ГРОДНА
Серада,
21 лютага
2024 года
 

Католік і вера ў гараскопы

Хрысціянская думка

Сёння вельмі часта, на жаль, можна сустрэць лю-дзей, якія лічаць сябе хрысціянамі, католікамі, кажуць, што не прывязаны да гараскопаў, але часам чытаюць іх проста так, таму што няма чым заняцца, і некаторыя напісаныя там рэчы ўспрымаюць за праўду. Як жа быць у такой сітуацыі? Як увогуле хрысціянін католік павінен адносіцца да гараскопаў і да ўсяго таго, што з імі звязана?
    Гараскопы самі па сабе з’яўляюцца часткай астралогіі, якую яе прыхільнікі часта называюць навукай. Аднак на самой справе яна не мае нічога агульнага з навукай і з агульнымі метадамі, характэрнымі для розных навук. Нават некаторыя вядомыя энцыклапедыі (нп. Encyclopaedia Britannica) называюць астралогію магічнай практыкай, заснаванай на метадах, якія супярэчаць навуковым. Трэба заўсёды памятаць, што астралогія і астраномія – гэта не адно і тое ж.
Галоўная задача астралогіі – назіранне за небам, зоркамі, нябеснымі целамі і жаданне растлумачыць іх уздзеянне на жыццё канкрэтнага чалавека. Паводле гісторыі, гэтая тэорыя з’явілася ў старажытнававілонскай традыцыі і была сцісла звязана з язычніцтвам. Астролагі ясна і канкрэтна гаварылі аб тым, што жыццё кожнага чалавека залежыць ад таго, пад якім знакам задыяка ён нарадзіўся, і ад месца знаходжання нябесных цел у гэты момант. Таму сёння таксама пры дапамозе гараскопаў, якія складваюцца ў залежнасці ад знаходжання зорак на небе, нам хочуць адкрыць нашу будучыню, тое, што нас чакае і што мы павінны рабіць, каб дасягнуць нечага ў сваім жыцці.
    З аднаго боку, напэўна, трэба згадзіцца, што нашае жыццё залежыць ад некаторых нябесных цел, напрыклад, ад Сонца і Месяца. Бо калі б Сонца перастала перадаваць сваё цяпло альбо ўвогуле пагасла, жыццё на планеце Зямля знікла б. Ці калі б, напрыклад, на нашу планету ўпаў вялікі астэроід, несумненна здарылася б катастрофа. Але цяжка ўявіць, як размяшчэнне зорак на небе можа паўплываць на наша асабістае жыццё, на адносіны з блізкімі людзьмі, на наша матэрыяльнае становішча ці на тое, што хтосьці сустрэне жыццёвы поспех або нават – ці ж не абсурд – будучага сужэнца. Калі астралогія сцвярджае залежнасць чалавечага лёсу ад зорак і планет, то што будзе з усёй астралагічнай тэорыяй, калі інфармацыя аб нядаўнім адкрыцці навукоўцамі новай планеты ў сонечнай сістэме будзе пацверджана на сто працэнтаў? Ці будуць прызнаны непраўдзівымі ўсе напісаныя дагэтуль гараскопы, якія не бралі пад увагу гэтай планеты? Альбо будзе прыдумана іншае апраўданне?
    Можа здавацца, што ў гараскопах няма нічога супярэчлівага з нашай верай. Але на самой справе яны супярэчаць, у першую чаргу, таму, што Бог стварыў нас свабоднымі і даў магчымасць свабодна выбіраць. Згодна з астралогіяй, наша жыццё залежыць не ад Даўцы жыцця, а ад знаходжання зорак на небе і знака задыяка. Астралагічныя практыкі, у тым ліку і гараскопы, не маюць нічога агульнага з хрысціянствам і выраслі з язычніцтва. Менавіта ў гэты момант трэба задаць сабе пытанне: “Кім я на самой справе з’яўляюся?”. Бо нельга быць хрысціянінам толькі ў некаторых справах, а ў іншых быць кімсьці іншым. Прыгадваюцца словы з Кнігі Апакаліпсіса св. Яна: “Ведаю твае справы: ты ні халодны, ні гарачы. О, калі б ты быў халодны ці гарачы! Але таму, што ты цёплы, а не гарачы і не халодны, выплюну цябе з вуснаў Маіх” (Ап 3, 15–16).
    Пацвярджэнне нязгоднасці астралогіі з верай у Бога мы можам знайсці ўва многіх фрагментах Святога Пісання. Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на фрагмент са Старога Запавету, дзе чытаем: “Ты стомлена мноствам дарадчыкаў тваіх: няхай жа выступяць назіральнікі нябёс і звездары, і прадказальнікі па маладзіках, і ўратуюць цябе ад таго, што мае прыпасці табе. Вось яны, як салома: агонь спаліў іх. Не збавілі душы сваёй ад полымя; не засталося вугалю, каб пагрэцца, ні агню, каб пасядзець каля яго. Такімі зрабіліся табе тыя, з кім ты працавала, з кім вяла гандаль з маладосці тваёй. Кожны пайшоў у свой бок, ніхто не ратуе цябе” (Іс 47, 13–15). На гэтую тэму выказваліся таксама Айцы Касцёла. Вельмі ясна гаворыць аб гэтым св. Аўгусцін: “Сядзяць і лічаць зоркі, прасторы, бег, абароты, вывучаюць рухі, апісваюць, робяць вывады. Здаюцца вялікімі вучонымі. Уся гэтая вялікасць і вучонасць – гэта абарона граху. Будзеш чужаложцам, бо такая твая Венера; будзеш забойцам, бо такі ў цябе Марс. Да таго ж, забойцам з’яўляецца твой Марс, а не ты. Венера чужаложыць, а не ты. Глядзі ж, каб ты не быў асуджаны замест Марса ці Венеры” (Св. Аўгусцін, Enarrationes in Psalmos, 140, 9).
    Важна не забывацца, што кожны з нас сам выбірае, у якім кірунку пайсці: далей думаць, што наша жыццё залежыць ад таго, пад якім знакам мы нарадзіліся, ці памятаць аб тым, што толькі Бог даў нам жыццё і паслаў Свайго Сына, які з’яўляецца Дарогай, Праўдай і Жыццём. Трэба быць альбо гарачым, альбо халодным (параўн. Ап 3, 15–16).

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  314

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.