ГРОДНА
Чацвер,
01 снежня
2022 года
 

Вербніца адкрывае Вялікі тыдзень

Хрысціянскія традыцыі

Уздымаем угору зялёныя галінкі, каб разам з іншымі ўсклікнуць “Гасанна”

Усе католікі свету перажываюць сёння Вербную, або Пальмовую нядзелю. Традыцыйна перад пачаткам службы праводзіцца працэсія вакол святыні. Удзельнікі трымаюць у руках вербачкі. Падчас шэсця спяваюцца святочныя антыфоны і гімн Хрысту Валадару. Працэсія сімвалічна ўяўляе сабою людзей, якія выйшлі насустрач Збаўцу падчас Яго ўваходу ў Ерузалем, радасна вітаючы Хрыста як цара, прарока і цудатворцу.
    На падрыхтоўку да Вялікадня застаецца сем дзён.
Вялікі тыдзень прысвечаны ўспамінам апошніх дзён зямнога жыцця Езуса Хрыста.
    У гэтыя дні Евангелле апавядае пра Апошнюю вячэру з вучнямі, здраду, суд, пакуты, распяцце, крыжовую смерць, пахаванне і ўваскрасенне Божага Сына.
ВЯЛІКІЯ ПАНЯДЗЕЛАК,
АЎТОРАК І СЕРАДА

   
    “Я прыйшоў не судзіць свет, а збавіць свет” (Ян 12, 47).
   
    У гэтыя дні усім, хто яшчэ не прыступіў да сакраманту споведзі, варта зрабіць глыбокі рахунак сумлення і заняць чаргу ў канфесіянал. Толькі з чыстым сэрцам можна спаўна перажыць літургію Пасхальнага Трыдыуму.
   
    * Сястра ўваскрослага Лазара Марыя мазала ногі Езуса мірам.
    * Хрыстос прыйшоў у Іерузалемскі храм і ў апошні раз прапаведаваў перад народам.
    * Выкрываў кніжнікаў і фарысеяў, гутарыў і казаў прыпавесцямі.
    * Фарысеі шукалі нагоду, каб паскардзіцца на Езуса рымскім уладам альбо зганьбаваць Яго ў вачах юдэяў.
    * Іуда Іскарыёт здрадзіў Настаўніку і выдаў Яго на смерць.
    * Грэшніца праліла міра на галаву Збавіцеля.
    * Хрыстос сказаў, што гатовы да пахавання.
   
    У гэтыя дні літургія здзяйсняецца звычайным парадкам. У Вялікі панядзелак на службе ўспамінаюць Марыю, якая прыслугоўвала Езусу. Таксама ўзгадваюць пра выбранніка Божага, які прынясе людзям Правасуддзе. У Вялікі аўторак вернікі ўспамінаюць, як Езус навучаў у ерузалемскім храме, і народ лічыў Яго прарокам. Вялікая серада – дзень, калі Хрыста выдалі на пакуты і смерць.
   
    Пасхальны Трыдыум
   
    У Вялікі чацвер заканчваецца перыяд Вялікага посту і распачынаецца Святы Пасхальны Трыдыум. Ён урачыста адзначаецца на працягу трох дзён – Вялікага чацвярга, Вялікай пятніцы і Вялікай суботы. Гэта тры этапы адзінай збаўчай падзеі Вялікадня Хрыста. Завяршаецца Пасхальны Трыдыум у Велікодную нядзелю.
   
    ВЯЛІКІ ЧАЦВЕР
   
    “Перад святам Пасхі Езус, ведаючы, што прыйшла Ягоная гадзіна перайсці з гэтага свету да Айца, палюбіўшы сваіх у свеце, дарэшты палюбіў іх” (Ян 13, 1).
   
    У Вялікі чацвер былі ўстаноўлены сакраманты Эўхарыстыі і святарства. Заахвочваем да малітвы за святароў і ў інтэнцыі новых пакліканняў.
    Адкрываемся на сакрамант Эўхарыстыі як на хлеб жыцця, які неабходны чалавеку для выратавання душы.
    Нанова перажываем прыняцце св. Камуніі, якая дае магчымасць з’яднацца з Усявышнім. Па ўзору Хрыста, які прынізіў сябе, імкнёмся старанна служыць у братняй любові бліжняму.
   
