ГРОДНА
Субота,
03 снежня
2022 года
 

Сястра Малгажата – адзіная ацалелая назарэтанка з Навагрудка

Карані нашай веры

Езус меў 12 найбліжэйшых вучняў, разам з якімі дзяліў хлеб, час, радасці і перажыванні. Усе яны загінулі мучаніцкай смерцю, апрача аднаго – апостала Яна. Падобная гісторыя паўтарылася ў недалёкім мінулым на беларускай зямлі. 11 сясцёр з Навагрудка як і 11 апосталаў пайшлі за Хрыстом, выпіўшы келіх цярпення. Жывая засталася толькі адна… Людвіка Якубаўна Банась, у манастве сястра Марыя Малгажата ад Сэрца Езуса, канаючага ў Аліўным Садзе.
За Хрыстом да канца
    У канцы ліпеня 1943 года немцы выклікалі супольнасць сясцёр у камісарыят. Настаяцельніца разумела, што адна сястра павінна застацца ў кляштары. Але каторая з іх? Пасля цяжкіх разважанняў яна звярнулася да сястры Малгажаты, ведаючы, што тая зможа годна прыняць на сябе ўсё, што пашле Божы Провід. На світанні 1 жніўня 11 сясцёр былі расстраляны...
    Некалькі дзён і начэй сястра Малгажата намагалася зразумець Божую волю. Паступова сястра ўсвядоміла, што Назарэт павінен існаваць дзеля Бога, які знаходзіцца ў Найсвяцейшым Сакраманце ў Белай Фары, дзеля людзей, якія тут жывуць, дзеля расстраляных сясцёр, якіх яна не можа пакінуць на забыццё ў навагрудскім лесе. Углядаючыся ў чырвоную лямпачку каля табернакулюма, сястра цвёрда вырашыла: калі Езус знаходзіцца тут разам з ёю, то і яна, нягледзячы ні на што, таксама не пакіне Яго.

    Кроплі дабрыні і спагадлівасці
    Доўгі час сястра Малгажата жыла ў закрыстыі фарнага касцёла. Раздзяліла яе шафай, паставіла жалезны ложак, маленечкую пліту і пару шафак. Каб сагрэцца ад холаду, павесіла на сцяну дыван. Зімой налівала ў бутэльку гарачую ваду і клала на падлогу саламяны матрас. Сэрца манахіні грэла любоў Бога, які знаходзіўся побач у Найсвяцейшым Сакраманце і, як ёй думалася, раздзяляў з ёю гэтыя цяжкасці.
    З гарачым болем сястра назірала за тым, як хваля атэізацыі руйнавала духоўныя каштоўнасці ў сэрцах маладых людзей. Па просьбе бацькоў, употай рыхтавала дзяцей да першых сакрамантаў. На катэхезу прыходзілі і дарослыя, заручаныя маладыя пары. Пакуль не было святара, сястра дапамагала ў арганізацыі хросту для дзяцей, клапацілася аб пахаванні для памерлых.
    Сястра Малгажата ведала, што ўсё тое, што яна рабіла для людзей, было кропляй у моры. Але нават самае вялікае мора складаецца з мноства маленькіх кропель, таму пры любой магчымасці сястра далучала адну кропельку да другой.
   
