ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Нагоды кранаць душу

Лісты чытачоў

Як часта задумваюся над тым, колькі часу мы жылі ў цемры, без Божай радасці і ласкі. Прычым адчувалі сябе бяспечна, не турбаваліся аб плёне духоўнага жыцця. Канешне, тое, што было закладзена ў душу бацькамі, прарастала. Але гэтыя парасткі былі хілыя і кволыя, бо мы не маглі наведваць святыню, чытаць духоўную літаратуру, газеты, часопісы... Хіба ж можна было так глыбока перажываць перыяд Вялікага посту, як цяпер? Прымаць удзел у набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы? Сёння гэтыя моманты асаблівым чынам кранаюць маю душу і даюць нагоду для разважанняў над тым, якое цярпенне панёс Хрыстос, не шкадуючы сябе для збаўлення чалавецтва.
Як радуецца сэрца, калі бачу, што святыня напоўнена людзьмі, якія шукаюць ратунку ў сустрэчы з пакутуючым міласэрным Хрыстом. У нашым санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі гэта асабліва бачна. З розных куткоў ідуць і едуць людзі, каб з дапамогай Божых пасярэднікаў – цудоўных ксяндзоў Чэслава Паўлюкевіча і Андрэя Радзевіча – дакрануцца да Божай ласкі і адкінуць усё тое, што замінае быць бліжэй да Бога.
    На рэкалекцыі ў Рось прыязджаюць вядомыя святары з розных краін. Імкнуся не прапусціць ніводнай хвіліны духоўных практыкаванняў, улавіць кожную думку, якая закрадаецца глыбока ў сэрца і ўплывае на жыццё.
Успамінаюцца рэкалекцыі падчас Адвэнту, якія праводзіў ксёндз Ян Рэчэк і сястра Станіслава. Тады я атрымала вялікую міласць ад Езуса, які ў час адарацыі дакрануўся да мяне. Я яскрава адчула Яго дотык. Мела нясцерпны боль у каленях. Збіраючыся на рэкалекцыі, прасіла Бога, каб вытрымаць хаця б некалькі гадзін. Але ў Яго былі іншыя планы. Калі сястра сказала: “Алена, Езус аздараўляе твае калені!”, – сэрца ў мяне забілася так, што здавалася, зараз выскачыць з грудзей. Ногі ахапіў жыватворны агонь, душа напоўнілася ласкай міласэрнасці. Хацелася ўзляцець, крычаць ад радасці: “Хвала Табе, Божа!”. Да гэтай пары ў каленях няма болю. Цуд Божы!
    Плённымі былі і велікапосныя рэкалекцыі, якія праводзіў ксёндз Андрэй Шут. Святар з адкрытай, багатай душой, напоўненай Божымі ласкамі. Ён так ясна даводзіў да людзей думку, што толькі насычанае малітвамі і добрымі ўчынкамі сэрца, якое ачысціцца ад іржы і бруду, як рыпучыя дзверы, можа адкрыцца на Езуса, прыняць Яго і адчуць смак жыцця з Ім. Кожную хвіліну посту намагалася быць разам з Хрыстом. Не забывалася і пра тры важныя аспекты: малітву, пост і міласціну. Разам з ксяндзамі Чэславам Паўлюкевічам і Андрэем Радзевічам рыхтавалі свае душы да свята Уваскрасення.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.