ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

З жыцця св. Фаустыны Кавальскай

На шляху да святасці

Святая сястра Фаустына вядомая як найвялікшая прапаведніца Божай міласэрнасці. Яе “Дзённік” прыгадаў свету аб біблейскай праўдзе любові Госпада да чалавека і аказаў уплыў на шматлікія лёсы людзей. Што мы ведаем пра Божую абранніцу? Хто яна?
Сястра Фаустына нара-дзілася 25 жніўня 1905 года ў вёсцы Глаговец (Польшча) у сям’і Мар’яны і Станіслава Кавальскіх. Была трэцім з дзесяцёра дзяцей. Праз два дні пасля нараджэння была ахрышчана, атрымала імя Хэлена.
    Выхоўвалася ў сям’і, дзе жыццё вызначаў Бог. У доме Кавальскіх меўся маленькі алтар з металічным распяццем і дзвюма фаянсавымі фігуркамі – Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Маці з малых гадоў вучыла дзяцей праўдам веры. Рыхтавала іх да Першай святой Камуніі. Бацька зачытваў дзецям біяграфіі святых. Ранкам будзіў іх спевам рэлігійных песень, а па вечарах збіраў усю сям’ю на малітву.
    Як успамінала маці, Хэлена моцна любіла маліцца. Нават ноччу ўставала і схіляла калені. Казала: “Матуля, мяне, напэўна, анёл будзіць, каб я не спала, а малілася”. Дзяўчынка з дзяцінства была чуллівай. Заўважала вакол сябе бедных людзей, імкнулася ім дапамагчы. Аднойчы надзела старое матчына адзенне і пад выглядам жабрачкі ха-дзіла з дома ў дом. Сабраныя грошы перадала праз мясцовага пробашча патрабуючым. Усе любілі і паважалі Хэлену. Яна была працавітай і добрай, вясёлай і ветлай, пакорнай і ціхай, “абранай і самай лепшай з дзяцей”, – узгадвала маці.
З ранніх гадоў дзяўчынка шмат распавядала дзецям пра святых, паломнікаў і пустэльнікаў, аб якіх даведвалася з кніг. “Казала нам, – успамінаў брат Станіслаў, – што калі вырасце, пойдзе ў манастыр, а мы смяяліся над гэтым. Мы не разумелі яе”.
    Сваё пакліканне да службы Богу маленькая Хэлена адчула яшчэ ва ўзросце 7 гадоў. Скончыла няпоўныя тры класы школы. Каб дапамагчы сям’і, працавала ў багатых людзей.
    У 16-гадовым узросце Хэлена папрасіла дазволу бацькоў уступіць у манастыр. Хоць Кавальскія і былі богабоязнымі людзьмі, ім не хацелася аддаваць сваё лепшае дзіця. Бацькі не пагадзіліся, спаслаўшыся на адсутнасць грошай на пасаг. Ва ўзросце 18 гадоў Хэлена паўторна звярнулася з той жа просьбай, і яны зноў адмовілі. Дзяўчына аддалася марнаму жыццю. Але душа яе ні ў чым не знаходзіла радасці.
    “Пэўнага разу, – успамінае сястра Фаустына ў сваім «Дзённіку», – я была з адной са сваіх сясцёр на балі. Пакуль усе цудоўна забаўляліся, мая душа адчувала ўнутраныя пакуты. Пачаўшы танцаваць, я раптам убачыла паблізу сябе Езуса, змучанага, пазбаўленага адзення, усяго пакрытага ранамі, які сказаў мне наступныя словы: «Колькі яшчэ Я буду мірыцца з табою, і колькі яшчэ ты будзеш Мяне падманваць?»” (Дз. 9). Усхваляваная, Хэлена цвёрда вырашыла ўступіць у манастыр. “Наколькі магла, я адкрыла сястры тое, што адбылося ў маёй душы, загадала ёй перадаць маё «бывайце» бацькам і так, у адной сукенцы, без усяго, прыехала ў Варшаву” (Дз. 10).
    Увайшла ў першы касцёл, які ўбачыла, і стала маліцца аб далейшай волі Божай. Пасля св. Імшы падышла да святара і адкрылася яму. Ксёндз накіраваў дзяўчыну да адной набожнай жанчыны, каб спынілася ў яе да той пары, пакуль не паступіць у манастыр. На працягу года Хэлена працавала памочніцай у доме, каб зарабіць сабе на сціплы манаскі пасаг. 1 жніўня 1925 года паступіла ў Кангрэгацыю Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. “Я адчувала сябе незвычайна шчаслівай, мне здавалася, што я ўступіла ў райскае жыццё. З сэрца майго вырывалася толькі падзячная малітва” (Дз. 17).
    Праз некалькі тыдняў знаходжання ў манастыры настаяцельніца адправіла Хэлену ў Скалімаў для падтрымання здароўя, падарванага з-за практыкаваных у доме і на службе суровых пастоў, а таксама з-за духоўных перажыванняў адносна новага парадку жыцця. Настаўніца пастулята ўзгадвала, што Хэлена мела сваё асаблівае ўнутранае жыццё і, напэўна, з’яўляецца “мілай Госпаду Езусу душачкай”.
   Пастулянтка-аднагодка сястра Шымона Налевайк захаплялася Хэленай, бо “ўсе заўвагі або знявагі яна прымала з пакорнасцю”.
    Манаскае пасвячэнне адбылося 30 красавіка 1926 года. Падчас урачыстасці дзяўчына двойчы страчвала прытомнасць. Бог даў сястры пазнаць, як шмат ёй патрэбна будзе выпакутаваць. Яна ясна ведала, на што ідзе. Пасля чаго Бог зноў напоўніў яе душу радасцю. Хэлена атрымала новае імя – Марыя Фаустына.
    Радасць сястры крыху згасла ў канцы першага года навіцыята, калі пачаўся перыяд балючага духоўнага вопыту. “Аднойчы ўва мне з’явілася думка аб тым, што я адрынута Богам. Гэтая страшная думка наскрозь працяла маю душу, ад гэтых пакут мая душа стала паміраць. Я хацела памерці, але не магла” (Дз. 23). Настаўніца навіцыята падтрымала сястру і растлумачыла, што праз гэтыя выпрабаванні Бог Айцец падрыхтоўвае яе душу да мацнейшага яднання з Ім.
    Першыя манаскія абяцанні сястра склала 30 красавіка 1928 года. На ўрачыстасць прыбылі бацькі. Падчас сустрэчы сястра Фаустына сказала бацьку: “Той, каму я дала абяцанне, мой муж і твой зяць”. Гэты аргумент і шчасце дачкі пераканалі бацькоў, і яны больш не пярэчылі таму, каб яна жыла ў манастыры.
    1 мая 1933 года сястра Фаустына склала вечныя манаскія абяцанні. Падчас урачыстасці яна даручала Езусу ўвесь святы Касцёл, сваю Кангрэгацыю, сям’ю, усіх грэшнікаў, паміраючыя і пакутуючыя ў чысцы душы. Дзякавала за неспасціжны гонар нявесты Хрыста і прасіла ў Маці Божай асаб-лівай апекі. З таго моманту зносіны сястры Фаустыны з Богам былі вельмі блізкімі, якімі да гэтага часу ніколі не былі.
    У Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці сястра Фаустына пражыла 13 гадоў. Служыла ў Кракаве, Варшаве, Плоцку і Вільні. Працавала на кухні, у краме пры пякарні, у агародзе і пры манастырскай прыёмнай. Хварэла на сухоты лёгкіх і стрававода, таму больш за 8 месяцаў знаходзілася на лячэнні. Усе цярпенні (не толькі звязаныя з хваробай) пераносіла як добраахвотную ахвяру за грэшнікаў. Памерла ва ўзросце 33 гадоў 5 кастрычніка 1938 года ў манастыры ў Кракаве-Лагеўнікі. Да сённяшняга дня там знаходзяцца яе мошчы. У дзень свята Міласэрнасці 18 красавіка 1993 года папа Ян Павел II беатыфікаваў сястру Фаустыну, а 30 красавіка 2000 года прылічыў яе да ліку святых каталіцкага Касцёла.
   