    * Падчас Апошняй вячэры Хрыстос абмыў ногі Апосталам.
    * Ахвяраваў Айцу сваё Цела і Кроў пад постацямі хлеба і віна.
    * Сказаў сваім вучням, што адзін з іх здрадзіць Яму.
    * Прадказаў трайное адрачэнне Пятра.
    * Маліўся ў Гефсіманскім садзе.
    * Быў прададзены Іудам Іскарыётам стражнікам за 30 сярэбранікаў.
   
    Раніцай Вялікага чацвярга ў катэдральных касцёлах адпраўляецца св. Імша Хрызма, падчас якой бласлаўляецца алей. Яе цэлебруюць біскупы і прэзбітэры дыяцэзіі. Святары абнаўляюць абяцанні, якія давалі пры пасвячэнні. Увечары цэлебруецца св. Імша ва ўспамін Апошняй вячэры. На ёй заключны раз перад Пасхальнай Вігіліяй гучаць званы. Яны змаўкаюць пасля гімна “Хвала на вышынях Богу”. На гэтай св. Імшы святары здзяйсняюць абрад абмывання ног парафіянам. Гэта робіцца ў знак пакоры і памяці аб тым, як Езус абмываў ногі сваім вучням. Працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам пераносіць Цела і Кроў Хрыста з галоўнага табернакулюма ў бакавы, гэтак званую “вязніцу”. Гэта сімвалічна адлюстроўвае арышт і заключэнне Езуса пад варту. Пасля вернікі некаторы час моляцца ў цішыні. Гасяцца лампады і свяцільні, не гучаць музычныя інструменты. З алтара здымаюцца ўсе пакровы, а крыжы завешваюцца тканінай, што сімвалізуе зняцце вопраткі з Езуса, Яго абсалютную неабароненасць.
   
    ВЯЛІКАЯ ПЯТНІЦА
   
    “Ойча, прабач ім, бо не ведаюць, што робяць” (Лк 23, 34).
   
    Вялікая пятніца – дзень строгага посту.
    Усе падрыхтоўкі да свята Вялікадня трэба скончыць у чацвер, каб у пятніцу нішто не адцягвала ад малітваў і службаў. У гэты дзень пачынаецца Навэнна да Божай міласэрнасці, якая працягваецца дзевяць дзён. Разважаем пра таямніцу адкуплення.
   
    * Схоплены Езус паўстаў перад судом.
    * Быў выданы Пілатам на смерць.
    * Цярпеў бічаванне, здзекі і насмешкі.
    * Прыняў на сябе грахі свету.
    * Памёр на крыжы.
    * Быў пахаваны.
   
    У Вялікую пятніцу Эўхарыстыя не здзяйсняецца. Св. Імша не цэлебруецца ў знак вялікай пашаны да ахвяры Езуса Хрыста за грахі ўсяго свету. Удзень адбываецца набажэнства Крыжовага шляху, вечарам – набажэнства Мукі Пана. Святар ва ўборы чырвонага колеру падыходзіць да алтара і распасціраецца перад ім крыжам. Некаторы час вернікі моляцца ў поўнай цішыні. Пасля адбываецца чытанне евангельскага фрагмента ад развітальнай размовы Хрыста з вучнямі пасля Апошняй вячэры да Яго пахавання. Літургія слова завяршаецца ўсеагульнай малітвай. Затым адбываецца адарацыя Крыжа. Духавенства і ўсе верныя па чарзе падыходзяць да Крыжа і цалуюць яго, аддаючы пашану Збавіцелю чалавецтва. Па заканчэнні пакланення на алтар ускладаецца покрыва, карпарал і Імшал. Найсвяцейшы Сакрамант, асвечаны на службе Вялікага чацвярга, у маўчанні пераносіцца на алтар. Адбываецца прычашчэнне. А затым здзяйсняецца працэсія да Гроба Пана, якая сімвалізуе зняцце з Крыжа Цела Збавіцеля і Яго пахаванне. Найсвяцейшы Сакрамант пераносіцца з галоўнага табернакулюма ў бакавы. Манстранцыя закрываецца белым вэлюмам.
   
    ВЯЛІКАЯ СУБОТА
   
    “На другі дзень, што быў пасля Прыгатавання, сабраліся першасвятары і фарысеі ў Пілата і сказалі: «Пане, мы ўспомнілі, што ашуканец гэты, калі быў яшчэ жывы, сказаў: Праз тры дні ўваскрэсну»” (Мц 27, 62–63).
   
