ГРОДНА
Пятніца,
19 красавіка
2024 года
 

Няцеч

Парафіі і святыні

niecieczДэканат Ліда
Касцёл, першапачаткова асвечаны пад тытулам Пана Езуса, быў заснаваны тут у 1715 г. лоўчым Калушэўскім, дзедзічам Няцечы. Апошні будынак святыні, асвечаны пад тытулам Міхала Арханёла, пабудаваны з дрэва на цагляных пабеленых слупах на старых могілках у 1837 г. (капітальна перабудаваны, а на ўваходным камяні-прыступку перад дзвярыма ў сакрыстыю адзначаны 1821 год) у стылі класіцызму маршалкам Станіславам Ласковічам, лідскім павятовым старастам. Святыня дзейнічае і сёння. Да 1860-х гг. пры касцёле існавала парафіяльная школа, а таксама шпіталь, які фундавалі Францішка Буржымоўская, кс. Носевіч і кс. Сіпайла. Да гэтага ж часу існавала і капліца на могілках.
    Касцёл пабудаваны ў цэнтры вёскі, арыентаваны алтаром на ўсход. Святыня прамавугольная ў плане з трохграннай алтарнай часткай, перакрытая двухсхільным металічным дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе чатырохкалоннага порціка (тут слупы круглыя ў сячэнні), кампазіцыя завершана невялікай двух’яруснай вежачкай над уваходам і сігнатуркай над прэсбітэрыем.
Унутраная прастора па-дзелена чатырма слупамі на тры навы, цэнтральная з якіх (а таксама і паніжаны прэсбітэрый) перакрыта цыліндрычным падшыўным дашчатым скляпеннем, бакавыя навы – плоскай падшыўной столлю. Унутраныя перагародкі вылучаюць у алтарнай частцы дзве сіметрычныя сакрыстыі. Інтэр’ер упрыгожваюць тры алтары. Галоўны алтар уяўляе сабою велічны барокавы табернакль у атачэнні фігур святых Антонія і Юзафа, над ім змешчаны абраз Святой Сям’і. Бакавыя алтары трактаваны як дзвюхкалонныя мураваныя дарычныя порцікі, левы – Маці Божай Вастрабрамскай, правы – Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса. Над уваходам зроблены хоры на двух слупах.
    Касцёльны ўчастак абнесены бутавай агароджай з уваходнай брамай у выгля-дзе чатырох цагляных атынкаваных слупкоў. Злева ад касцёла, у куце ўчастка, стаяла двух’ярусная драўляная званіца, якую ў першай трэці ХХ ст. змяніла цагляная і атынкаваная, трох’ярусная, накрытая чатырохсхільным дахам з глаўкай. Перад касцёлам у 1990 г. айцы рэдэмптарысты ўсталявалі высокі драўляны вулічны крыж.
    Перад ІІ Сусветнай вайной парафія налічвала амаль 4000 вернікаў. У 1943 г. фашысты расстралялі мясцовага пробашча кс. Аляксандра Аўгусціновіча разам з іншымі васьмю каталіцкімі святарамі з ваколіц Ліды. Пасля вайны касцёл быў зачынены. Вернуты парафіянам у 1989 г. У 1990 г. святыню, ужо аб’яўленую помнікам архітэктуры, рэстаўрыравалі намаганнямі тагачаснага пробашча навагрудскай парафіі, а цяпер біскупа Антонія Дзям’янкі.
    Да парафіі па-ранейшаму належыць капліца ў в. Бахматы. Цікава мясцовая традыцыя будаўніцтва прыдарожных каплічак на ўчастках перад хатамі ў выглядзе драўляных слупкоў з завяршэннямі “домікамі” з укрыжаваннем ці фігуркай Маці Божай.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.