ГРОДНА
Нядзеля,
19 мая
2024 года
 

Крупава

Парафіі і святыні

Дэканат Ліда
Гэта адна з самых старэйшых парафій Лідскага дэканата, толькі да ІІ Сусветнай вайны яна называлася проста Крупа. Касцёл у гонар Найсвяцейшай Тройцы быў заснаваны тут у 1460 г. па фундацыі ўдавы Ганны Давойнавай, якая такім чынам выканала “волю мужа нябожчыка Івашкі”. Яе дочкі Алена і Ульяна далучыліся да фундацыі, а вось сын Пётр быў чамусьці супраць. Затое ўжо дачка Пятра Ганна, па мужу Радагольская, у 1545 г. памножыла фундуш сваёй бабкі. У сярэдзіне XVI ст. пры касцёле дзейнічала альтарыя. Аднак у другой палове XVI ст. парафія страціла самастойнасць, і мясцовы касцёл у якасці філіяльнага быў прыпісаны да парафіі лідскай фары.
    У 1766 г. у маёнтку Крупа, які належаў тады маршалку лідскаму Нарбуту, была пабудавана капліца.
    У 1777 г. у касцёле было чатыры алтары: галоўны – Найсвяцейшай Тройцы, бакавыя – Маці Божай з абразом, намаляваным у рускім стылі, і св. Яна Непамука, а таксама прысценны алтар у гонар св. Яна з Падуі (так напісана ў інвентары, але гэта, хутчэй за ўсё, памылка і маецца на ўвазе св. Антоній).
У ХІХ ст. святыня згадваецца як філія Лідскай фары ў маёнтку Шукевічаў: драўляная, абшытая ў 1851 г. дошкамі, крытая гонтай. У святыні тры алтары: галоўны – Найсвяцейшай Тройцы, бакавыя – Маці Божай і св. Юзафа. Касцёл стаяў на ўзвышшы парафіяльных могілкаў, там, дзе зараз узвышаецца на пастаменце фігура Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Верагодна, падчас савецка-польскай вайны 1920 г. драўляны касцёл быў знішчаны. Новы ж вырашылі будаваць ужо з каменю. У 1922 г. інжынер Е. Кулеш склаў праект святыні, падпісаны 28 снежня. Праект быў зменены толькі трошкі – так і не былі пабудаваны вулічная статуя Маці Божай і капліца Пана Езуса, і арыентацыя алтара з паўднёва-заходняй (уваходам перпендыкулярна да дарогі Ліда – Валдацішкі) зменена на паўднёва-ўсходнюю (алтаром на Ліду). У астатнім касцёл цалкам адпавядае задумцы дойліда. Гэта аднавежавая святыня з рысамі неарамантычнага стылю.
    Будаўніцтва пачалося ў 1925 г. і вялося намаганнямі кс. Юзафа Сабалеўскага. У 1928 г. будаўніцтва новага касцёла было завершана. 28 мая святыню пад гістарычным тытулам кансэкраваў віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі, і ў Крупе адрадзілася самастойная парафія. Колькасць парафіян перад ІІ Сусветнай вайной дасягала 4000 вернікаў.
    У той жа дзень арцыбіскуп асвяціў і касцёльныя званы. Звон “Рыгор” застаўся са старога касцёла, а астатнія чатыры былі адліты ў Германіі: самы вялікі – “Бернардэм” – на сродкі парафіян, меншы – “Францішак” – на грошы Фердынанда Эйсманта, “Юзаф” – на сродкі пробашча кс. Ю. Сабалеўскага і самы малы – “Павел”.
    Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ўяўляе сабою аднавежавы трохнававы храм з трансептам і пяціграннай апсідай, фланкаванай дзвюма сакрыстыямі. Уваход пазначаны трох’яруснай чацверыковай шатровай вежай-званіцай. Накрыты касцёл двухсхільным бляшаным дахам з вальмамі над апсідай. Над алтаром дах завяршае невялікая сігнатурка.
    Інтэр’ер, перакрыты падшыўной дашчанай каробчатай столлю са “сляпым” купалам над сяродкрыжжам, упрыгожваюць тры двух’ярусныя драўляныя разьбяныя алтары ў неагатычным стылі. У цэнтры галоўнага алтара змешчаны абраз Найсвяцейшай Тройцы ў атачэнні фігур св. Юзафа і Маці Божай Ружанцовай, у другім ярусе – абраз св. Антонія. Левы бакавы алтар прысвечаны Маці Божай Вострабрамскай (наверсе абраз св. Тэрэзы ад Крыжа), правы – Найсвяцейшаму Сэрцу Пана Езуса (наверсе абраз св. Францішка з Асізі). Над уваходам знаходзяцца арганныя хоры, якія абапіраюцца на два слупы. Касцёл дзейнічаў і пры савецкай уладзе, хоць часам без сталага пробашча. Дзейнічае таксама і сёння.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  227

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.