ГРОДНА
Субота,
13 красавіка
2024 года
 

Цвёрдае пастанаўленне выправіцца

Рэкалекцыі са «СЛОВАМ»

Працягваем нашыя разважанні аб сакраманце пакаяння і паяднання. У трох папярэдніх артыкулах, змешчаных у “Слове Жыцця”, мы разважалі над сутнасцю сакраманту Божай міласэрнасці і абмеркавалі ўжо дзве з пяці ўмоў добрай споведзі: рахунак сумлення і жаль за грахі. Цяпер зоймемся трэцяй, чарговай умовай, абавязковай для сапраўднасці і эфектыўнасці гэтага сакраманту – цвёрдым пастанаўленнем выправіцца.
Езус Хрыстус у сваім навучанні шматразова заклікаў тых, каму адпусціў грахі, каб яны ўжо больш не грашылі ў будучым. Да блудніцы Ён звярнуўся з рашучым настаўленнем: „Ідзі, і ад гэтай хвіліны ўжо не грашы” (Ян 8, 11). Кульгаваму чалавеку Ён сказаў яшчэ мацней: “Не грашы больш, каб не здарылася з табою чаго горшага” (Ян 5, 14).
    Пастанаўленне выправіцца цесна звязана з жалем за грахі. Яно з’яўляецца крытэрыем якасці жалю і сапраўднасці пакаяння. Усведамленне грэшных упадкаў, уласных слабасцей і схільнасцей да злога становіцца фактарам, які мабілізуе да распачацця адпаведнай працы над сабой з той мэтай, каб ужо больш не вяртацца да здзейсненых грахоў. Цяжка ўявіць сабе такі жаль за грахі, калі няма жадання ніякіх змен у існуючых грахоўных паводзінах. У такім выпадку споведзь стала б несапраўднай ці мала эфектыўнай.
Пастанаўленне выправіцца павінна быць цвёрдым, гэта значыць здзей-сненым з цвёрдай воляй не дапускаць да цяжкага граху, нават калі б прыйшлося пераадольваць вялікія цяжкасці на шляху да рэалізацыі свайго паклікання (напрыклад, пэўныя пакуты ці матэрыяльную страту). У такім выпадку не абавязкова павінна быць стопрацэнтная ўпэўненасць у дасягненні поспеху, але рашучая і цвёрдая воля перад споведдзю, каб змяніць жыццё. Калі адразу ж пасля споведзі здарыўся такі ж грахоўны ўпадак, гэта значыць, што хтосьці не меў цвёрдага пастанаўлення выправіцца альбо яго пастанаўленне было цвёрдым, але неэфектыўным. Так можа здарыцца ў выпадку грахоў, звязаных з залежнасцямі, напрыклад, алкагалізмам. Алкагалізм – стан хваробы, які патрабуе доўгага лячэння не толькі на духоўным узроўні, але і на медыцынскім. Такі пэнітэнт абавязкова павінен распачаць працу над сабой з мэтай паступовага абмежавання колькасці і частаты ўжывання алкаголю – гэтак званы метад малых крокаў. У гэтым выпадку важна таксама тое, каб пэнітэнт абавязаўся поўнасцю вызваліцца ад залежнасці і звярнуцца за адпаведнай парадай да ўрача тэрапеўта ці іншага спецыяліста ў гэтай сферы. Падобная сітуацыя назіраецца таксама ў іншых выпадках грахоў, звязаных з залежнасцямі. У такой сітуацыі пэнітэнт павінен прытрымлівацца парад спаведніка, дадзеных яму падчас споведзі.
    Пастанаўленне выправіцца павінна быць таксама эфектыўным. Яно выражаецца ў распачацці рашучай працы над сабой з мэтай ліквідацыі прычын, якія прыводзяць да граху. Гэта могуць быць, між іншым: спроба паяднацца з бліжнім, пазбяганне блізкай нагоды да граху, якой можа быць іншая асоба, матэрыяльная рэч ці асяроддзе працы. Пан Езус у сваім навучанні вельмі моцнымі словамі апісвае такую рашучую паставу пазбягання нагоды да граху: “Калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе... І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе... І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго. Лепш табе аднавокім увайсці ў Божае Валадарства, чым, маючы два вокі, быць кінутым у геену” (параўн. Мк 9, 43–48). Эфектыўнасць пастанаўлення выправіцца выражаецца таксама ў матэрыяльнай і маральнай кампенсацыі, у прыняцці адпаведных лекавых сродкаў звышнатуральнага характару, такіх як малітва, пост, самакатаванне, частае прыняцце святых сакрамантаў і да т.п.
    Пастанаўленне выправіцца павінна быць таксама ўсеагульным, гэта значыць, што яно павінна ахопліваць усе смяротныя грахі, якімі грэшнік быў паранены. Нельга пастанавіць выправіцца толькі з аднаго граху, напрыклад, з п’янства, а з нячыстасці, крадзяжу, прапускання нядзельнай святой Імшы і да т.п. такога пастанаўлення не прымаць. Неабходна распрацаваць і прадставіць спаведніку падрабязны план працы над сабой адносна выкаранення асобных недахопаў і смяротных грахоў. Часта пастанаўленне выправіцца занадта расплыўчатае. Перад канцом споведзі асоба можа сказаць спаведніку, што да наступнага разу будзе грунтоўна працаваць над якімсьці канкрэтным галоўным недахопам. Таксама ў штодзённай малітве мы павінны горача прасіць Бога аб ласцы ўнутранага перамянення і аб эфектыўным выкананні прынятых пастаноў.
   
    Дарагі Сябар! Ты ўжо паяднаўся з Богам? Ці ведаеш Ты, які Ён – Бог, што чакае Цябе? Ён не помслівы і бяздушны суддзя, а добры, цярплівы Айцец, які Цябе любіць. Таму хутка адважся на супрацоўніцтва з Яго ласкай і ўжо сёння прымі цвёрдае пастанаўленне выправіцца і змяніць усё сваё жыццё. Я малюся за Цябе, каб з чыстым сэрцам, можа нават ужо праз многія гады жыцця ўдалечыні ад Бога, Ты разам з усім Касцёлам мог прыняць Хрыста ў сваё сэрца. Хрыстос Цябе вельмі любіць! Хрыстос Цябе даўно чакае!

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  263

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.