ГРОДНА
Чацвер,
07 лістапада
2024 года
 

Духоўнае ўсынаўленне

З жыцця Касцёла

У кожную хвіліну ў розных частках свету па Божай волі здзяйсняецца цуд зачацця чалавека. Аднак многія зачатыя дзеці могуць не дачакацца дня свайго нараджэння ў выніку аборту. Штогод у Беларусі каля 30-ці тысяч нявінных немаўлят забіваюцца ва ўлонні сваіх маці. Агулам ва ўсім свеце 55 мільёнаў жанчын робяць аборт. Гледзячы на гэтыя страшныя лічбы, нельга заставацца абыякавымі, таму Касцёл заахвочвае вернікаў далучыцца да абароны жыцця і прыняць духоўнае ўсынаўленне зачатага дзіцяці, якое знаходзіцца пад пагрозай аборту. Абяцанне духоўнага ўсынаўлення звычайна складваецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана на час да Божага Нараджэння.
   
Як вымаліць жыццё дзецям, якія знаходзяцца ў небяспецы аборту
Што такое духоўнае ўсынаўленне
    Духоўнае ўсынаўленне – гэта прыняцце на сябе абавязку кожны дзень на працягу дзевяці месяцаў маліцца за зачатае дзіця, якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Яно палягае на штодзённым адгаворванні дзясятка Ружанца разам з малітвай у інтэнцыі зачатага дзіцяці. Чалавек ахінае малітвай толькі адно дзіця, якое вядома толькі Богу. Да малітвы можна далучыць адвольна выбраныя дадатковыя пастановы, напрыклад, частую споведзь, святую Камунію, адарацыю Найсвяцейшага Сакраманту, чытанне Бібліі, дапамогу патрабуючым асобам ці дадатковыя малітвы.
Звычайна абавязак духоўнага ўсынаўлення прымаецца ва ўрачыстасць Звеставання Пана, і тады ён трывае да Божага Нараджэння. Але пастанову можна прыняць і ў любы іншы час, урачыста склаўшы прысягу на святой Імшы (пасля прачытання Евангелля), ці, калі няма ўмоў, каб скласці ўрачыстыя абяцанні ў касцёле, індывідуальна ў адвольнае свята Маці Божай перад крыжам або святым абразом. Асоба, якая складвае прысягу, становіцца духоўным бацькам ці маці “свайго” зачатага дзіцяці на працягу дзевяці месяцаў. Духоўнае ўсынаўленне можа быць прынята адзін раз, але можа таксама прымацца цыклічна кожныя 9 месяцаў (аднак заўсёды пасля выканання папярэдніх абавязацельстваў). Кожнае новае духоўнае ўсынаўленне павінна быць папярэджана новай прысягай.
    Хто можа распачаць духоўнае ўсынаўленне
    Духоўнае ўсынаўленне можа распачаць кожны – свецкая і кансэкраваная асоба, мужчына, жанчына, чалавек у любым узросце. Толькі дзеці прымаюць яго пад апекай бацькоў.
    Асоба, якая прымае духоўнае ўсынаўленне, здзяйсняе пачэсны акт ахвярапрынашэння. Яна абараняе жыццё дзіцяці, хоць ніколі яго не ўбачыць, не прытуліць, не прыцісне да сэрца. Прамаўляючы словы малітвы, чалавек таксама просіць Езуса, каб бацькі змянілі свае адносіны да дзіцяці і зразумелі, што сям’я з’яўляецца незамянімай супольнасцю, але яна здзейсніць сваю ролю толькі тады, калі будзе пабудавана на ўзаемнай любові. Вельмі важна, каб духоўнае ўсынаўленне прынялі, у першую чаргу, маладыя людзі – вучні, студэнты, маладыя сужэнствы. Калі яны складуць ахвяру малітвы дзеля выратавання ад аборту аднаго невядомага ім немаўлятка, то не дапусцяць смерці ўласнага зачатага дзіцяці.
    “Нам неабходна вялікая малітва за жыццё, якая б працінала ўвесь свет”.
    Гэтыя словы, прамоўленыя св. Янам Паўлам ІІ у энцыкліцы “Evangelium vitae” не губляюць сёння сваёй актуальнасці. У сучасным свеце размовы пра аборт як пра забойства чалавека для многіх нязручныя, таму яго прыраўніваюць да звычайнай медыцынскай працэдуры. Але ж гэтая неспалучаная з сумленнем гэтак званая аперацыя нікога не ратуе, а наадварот – пазбаўляе жыцця тысячы дзяцей, яднае ў сабе мноства асабістых адзіночных трагедый.
    Важна, што ўсё больш людзей прагнуць змагацца за жыццё нявінных зачатых дзяцей, якія самі не здольны пастаяць за сваё месца ў свеце, за права на жыццё і на любоў. Тыя, хто прыняў духоўнае ўсынаўленне, не ведаюць ні імя дзіцяці, ні колеру яго скуры, ні таго, хто з яго вырасце... Яны проста адкрываюць над ім парасон сваёй малітвы і просяць аб ацаленні яго жыцця, таму што клопат пра дзіця яшчэ да яго нараджэння з’яўляецца першай і асноўнай праверкай адносін чалавека да чалавека.
   
Формула абяцання духоўнага ўсынаўлення
    Найсвяцейшая Панна, Багародзіца Марыя, усе Анёлы і Святыя, кіруемы(ая) жаданнем несці дапамогу ў абарону ненароджаных, (я, ………………) моцна пастанаўляю і абяцаю, што ад сённяшняга дня я духоўна ўсынаўляю адно дзіця, імя якога вядома Богу, каб на працягу дзевяці месяцаў маліцца аб уратаванні яго жыцця, а таксама аб справядлівым і дабрадзейным жыцці пасля нараджэння.
   
    Абяцаю:
    • прамаўляць штодзённую малітву ў інтэнцыі ненароджанага;
    • штодзённа маліцца адной таямніцай Ружанца;
    • прыняць апроч гэтага (неабавязкова) пастановы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
green
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  55

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.