ГРОДНА
Панядзелак,
15 ліпеня
2024 года
 

Бог – найбольшая і найлепшая таямніца

На службе Богу

айцец Эдуард ПяцельчыцСёння сваю гісторыю распавядае айцец Эдуард Пяцельчыц з Кангрэгацыі Найсвяцейшага Адкупіцеля.
Побач з Касцёлам
    Айцец Эдуард нарадзіўся ў Гродне ў каталіцкай сям’і. Тата працаваў вадзіцелем грузавіка, а мама – у бухгалтэрыі. Пазней яна пакінула прафесійную кар’еру і поўнасцю прысвяціла сябе сям’і, у якой выхоўвала дачку і чатырох сыноў.
    „Рэлігійныя вартасці заў-сёды мелі для маіх бацькоў вельмі вялікае значэнне ў выхаванні дзяцей”. Хлопец быў ахрышчаны ў адзіным дзейсным тады ў Гродне касцёле Адшукання Святога Крыжа ксяндзом інфулатам Міхалам Арановічам. У гэтым жа касцёле праз дзевяць гадоў ён упершыню прыступіў да сакраманту споведзі і св. Камуніі.
Будучы дзіцём, удзельнічаў у занятках катэхезы, якую праводзілі сёстры назарэтанкі. Пасля заснавання парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне на Дзевятоўцы развіццё рэлігійнага жыцця перанеслася туды. Ва ўзросце трынаццаці гадоў хлопец атрымаў там сакрамант хрысціянскай сталасці.
    „Мой жыццёвы шлях заўсёды прабягаў побач з Касцёлам. Па меры магчымасці я спрабаваў удзельнічаць у жыцці парафіі. Доўгі час быў міністрантам”.
    Але будучы маладым хлопцам айцец Эдуард ніколі не думаў, што можа быць як айцы рэдэмптарысты, якія служылі ў парафіі. У яго былі розныя планы на жыццё. Амаль як кожнае дзіця той эпохі, ён хацеў быць касманаўтам. З хуткасцю святла дзіцячыя мары міналі, і з’яўляліся новыя планы: вадзіцель, аўтамеханік і г.д.
   
    Пражыць жыццё добра
    Скончыўшы сярэднюю школу, хлопец паступіў у Гродзенскі політэхнічны каледж на спецыяльнасць будаўніка. Пасля доўга разважаў і ў 2005 годзе прыняў рашэнне паступаць у семінарыю рэдэмптарыстаў. Спярша прызнаўся аб сваім намеры катэхету, а толькі потым бацькам.
    “Я не магу сказаць, што пачуў голас: «Пакінь цэглу і раствор і ідзі ў манастыр». Так, хутчэй, не бывае ў жыцці. Пан Бог неяк падчас нашага жыцця дае пэўныя знакі, што памятае пра нас і прапануе штосьці іншае, чым мы сабе запланавалі. Думаю, што гэта таксама таямніца для нас, каб нікога не ахапіла пыха, каб мы пакорна схілілі галаву перад планам Бога на сваё канкрэтнае жыццё”.
    Тагачасны катэхет хлопца айцец рэдэмптатыст Станіслаў Станеўскі не перашкаджаў яму ў рашэнні ісці ў семінарыю, а наадварот, дапамог скантактавацца з айцом правінцыялам Варшаўскай правінцыі рэдэмптарыстаў і паразмаўляць з ім.
    “Бацькі таксама прынялі маё рашэнне. У гэтай сітуацыі іх мудрасць падказала вельмі важныя для мяне тады словы: «Гэта тваё адзінае жыццё, і ты павінен пражыць яго добра». Думаю, калі маеш такія словы ў сэрцы, гэта матывуе да іх рэалізацыі”.
   
    Цудоўны час пазнання
    У 2005 годзе хлопца прынялі ў ВДС рэдэмптарыстаў. Першыя два гады ён правёў у Кракаве. Гэта быў час пастуляту і адначасова вывучэння філасофіі. Пасля гэтага ён быў дапушчаны да навіцыяту. 15 жніўня 2008 года склаў першыя манаскія абяцанні. Пасля іх распачаў вывучэнне тэалогіі ў ВДС рэдэмптарыстаў у Тухаве.
    “Гэта быў цудоўны час пазнання розных людзей, асоб, каталіцкіх абрадаў і нацыянальнасцей. Са мной на курсе вучыўся брат са Славакіі грэка-каталіцкага абраду. Семінарыя міжнародная, і таму ўсё гэта было магчыма”.
    15 жніўня 2011 года склаў вечныя манаскія абяцанні. Праз некалькі месяцаў стаў дыяканам. Гэтую паслугу яму ўдзяліў у Гродне ў парафіяльным касцёле на Дзевятоўцы ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч. Праз год 26 мая прыняў святарскія пасвячэнні ў Тухаве з рук ксяндза арцыбіскупа Чэлесціна Мільёрэ, Апостальскага нунцыя ў Польшчы.
   
    Па меры магчымасцей
    Першай пляцоўкай айца Эдуарда стаў Шчэцінэк у Заходнепаморскім ваяводстве ў Польшчы, дзе ён працаваў вікарыем у парафіі. Хадзіў у школу на катэхезу, быў адказны за моладзь, служыў у парафіі. Пасля двух гадоў побыту ў Шчэцінку быў пасланы на гадавы рэкалекцыйна-місійны курс у Люблін. У мінулым годзе скончыў яго і дэкрэтам айца правінцыяла быў накіраваны ў родную парафію ў Гродна.
    З сярэдзіны ліпеня мінулага года айцец Эдуард служыць у парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы. З’яўляецца катэхетам, займаецца з дзецьмі і старэйшай моладдзю. Таксама па меры магчымасцей спрабуе прымаць удзел у рэкалекцыйна-місійнай працы. Гэта цяжка рэалізаваць, паколькі патрэбы парафіі вельмі вялікія, але ўдаецца.
    “Кім для мяне з’яўляецца Бог? Ужо столькі мудрых людзей спрабавалі адказаць на гэтае пытанне, але на шчасце ім не ўдалося. Я ўпэўнены, што не ўдасца і мне. Заўсёды, калі чую гэтае пытанне, хачу прамаўчаць, бо што б я ні сказаў, гэта заўсёды здаецца вельмі слабым. Для мяне Бог з’яўляецца найбольшай і найлепшай таямніцай, якую я штодзённа спрабую неяк ухапіць, але толькі бачу ў гэтым сваю мізэрнасць. У гэтай таямніцы я магу толькі прыняць тыя дары, якімі Ён мяне адарыў, але не магу іх затрымаць. Калі Бог дае мне іх, значыць я пакліканы да таго, каб дзяліцца імі з іншымі”.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.