ГРОДНА
Панядзелак,
16 верасня 2024 года |
Узараць глебу душы
Хвала Хрысту!
Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра ўсходы на духоўнай ніве, хрысціянскі ўраджай і Божыя шалі. Задумаемся, праз якія выпрабаванні праходзіць душа і на што спадзявацца пры ўваскрасенні з мёртвых.
Наперад з Богам!
Вітаю чытачоў моладзевай рубрыкі “На скрыжаванні”. У сённяшнім нумары мы з Вамі паразважаем пра ўсходы на духоўнай ніве, хрысціянскі ўраджай і Божыя шалі. Задумаемся, праз якія выпрабаванні праходзіць душа і на што спадзявацца пры ўваскрасенні з мёртвых.
Наперад з Богам!
ВЫКАЗВАННЕ З БІБЛІІ:
“Валадарства Нябеснае падобнае да чалавека, які пасеяў добрае насенне на полі сваім” (Мц 13, 24)
Валадарствам Нябесным называецца дзеянне ласкі Духа Святога ў чалавеку, які паверыў у Бога і жыве паводле Яго наказаў. Такім чынам, Валадарства не прыходзіць неяк знешне, а здабываецца ўнутры чалавека: праз “добрае насенне” Бог знаходзіцца ў душы, якая Яго любіць.†
ІНТЭНЦЫЯ МЕСЯЦА:
каб земляробы атрымлівалі належную ўзнагароду за сваю каштоўную працу
Здаўна земляробства лічылася адной з самых галоўных галін чалавечай дзейнасці. Людзі працавалі на зямлі, каб сабраць добры ўраджай і пракарміць сябе і сваю сям’ю. Падзякуем жа за людзей, якія зараз працуюць на зямлі і забяспечваюць усіх нас прадуктамі жыццядзейнасці.
ПРАДМЕТ РАЗВАЖАННЯЎ МЕСЯЦА:
духоўнае насенне
Душа нараджаецца для вечнасці. Але каб яе дасягнуць, душа павінна злучыцца з целам і прайcці на зямлі праз шматлікія выпрабаванні. З гэтай прычыны жыццё чалавека часта нагадвае барацьбу за задавальненне духоўных або цялесных патрэб. Варта памятаць пра найважнейшае і клапаціцца пра тое, што мае прадаўжэнне ў вечнасці.
Папярэдне падрыхтаванае насенне здольна прынесці добры плён. Нездарма кажуць: што пасееш, тое і пажнеш. Час паразважаць: а якое насенне мы засяваем у сваю душу, на што спадзяёмся пры сканчэнні веку і ўваскрасенні з мёртвых?
МЭТА МЕСЯЦА:
зазірнуць у свой унутраны свет
У эпоху матэрыялізму чалавек усё больш канцэнтруецца на знешнім свеце. З-за гэтага церпіць унутраны, які таксама патрабуе ўвагі. А калі не даглядаць за ўнутранай прыродай, яна можа парасці пустазеллем, там могуць завесціся шкоднікі. І тады ўжо цяжка будзе выратаваць душу, вярнуць яе да таго першапачатковага стану, у якім яна была падорана чалавеку Богам. Давайце зазірнём унутр сябе і вызначым стан сваёй душы. Дарэчы, гэта трэба рабіць рэгулярна.
СПРАВА МЕСЯЦА:
узараць глебу душы
Як і ў земляробаў ёсць час сяўбы і жніва, так і ў хрысціяніна ёсць адпаведныя перыяды. У абодвух выпадках перш чым нешта пасадзіць, трэба падрыхтаваць глебу – узараць яе, гэтым самым стварыўшы спрыяльныя ўмовы для пасадкі. Як можна ўзараць глебу душы? Ачысціцца і прыступіць да сакрамантаў споведзі і святой Камуніі. Толькі пасля можна высяваць насенне і спадзявацца на багаты ўраджай.
КНІГА МЕСЯЦА:
“Як упарадкаваць свой унутраны свет”, Гордан Макдональд
Аўтар кнігі ўпэўнены, што маральнае, духоўнае і фізічнае здароўе хрысціяніна ў поўнай меры залежыць ад стану яго ўнутранага свету. Калі там пануе парадак, спакой і гармонія, то жыццё прыносіць плён любові, радасці і душэўнай раўнавагі. У кнізе разглядаецца матывацыя, розум, веданне. Прапануецца памятка для неарганізаванага чалавека і дапаможнік па правільным выкарыстанні часу.
ПЕСНЯ МЕСЯЦА:
“Жыццё – гэта поле”, Анастасія Яроміна
“Жыццё – гэта поле, ты сам выбіраеш: насенне якое ў яго апускаеш”, – сцвярджае выканаўца. І тут жа заклікае памятаць пра тое, што плён будзе пазней, бо “усё на шалі Бог калісьці пакладзе”. У песні гучыць запрашэнне ўстаць у цішы перад Богам, каб атрымаць ацаленне і ўбачыць у сваёй душы промень святла і дабра.
АСОБА МЕСЯЦА:
святы Юрый
Нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і ў другой палове ІІІ стагоддзя. Пасля дасягнення паўналецця пайшоў па слядах бацькі, уступіўшы ў рымскую армію. Стаў народным трыбунам і атрымаў тытул графа. Належаў да асабістай аховы імператара Дыяклетыяна, калі той знаходзіўся ў Нікамедыі.
У 303 годзе імператар выдаў указ аб ганеннях на хрысціян на тэрыторыі Імперыі. Юрый пакінуў вайсковую службу і перад імператам аб’явіў сябе хрысціянінам. Раз’юшаны Дыяклетыян загадаў катаваць Юрыя.
Яго забілі (адсеклі галаву) 23 красавіка 304 года. Цела Юрыя было пахавана ў Ліддзе. У хуткім часе хрысціяне пачалі маліцца да яго як да мучаніка.
Літургічны ўспамін у паўсюдным Касцёле – 23 красавіка. Святы Юрый з’яўляецца заступнікам вандроўцаў, салдатаў, кавалёў, бачароў, мастакоў, вязняў, скаутаў і харцэраў. Сваім заступнікам яго лічаць і земляробы.
Пра святога існуе легенда. У адной мясцовасці цмок зрабіў гняздо. Кожны дзень жыхары ахвяравалі яму авечку, а калі не знаходзілі яе, павінны былі аддаць узамен адну з дзяўчат. Аднойчы тварам да твару з цмокам стаў Юрый, які абараніў сябе знакам крыжа і перамог пачвару. Удзячныя гараджане пакінулі язычніцтва і перайшлі ў хрысціянства.
|
< Папярэдняя | Наступная > |
---|
Літургічны каляндар
Адзначаем
імяніны: | |
Да канца года засталося дзён: 107 |
Чакаем Вашай падтрымкі
Дарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.