5 цікавых фактаў:
   
    1. Праз некалькі тыдняў пасля ўступлення ў манастыр манахіня перажыла спакусу перайсці ў іншую кангрэгацыю, бо мела мала часу на малітву. Увечары пайшла ў келлю і, лежачы крыжам, убачыла спакутаваны твар Езуса. Яна спытала: “Хто прычыніў Tебе такі боль? – Tы Мне прычыніш такі боль, калі выйдзеш з гэтага Ордэна. Сюды Я цябе паклікаў, а не куды-небудзь яшчэ, і падрыхтаваў мноства ласкаў для цябе” (Дз. 19). Сястра папрасіла прабачэння ў Хрыста і ў той жа момант змяніла прынятае рашэнне.
    2. Пры жыцці манахіня была ўзнагароджана вялікімі Божымі ласкамі: дарам сузірання, бачаннямі, адкрыццямі, утоенымі стыгматамі, дарам прароцтва і “чытаннем” у душах людзей, дарам містычных заручын.
    3. Калі ў манастыры стала вядома пра аб’яўленні сястры Фаустыны, іншыя сёстры пачалі скептычна ставіцца да яе: адны папярэджвалі, каб яна не паддавалася ілюзіям, іншыя прыгаворвалі, што яна істэрычка і выдумшчыца, а некаторыя з павагай казалі, што яна, па ўсёй верагоднасці, блізкая Езусу, калі з такім спакоем пераносіць столькі пакут.
    4. Сястра засталася незадаволенай напісаннем абраза Езуса Міласэрнага. Вярнуўшыся ў манастырскую капліцу, яна паскардзілася Хрысту: “Хто Цябе напіша такім выдатным, якім Ты ёсць? У адказ пачула: Не ў харастве фарбаў або пэндзля заключаецца веліч гэтага абраза, а ў Маёй ласцы” (Дз. 313).
    5. “Дзённік”, вядомы сёння ва ўсім свеце, сястра Фаустына вяла апошнія 4 гады жыцця.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.