    У Вялікую суботу Касцёл паглыблены ў малітву пры Гробе Пана. У дзень “маўчання” і “адзіноты” шукаем суцяшэння ў крыніцы надзеі. Разважаем пра муку, смерць Езуса і Яго сыходжанне ў бездань.
    Задумваемся над плёнам саракадзённага посту: якім ён быў, мой крыжовы шлях? Ці ішоў я за Хрыстом, нягледзячы на ўсе цяжкасці і выпрабаванні? У гэты дзень абавязкова прымаем удзел у літургіі Пасхальнай вігіліі.
   
    * Езус знаходзіўся ў магіле.
    * Зышоў у бездань.
   
    У Вялікую суботу літургія не здзяйсняецца. У гэты дзень вернікі моляцца ў індывідуальным парадку перад Найсвяцейшым Сакрамантам, які сімвалізуе Гроб Пана. Распрасцёртая плашчаніца сведчыць пра раны Хрыста, пра той кароткі, але шматзначны прамежак часу, падчас якога Езус знаходзіўся пад уладай смерці. Часам у касцёлах публічна чытаецца Літургія гадзін. Увечары пасля пакланення адбываецца ўрачыстае велікоднае набажэнства. Перад яго пачаткам у святыні гасіцца ўсё святло. Таксама ў гэты дзень адбываецца асвячэнне велікоднай ежы.
   
    ПАСХАЛЬНАЯ ВІГІЛІЯ І ВЕЛІКОДНАЯ НЯДЗЕЛЯ
   
    “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28, 20).
   
    Вялікдзень – самае важнае хрысціянскае свята. Узяўшы на сябе віну і пакаранне за грахі свету, Езус прымірыў чалавека з Богам і адкрыў чалавецтву вароты ў рай. Цяпер кожны, хто верыць ва ўваскрасенне Збавіцеля, вызваляецца ад страху смерці, і калі аддае Яму сваё жыццё, то атрымлівае жыццё вечнае. Разважаем пра гэта ў светлую Хрыстовую нядзелю.
    На Пасхальную вігілію не забываемся прынесці з сабой у касцёл свечкі.
   
    * Хрыстос уваскрос!
    * Анёл перадаў Добрую Вестку жанчынам.
    * Езус наказаў ім падзяліцца радасцю з Апосталамі.
    * Вучні адправіліся ў Галілею, на гару, куды іх паклікаў Езус.
   
    Усе абрады Пасхальнай вігіліі адбываюцца ноччу з суботы на ня-дзелю. Вігілія Вялікадня пачынаецца з літургіі святла. Перад касцёлам разводзіцца вогнішча, ад якога святар запальвае пасхал і ўносіць яго ў святыню. Ад пасхала вернікі запальваюць свечкі. Іх святло сімвалізуе хрысціянскае вучэнне.
   Заканчваецца літургія святла “Абвяшчэннем Пасхі”, старажытным хрысціянскім гімнам.
    Падчас літургіі слова чытаецца не тры, як у звычайныя дні, а дзевяць біблейскіх чытанняў. Яны паказваюць чароўную задуму ў дачыненні да чалавецтва ад моманту стварэння чалавека да прышэсця на зямлю Сына Божага. Пасля спяваецца ўрачысты гімн “Gloria”. З гэтага моманту набажэнства суправаджаецца гукамі званоў і музычных інструментаў. Перад евангельскімі чытаннямі гучыць урачыстае “Алелюя”.
    Пасля гаміліі адбываецца літургія хросту, падчас якой спяваецца Літанія да ўсіх святых. Святар бласлаўляе ваду для хросту, тройчы акунаючы ў ёй пасхал.
    У нядзелю перад ранішняй св. Імшой адбываецца эўхарыстычная працэсія. Яна пачынаецца ля Гроба Пана, дзе святар спевам абвяшчае Уваскрасенне Хрыста. Цырымонію заканчвае ўрачыстая рэзурэкцыйная працэсія з Найсвяцейшым Сакрамантам, якая сімвалізуе трыумф уваскрослага Езуса. Па вяртанні ў касцёл спяваецца гімн “Хвала на вышынях”. Пасля ўдзялення вернікам св. Камуніі гучыць урачысты гімн “Цябе, Бога, праслаўляем”. Ад гэтай нядзелі крыж ля алтара аздоблены чырвонай стулай. Напрыканцы набажэнства адбываецца асвячэнне велікоднай ежы.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
violet
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  31

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.