ГРОДНА
Аўторак,
23 красавіка
2024 года
 

Радасць жыцця з Езусам

Слова рэдактара

Апошнім часам складваецца такое ўражанне, што людзі маюць усё менш нагод для радасці. Штодзённае жыццё, поўнае абавязкаў, клопатаў і цяжкасцей, не дадае чалавеку аптымістычнай надзеі на лепшае заўтра. Умовы, якія мы стараемся ствараць адзін аднаму, не суцяшаюць, а таму і прычын, каб радавацца, усё менш. Больш таго, мы забываемся, што ў Касцёле такіх прычын для радасці ёсць вельмі шмат, можна нават сказаць, што Касцёл з’яўляецца своеасаблівым асяроддзем радасці, якая дазваляе чалавеку “лётаць” па зямлі. Якую радасць я маю на ўвазе?
Перш за ўсё, варта ўсвядоміць, што Касцёл – гэта не тэатр і не цырк, а святая Імша – не прадстаўленне.Але разам з тым Касцёл не з’яўляецца месцам катаванняў ці накладання на сябе пакаяння. Касцёл – гэта асаблівае месца радаснай сустрэчы з Езусам. Менавіта такой павінна быць сустрэча Збавіцеля з чалавекам, які не знаходзіць лепшай прычыны для радасці, акрамя выратавання свайго жыцця, сваёй душы ад таго, што знявольвае, падпарадкоўвае, не дае нагод для радасці. Менавіта ў стане граху чалавек ніколі не адчуе сапраўднай радасці, ніколі не будзе вольны, ён заўсёды падпарадкаваны д’яблу. Знаходзячы Хрыста ў святыні, кожны з нас знаходзіць радасць для жыцця, для лепшага заўтра.
    Сустрэча з Хрыстом можа даць нам яшчэ адну з галоўных каштоўнасцей – радасць, нібы звычайную чалавечую радасць, але наколькі важную. Чалавек павінен цешыцца сустрэчай з Хрыстом, быць задаволеным сваім жыццём і сваімі дзеяннямі.
Гэтая радасць праяўляецца ў добрым настроі, добразычлівасці да ўсіх, асабістай культуры і г.д. Святы Тамаш сцвярджае, што чалавек павінен быць радасным і ўмець адпачываць, і тады ён будзе спагадлівы адносна іншых і будзе добра працаваць.
    Езус нарадзіўся ў бэтлеемскай стайні, каб прынесці чалавецтву радасць. Аб гэтым узгадвае падчас аднаго са свах разважанняў папа Францішак: “Чалавечае сэрца прагне радасці. Кожная сям’я, кожны народ імкнецца да шчасця. Але што гэта за радасць, перажываць якую і сведчыць аб якой пакліканы хрысціянін? Гэта радасць, якая паходзіць з блізкасці Бога, з Яго прысутнасці ў нашым жыцці. З моманту, калі Езус увайшоў у гісторыю праз сваё нараджэнне ў Бэтлееме, чалавецтва атрымала зярнятка Божага Валадарства, як глеба, на якую кінута зерне, што абяцае будучы ўраджай. Ужо не трэба шукаць дзесьці яшчэ! Езус прыйшоў, каб прынесці радасць усім і назаўсёды”.
   
    Калі чалавек паспрабуе адчуць блізкасць Бога, Яго прысутнасць у жыцці кожнага з нас, жыццё скла-дзецца лепш, будзе больш нагод для радасці.
    Давайце паспрабуем знайсці ў Касцёле радасць, у Евангеллі – надзею, а ў Хрысце – збаўленне.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

white
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  253

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.