддавайце руль дзіцяці.
Як жа сумна катэхетам глядзець на дзяцей, якія маніпулююць сваімі бацькамі, у тым ліку ў справе камунійных падарункаў. Дык што ж, іх не дарыць? Можна. Толькі падумайце, як гэта зрабіць, каб не адцягнуць увагу дзіцяці ад таго, Хто з’яўляецца найважнейшым – ад самога Хрыста.
|
Калі Вы думаеце, што гэта нерэальна, Вы памыляецеся. Я ведаю многіх цудоўных бацькоў, якія зрабілі з гэтай урачыстасці Сапраўдную, Сямейную, Святую Падзею. Бацькоў, якія не без цяжкасцей рыхтавалі сваіх дзяцей і сябе да прыняцця Езуса. Так-так! Я кажу пра нашы гродзенскія сем’і. Ведаю многіх звычайных, веруючых і мудрых бацькоў, якія не паддаліся модзе ці спажывецтву, якія, рызыкуючы быць незразуметымі, абаранілі цвярозасць гэтай урачыстасці, якія не забралі ў Езуса першае месца. І гэта прыносіць плён. Дзеці такіх бацькоў не знікаюць з касцёлаў і катэхетычных класаў пасля Першай святой Камуніі. Яны застаюцца на дарозе веры і сябруюць з Езусам. Вось бы ў нашай дыяцэзіі было як мага больш такіх сямей, такіх дзяцей і такой радасці, якая выплывае з глыбокай еднасці з Езусам.
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 81 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.