ГРОДНА
Чацвер,
18 красавіка
2024 года
 

Дакрануцца да таямніцы паклікання

На службе Богу

На заканчэнне пастарскага года кансэкраваныя асобы атрымалі з рук біскупа сімвалічныя свечкі

2 лютага ў Паўсюдным Касцёле завяршыўся Год кансэкраванага жыцця, абвешчаны папам Францішкам з нагоды 50-годдзя саборнага дэкрэта “Perfecta caritatis” аб аднаўленні манаскага жыцця.
    Касцёл перажываў мінулы пастарскі год пад дэвізам “Узрадаваўся дух мой”. Нанова адкрывалі сваё пакліканне асобы, якія прысвяцілі сябе служэнню Богу, а вернікі мелі магчымасць глыбей спазнаць багацце іх харызмаў і працы.
У газеце “Слова Жыцця” чытачам было прапанавана “дакрануцца” да таямніцы паклікання кансэкраваных асоб Гродзенскай дыяцэзіі, прайшоўшы разам з імі гэты няпросты, але поўны Божай ласкі шлях. Героі артыкулаў дзяліліся сваімі ўспамінамі, перажываннямі, марамі. Кожнае сведчанне – непаўторнае. У кожнай гісторыі – цуд Божага Промыслу.
Чым так запомніліся выступоўцы?
    Сястра Філатэя CSFN горача прасіла Бога, каб брат сустрэў дзяўчыну, з якой створыць сям’ю. Тады Ён зможа яе забіраць, бо бацькі будуць спакойныя, што дачакаюцца ўнукаў, якіх вельмі хацелі.
    Сястра Элігія CSBMVM засталася ў памяці “дзіцём за пакуту”. Падчас місій яе бацька прыступіў да сакраманту споведзі і атрымаў незвычайнае заданне: у сям’і павінна нарадзіцца яшчэ адно дзіця. Сваё ўступленне ў манастыр сястра расцаніла як запрашэнне, на якое адказала згодай.
    Айцец Мар’ян CSMA прыняў святарскае пасвячэнне з рук святога Яна Паўла II. Марыў выехаць на місіі ў Папуа-Новую Гвінею, але з-за сур’ёзнай траўмы быў вымушаны адмовіцца ад гэтай задумы.
    Сястра Аліцыя SSND пры паступленні ва ўніверсітэт, на дзіва, не здала экзамен, які ведала лепш за ўсё. Хацела працаваць бібліятэкарам.
    Сястра Караліна SSND марыла стаць настаўніцай. Але выкладаць не проста прадмет, а штосьці асаблівае.
    Айцец Пётр CSMA вучыўся на повара і спадзяваўся на бласлаўленне маці. Не дачакаўшыся, пайшоў у семінарыю, бо ўсё жыццё марыў стаць манахам і святаром. Сястра Іерамія CSFN была адной з першых у Беларусі сясцёр назарэтанак, якія прыйшлі ў супольнасць адразу з-за школьнай лавы.
    Сястра Агнешка SSND адчувала сябе самай шчаслівай, калі ў парафіяльным касцёле ёй даручылі пераключаць слайды падчас Імшы. Вера “для бабулі” перарадзілася ў сапраўдную і глыбокую.
    Айцец Андрэй CSsR не закончыў Інстытут сучасных ведаў – адказаў на голас паклікання і прыняў рашэнне стаць місіянерам.
    Сястра Лілія CSSBMVI малілася да Бога з просьбай блаславіць яе на стварэнне добрай сям’і. Але прарок Ісая накіраваў дзяўчыну праз Біблію іншым шляхам.
    Айцец Антоній OFMConv думаў паступаць у Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў. У выніку займаецца ўнутранымі справамі вернікаў, якія прагнуць святарскай дапамогі. Айцец Дзмітрый CSsR хацеў быць вадзіцелем, як бацька. Моцна маліўся аб распазнанні паклікання. У выніку паступіў у семінарыю, патлумачыўшы свой выбар тым, што хоча служыць Богу і людзям.
    Сястра Зоя ISSM марыла іграць у аркестры і гадаваць пяцёра дзяцей. Падчас небяспечнай аперацыі яе маці горача прасіла ў Бога: “Няхай будзе ўсё, што хочаш, толькі каб дачка не памерла”. І стала паводле Яго волі.
    Сястра Тэрэза CSFN працавала ў атэлье, але ўвесь час адчувала ўнутры сябе моцную Божую любоў і па магчымасці імкнулася на яе адказаць.
    Айцец Андрэй CSsR вырашыў стаць рэдэмптарыстам пасля знаёмства з клерыкамі, якія прыязджалі дапамагаць у будаўніцтве парафіяльнага касцёла.
    Сястра Вольга CSFN паступала ў медінстытут, але Божымі шляхамі трапіла ў кляштар. Айцец Казімір OMI яшчэ ў дашкольным узросце любіў бавіцца “ў ксяндза”. Жаданне быць святаром ажывіла сустрэча з дэмаралізаванай моладдзю.
    Айцец Яўген OFMConv збіраўся да пробашча за характарыстыкай на журналіста, а папрасіў, каб яго прынялі ў ордэн.
    Айцец Віталій SChP марыў працаваць з маладымі людзьмі і насіць бараду. Айцец Эдуард CSsR вучыўся на будаўніка. Але Бог прапанаваў яму нешта іншае – будаваць моцную веру ў сэрцах людзей.
    Усе гэтыя гісторыі аб’ядноўвае адно – давер Усявышняму, у якога на кожнага маецца свой план. Гэтыя людзі на 101% ахвяравалі сваё жыццё Богу і людзям. Дзякуючы ім, мы шырэй адкрылі для сябе Бога. Упэўніліся ў тым, што Ён нас вельмі моцна любіць. Нават болей, чым мы самі. Ён асцярожна адкрывае сэрца і пранікае ў душу. Вучыць адкрытасці на бліжніх. Для пераадолення цяжкасцей адорвае ласкай. Яму варта аддаваць усё. За поўны давер без усялякіх чаканняў Бог узнагароджвае стакратна. На Яго заўсёды можна спадзявацца. Гэта цярплівы Айцец, які выхоўвае да святасці і дазваляе сябе любіць.
    Бог заўсёды павінен быць на першым месцы – Каралём жыцця чалавека. Для Яго варта рабіць нешта большае. У той жа час не мы выбіраем Бога, а Ён выбірае нас. І ніколі не памыляецца. А кожны, хто шукае Бога, знойдзе Яго. І ніколі ўжо не заблукае, калі будзе размаўляць з Усявышнім. Тлустую рысу падвёў апошні герой рубрыкі “На службе Богу” айцец Эдуард CSsR, які заўважыў, што Бог – гэта найбольшая і найлепшая таямніца, якую кожнаму з нас не спазнаць да канца жыцця...
    Шчырая падзяка ўсім, хто ўдзельнічаў у гэтым займальным падарожжы. Спадзяёмся, яно было цікавым і карысным для абодвух бакоў.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  258

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.