    Мара аб пробашчы ў парафіі
    Праз нейкі час у Навагрудак прыбыў айцец Аляксей Вуек. Прысутнасць святара была для сястры і радасцю, і апорай. Яна магла ўдзельнічаць у святой Імшы, менш перажывала за справы, звязаныя з утрыманнем Фары. Дзякуючы святару, касцёл у Навагрудку быў афіцыйна зарэгістраваны.
    Супольнае душпастарства з айцом Аляксеем трывала паўтара гады. З-за складанай палітычнай сітуацыі святар быў вымушаны выехаць. Наступныя 10 гадоў сястра несла адказнасць не толькі за лёс Фары, але і за духоўнае жыццё парафіі. Збірала ахвяры на аплату ўсіх грашовых падаткаў, звязаных з утрыманнем касцёла, дбала пра дэкарацыі ў святыні. Парадак, чысціня і прыгажосць пры алтары належалі да яе штодзённай працы.
    Сястра Малгажата не пераставала верыць, маліцца і ахвяраваць у інтэнцыі з’яўлення пробашча ў парафіі ўсе свае цяжкасці і выпрабаванні. З 17 ліпеня 1956 года абавязкі душпастара прыняў на сябе ксёндз Войцех Навачык. Радасць сястры не мела межаў. Хутка для святара было знойдзена месца жыхарства. Ксёндз вырашыў, што сястра больш не можа жыць у закрыстыі ў нечалавечых умовах, і таму адзін невялічкі пакой прызначыў для яе. Сястра змагла раз і назаўсёды забыць аб пранізлівым да шпіку касцей холадзе, які адчувала на працягу апошніх гадоў жыцця.
   
Сястра Малгажата крайняя злева ў першым радзе    Ахвяра дзеля дабра місіі
    Нягледзячы на спрыяльныя змены, адно жаданне працягвала жыць у сэрцы сястры. Праз усё жыццё яна пранесла любоў да сваёй Кангрэгацыі. Неаднаразова ёй даводзілася стаяць перад выбарам: выехаць за мяжу ці застацца ў Навагрудку. І сястра заставалася. Гэтае рашэнне сведчыла аб свядомым і дабравольным адмаўленні ад усіх дабротаў, якія забяспечвала манаская супольнасць. У складаныя палітычныя часы гэта азначала пазбаўленне кантакту з сёстрамі дзеля дабра абранай місіі. Але глыбока ў сэрцы сястра цярпела.
    Толькі праз 21 год манахіня ненадоўга выехала ў Польшчу на запрашэнне роднай сястры Ганны Банась. У гэты час адведала найбольшыя супольнасці сясцёр. Як сведка падзей апавядала аб мучаніцкай смерці сясцёр з Навагрудка. Цешылася з таго, што магла апрануць манаскі хабіт і разам з сёстрамі ўдзельнічаць у супольных малітвах, пасілках, адпачынках. Яшчэ больш шчаслівым быў час, праведзены разам з роднай сястрой.
   
    Сустрэча з сёстрамі ў вечнасці
    Пасля вяртання манахіня пачала хварэць на пнеўманію, мела галавакружэнні, боль у жываце. Пасля медыцынскіх даследаванняў у шпіталі сястры паведамілі, што ў яе недахоп страўнікавых сокаў. Толькі пазней ёй стала вядома, што ўрачы выявілі апошнюю стадыю рака.
    Калі сястра Малгажата ўжо не ўставала, ксёндз Войцех прыносіў ей Камунію ў ложак. Аднойчы яна пры-зналася святару, што ахвяруе свае цярпенні за святароў і моладзь.
    У дзень 26 красавіка, калі Касцёл успамінае Маці Божую Нястомнай Дапамогі, сястра паводзіла сябе так, нібы збіралася адысці ў вечнасць. У 21.00 папрасіла, каб каля яе ложка гучна адгаварылі Літанію да Маці Божай. Напачатку малілася разам з іншымі, а пасля закрыла вочы і ляжала спакойна. Усім здавалася, што сястра Малгажата заснула. У той момант яе душа адляцела да Бога. Насустрач ёй выйшлі адзінаццаць сясцёр...
   
Урачыстасці ў 50-ю гадавіну смерці с. Малгажаты Банась пройдуць у Навагрудку
   
    26 красавіка ў касцёле Перамянення Пана, з якім манахіня была звязана на працягу многіх гадоў, адбудзецца ўрачыстая святая Імша ў інтэнцыі яе хутчэйшай беатыфікацыі.
   
    Праграма:
    11.00 – кароткае апісанне жыцця Слугі Божай с. Малгажаты Банась;
    11.30 – святая Імша, якую ўзначаліць біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  29

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.