ГРОДНА
Пятніца,
26 красавіка
2024 года
 

Вялікі пост і міласэрнасць

Слова рэдактара

Наперадзе Вялікі пост – перыяд, калі разам з Езусам мы будзем перажываць самую вялікую таямніцу хрысціянства. На працягу сарака дзён мы разам з Хрыстом будзем несці крыж, ідучы на сваю Галгофу. Час Вялікага посту перамяняе сэрцы тысяч вернікаў. Хрысціянскі свет напаўняецца ўдзячнасцю Богу, які аддае жыццё за кожнага чалавека, адкрываючы перад намі брамы неба.
Няма лепшай нагоды, як менавіта ў гэты час паразважаць аб міласэрнасці. Адчуваючы вялікую Божую ахвяру, мы ўсведамляем веліч Божай любові да кожнага з нас. Варта таксама падумаць аб міласэрнасці сярод людзей навокал, у нашым жыцці і ў сучасным свеце. Абвяшчаючы Год міласэрнасці, папа Францішак прыгадаў: “Няхай Вялікі пост у Юбілейным годзе будзе пражыты яшчэ больш інтэнсіўна, як важны момант, каб цэлебраваць міласэрнасць Бога і спазнаваць яе”. А ў сваім пасланні на сёлетні Вялікі пост Папа дадае: “Божая міласэрнасць змяняе сэрца чалавека і дазваляе яму адчуць верную любоў, робячы і яго здольным на міласэрнасць. Цудам, які ўвесь час аднаўляецца, з’яўляецца той факт, што Божая міласэрнасць можа асвяціць жыццё кожнага з нас, пабуджаючы любіць бліжняга і рабіць тое, што традыцыя Касцёла называе ўчынкамі міласэрнасці для цела і душы”.
На пачатку велікапоснага перыяду варта задаць сабе некалькі пытанняў наконт таго, ці здольны мы перажыць гэты час больш інтэнсіўна, ці можа ён быць для нас важным перыядам, або гэта проста чарговы Вялікі пост, які мы перажывём без усялякіх змен? Варта ўжо на самым парогу чарговага літургічнага перыяду падумаць пра вялікую любоў Хрыста да кожнага з нас, адчуць Божую міласэрнасць у сакраманце споведзі, перажыць блізкасць Бога падчас святой Імшы і Камуніі, разам з Хрыстом узяць крыж і накіравацца да брам збаўлення, у неба. Варта ўжо на самым пачатку перажыць сваё асабістае навяртанне, прыгадваючы ўчынкі міласэрнасці для душы і цела.
    Пад канец гэтага кароткага разважання хацелася б яшчэ раз звярнуцца да паслання Папы, у якім ён заахвочвае кожнага з нас: “Для ўсіх Вялікі пост у гэтым Юбілейным годзе з’яўляецца спрыяльным момантам, каб урэшце выйсці з адчужэння праз слуханне Божага слова і ўчынкі міласэрнасці. Праз учынкі для цела мы дакранаемся да цела Хрыста ў братах і сёстрах, якім неабходна, каб іх накармілі, адзелі, прынялі ў дом і адведалі, а праз духоўныя ўчынкі – даванне парад, павучанне, дараванне крыўды, настаўленне і малітву – мы больш непасрэдна дакранаемся да нашай уласнай грэшнасці. Таму ўчынкаў для цела і душы ніколі нельга аддзяляць ад сябе”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  250

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.